Паляванне на мядзведзяў было забаронена ў Беларусі ў 1930-я гады. У 1981 годзе звер быў занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Яна аднаўляецца адзін раз на 10 гадоў. 31 сакавіка 2025-га ўступіў у сілу адноўлены спіс рэдкіх і знікаючых відаў дзікіх жывёлін і дзікарослых раслін, зацверджаны Міністэрствам прыроды і аховы навакольнага асяроддзя. Спіс скарэктаваны з улікам бягучай сітуацыі.
Згодна з папярэднім дакументам, буры мядзведзь адносіўся да першай катэгорыі нацыянальнай прыродаахоўнай значнасці як жывёла, якая знаходзіцца на мяжы знікнення. Цяпер, не выключыўшы яго з Чырвонай кнігі, яго аднеслі да чацвёртай катэгорыі значнасці як патэнцыяльна неабароненую жывёлу.
Згодна з Указам Прэзідэнта № 420 ад 18 лістапада 2024 года, які ўступіў у сілу 21 мая гэтага года і якім дазваляецца паляванне на мядзведзяў і рысяў, здабыча магчыма «ў асобым рэжыме». Ён дазволіць рэгуляваць колькасць гэтых жывёл. Рамкі ўстанаўлівае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.
Тэрмінавыя межы палявання на мядзведзя — з 1 ліпеня да 31 снежня ўключна.
Падлічылі — уразіліся
Работу па ўліку колькасці мядзведзяў вядуць, беручы пад увагу іх біялагічныя асаблівасці. Арэал і плошча пражывання жывёл залежаць ад стану кармавой базы. У пошуках ежы таўстапятыя схільныя да сезонных міграцый, вандруюць да 100–150 кіламетраў. Пры гэтым іх могуць улічыць розныя карыстальнікі паляўнічых угоддзяў. Але нават улічваючы гэта, фактычнае становішча ўражвае. Яшчэ ў 2010 годзе ў Беларусі налічвалася 120-130 асобін мядзведзяў, і гэта лічба была больш ці менш стабільнай. Але да 2024 года яна вырасла ў разы.
Колькасць бурых мядзведзяў у Беларусі набліжаецца да 900. У Віцебскай вобласці, па экспертнай ацэнцы, яна перавышае 680 асобін, па анкетных даных — даходзіць да 880. У лясах паўночнага рэгіёна сканцэнтравана каля 75 % усёй беларускай папуляцыі гэтага віду.
Старшыня абласной арганізацыйнай структуры РДГА «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» Алег Гарбачэўскі адзначыў, што найбольш шчыльна населены мядзведзямі рэгіёны, якія мяжуюць з Расійскай Федэрацыяй, а таксама наваколле Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Засяліліся яны там, калі ў суседзяў бушавалі буйныя лясныя пажары. У нашай мясцовасці мішкі «аселі» па прычыне адсутнасці фактараў знешняга неспакою і за наяўнасцю добрай кармавой базы. Фота- і відэаздымка, а таксама візуальнае назіранне зафіксавалі, што мядзведзіцы прыносяць і трох, і нават чатырох медзведзянят. Гэта наступствы прывольнага жыцця.

Мядзведзь — магутны, разумны і смелы звер, які не мае ў прыродзе сапернікаў, — стаў гаспадаром беларускіх лясоў на поўначы краіны. Яго распаўсюджанасць, блізкасць да населеных пунктаў і людзей прадстаўляе рэальную небяспеку.
Штодня ў сацыяльных сетках з’яўляюца відэа- і фотакадры з рэгіёнаў, якія сведчаць: таўстапятыя зусім побач і вядуць сябе даволі смела.
Зафіксаваны выпадкі канфліктных сітуацый: адно нападзенне мядзведзіцы з патомствам на жанчыну, гаспадаранне на пасеках, сутыкненні з цягніком і легкавым аўтамабілем... Пагадзіцеся: страшна, калі мядзведзь, няхай сабе і малады, падыходзіць да гаспадарчых пабудоў, туляецца па вёсцы.
— Абараніць людзей паляўнічыя не маглі па прычыне забароны на стральбу ў населеных пунктах. Да таго ж мядзведзь меў строгі ахоўны статус. Шумавыя прагоны значных вынікаў не давалі, — патлумачыў Алег Гарбачэўскі. — Але не варта думаць, быццам цяпер «усіх мядзведзяў пастраляюць». Звяры па-ранейшаму не маюць статусу паляўнічых жывёлін. Прайшла строгую экспертызу распрацаваная спецыялістамі Мінлясгаса інструкцыя па адабранню звяроў гэтага віду. НАН распрацавала план кіравання папуляцыяй, вызначыла, адабранне ў якім аб’ёме, у якой мясцовасці не парушыць яе, не прычыніць шкоды навакольнаму асяроддзю.
Станоўчыя бакі рэгулявання колькасці асобін заключаюцца ў тым, што іх выманне не будзе ўяўляць небяспеку для папуляцыі, паколькі дазваляецца толькі на пэўных тэрыторыях. Падстава — рашэнні карыстальнікаў паляўнічых угоддзяў паводле паказчыкаў колькасці, шчыльнасці і іншых умоў, разлічаных НАН. Да таго ж выманне дапаможа падтрымліваць у бурых страх перад чалавекам, а людзі будуць адчуваць сябе больш абароненымі.
Згодна з планам кіравання папуляцыяй мядзведзя, зацверджаным Міністэрствам прыроды і аховы навакольнага асяроддзя, вызначаны спіс абласцей і раёнаў, дзе магчыма
паляваць на таўстапятых. Улічана, што шчыльнасць асобін на 1 тысячу гектараў разліковай тэрыторыі пражывання складзе 0,6.
Да вышэйзгаданых раёнаў аднесены: Барысаўскі і Лагойскі на Міншчыне, а таксама Аршанскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Дубровенскі, Лепельскі, Лёзненскі, Сенненскі і Ушацкі —на Віцебшчыне.
Мядзведзь для Беларусі — новы, «умоўна паляўнічы» від жывёл. Будуць абмежаваны часовыя рамкі здабычы гэтага віду з улікам гону, цяжарнасці, выходжвання патомства. Ліміт установіць колькасць асобін звера, якую магчыма выняць з улікам полу, узросту, жыццёвых цыклаў.
Плата за дазвол паляваць на мядзведзя ўносіцца паводле факту яго здабычы.
Пра тое, сколькі яна складзе, і іншыя ўмовы, а галоўнае — пра захаванне тэхнікі бяспекі пры паляванні на такога небяспечнага звера, як мядзведзь, пойдзе гаворка на тэматычным рэспубліканскім семінары. Па ініцыятыве Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў мерапрыемства пройдзе 20 чэрвеня ў Докшыцах.
Месца міласэрнасці
Пакуль мужчыны наладжваюць сваю зброю, у віцебскім заапарку паспяхова ратуюць медзвядзіны маладняк. За апошнія чатыры гады сюды прывезлі семярых малых таўстапятых. Лічба ўражвае і ўскосна пацвярджае: у наваколлі іх багата. На той момант, калі сірот ва ўзросце каля месяца з Віцебскага, Докшыцкага, Сенненскага раёнаў знаходзілі, яны былі ў гаротным стане.
Старэйшых сястрычак, сёння трохгадовых Глашу і Дуняшу дырэктару заапарка Ірыне Арловай гадаваць было няпроста: не было вопыту, неставала грошай на будаўніцтва вальера. Матэрыяльна падтрымалі арганізацыі і жыхары горада над Дзвіной.

Праз два гады ў заапарк прывезлі браціка і сястрычку. Зноў пачаліся кругласутачныя кармленні, выхаванне свавольнікаў, догляд. Ягадку забралі ў Магілёўскі заасад, Дабрыня застаўся ў Віцебску. Яму, як і старэйшым самкам, пабудавалі ладны трывалы вальер з басейнам, цёплай бярлогай і вялізнымі цацкамі. Пачынаюць дэманстраваць наведвальнікам — прывучаць да чужых трэба пакрысе.
Сёлета ў заапарк трапілі ажно трое медзведзянят з розных памётаў. Іх удалося ўладкаваць у спецыяльная ўстановы ў Расіі.

Сёлета ў «ясельнай групе» віцебскага заапарка Ірына Арлова даглядала ажно трох медведзянят
— Калі экалагічныя службы будуць прывозіць да нас новых медведзянят, будзем ратаваць. Калі б была матэрыяльная магчымасць, можна было б стварыць прасторную рэкрэацыю накшталт кітайскага панда-парка, дзе б жылі мядзведзі, за імі б назіралі заолагі і наведвальнікі, — марыць Ірына Арлова. — Толькі недасведчаныя людзі могуць запытвацца, навошта наогул такія страшныя звяры, як мядзведзі? Той, хто любіць прыроду, ставіцца да яе ашчадліва, разумее, што Зямля — такі ж дом для жывёл, як і для людзей.
Калі экалагічная сістэма дазволіла, каб у яе ўпісаўся мядзведзь, дык на тое ёсць прычыны. Мядзведзі рэгулююць колькасць іншых жывёл, распаўсюджваюць насенне раслін, удзельнічаюць у кругазвароце рэчываў. Іх знікненне выклікала б значныя змены ў экасістэмах, што можа прывесці да згубы жывёл іншых відаў і парушэнню прыроднай раўнавагі.
Важна, каб адмена мараторыя на здабычу мядзведзяў дазволіла захаваць баланс паміж іх захаванасцю і бяспекай для людзей.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота Андрэя КАРАБЕЛЬНІКАВА