Top.Mail.Ru
79

З 1 студзеня 2026 года ўступілі ў сілу змены ў працэс пастаноўкі на ўлік для атрымання дашкольнай адукацыі

Празрыста, хутка і без лішніх клопатаў

«Сыну споўнілася паўтара гады, збіраюся афармляць яго ў дзіцячы садок, а тут адна матуля мне сказала, што нейкія змены ёсць. Сяджу ў дэкрэце, жыву ў райцэнтры, нічога не ведаю — ці горш зрабілі, ці лепш?..»

Тэма «маці і дзіця» — адна з тых, што найбольш часта абмяркоўваюцца ў сацсетках. Асабліва абмеркаванні падаграваюцца, калі з'яўляецца якая-небудзь навіна. Напрыклад, пра тое, што ўнесены змяненні ў працэс пастаноўкі на ўлік у дзіцячыя дашкольныя ўстановы. Тэму ў сацсетках, вядома, разагналі: «Зноў змены! Колькі можна мяняць?!» — «Калі не ведаеце, што за змены, навошта абураецеся?» — «Нам выхавальніца сказала, што цяпер усё будзе хутка і без праблем...»

Уладкаваць дзіця ў садок некалі было яшчэ той праблемай. Каб заняць чаргу і аддаць туды малога на момант выхаду на працу, у райвыканкам трэба было імчацца прама з радзільнага дома. Маладыя мамы і сёння перажываюць з гэтай нагоды. Збольшага і таму, што да пэўнай пары не турбуюцца пра пошук і атрыманне патрэбнай інфармацыі, якой сёння дастаткова на ўсіх рэсурсах. Пракаментаваць сітуацыю мы папрасілі галоўнага спецыяліста аддзела дашкольнай адукацыі Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Вольгу ЛЯШКОВІЧ. Для пачатку — аб агульных абавязковых правілах пры афармленні ў дзіцячы садок.

Абавязкова для ўсіх

— Дзіцячы садок могуць наведваць дзеці ад двух месяцаў да сямі гадоў, — тлумачыць спецыяліст Мінадукацыі. — На практыцы часцей за ўсё ясельныя групы камплектуюцца дзецьмі ад 1 да 2 гадоў (першая малодшая). Прыём дзяцей вядзецца на працягу ўсяго каляндарнага года, а залічэнне не прывязана да месца пражывання — можна трапіць у любую дашкольную ўстанову горада. Варта сачыць за тэрмінамі, таму што выдадзенае накіраванне дзейнічае на працягу 15 каляндарных дзён. Пры афармленні ў садок разам з накіраваннем абавязкова спатрэбіцца медыцынская даведка аб стане здароўя дзіцяці.

Новая сістэма — новыя магчымасці

Сёння працэдуры па пастаноўцы на ўлік і выдачы накіравання могуць ажыццяўляцца ў двух фарматах — як у мясцовым выканаўчым і распарадчым органе ў службе «адно акно», так і праз праграмны комплекс адзінага партала электронных паслуг «Е-Паслуга».

— Для таго каб гэтыя працэдуры ў 2026 годзе можна было ажыццяўляць у электроннай форме, Міністэрства адукацыі распрацавала інфармацыйную сістэму «Рэестр маючых патрэбу ў дашкольнай адукацыі», — гаворыць Вольга Ляшковіч. — Папярэдняя работа была маштабнай і сур'ёзнай. Каля 13 спецыялістаў былі задзейнічаны ў доследнай эксплуатацыі сістэмы — гэта прадстаўнікі абласных і раённых органаў улады, супрацоўнікі аддзелаў упраўленняў адукацыі, а таксама прадстаўнікі сельскіх выканаўчых камітэтаў. Восенню 2025 года мы падрыхтавалі каля 600 спецыялістаў для ўзаемадзеяння ў гэтай інфармацыйнай сістэме. З 1 студзеня 2026 года працэдуры па пастаноўцы на ўлік і выдачы накіраванняў сталі даступныя ў электроннай форме.

Як гэта працуе

Працэс паступлення дзіцяці ва ўстанову дашкольнай адукацыі складаецца з двух этапаў: пастаноўкі на ўлік для атрымання дашкольнай або спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі і пастаноўка на ўлік для атрымання дашкольнай або спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі і выдача накіраванняў у дзіцячыя садкі, уключаючы дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Прайсці гэтыя этапы сёння можна двума спосабамі.

— Калі мама, тата або законны прадстаўнік аддае перавагу асабістым зносінам, то трэба прыйсці з пашпартам і арыгіналам пасведчання аб нараджэнні дзіцяці ў службу «адно акно» мясцовага выканаўчага і распарадчага органа ўлады, — знаёміць з працэсам спецыяліст Мінадукацыі. — Там вам дапамогуць запоўніць заяву, у якой трэба пазначыць даныя бацькоў і дзіцяці, кантактную інфармацыю. Пры гэтым можна выбраць да трох дзіцячых садкоў, якія вам падыходзяць. Калі пры падачы заявы ў патрэбных вам дзіцячых садках свабодных месцаў не будзе, то выдадуць накіраванне ў іншы, суседні дзіцячы садок, дзе ёсць месцы ў групе адпаведнага ўзросту.

Важна ведаць: усе дзеці ў нашай краіне маюць роўныя правы на месца ў дзіцячым садку, льготы для асобных катэгорый сем'яў не прадугледжаны.

Другі варыянт — пастаноўка дзіцяці на ўлік праз партал «Е-Паслугі».

— Калі законны прадстаўнік ажыццяўляе неабходныя адміністрацыйныя працэдуры праз «Е-Паслугі», то ён запаўняе праз асабісты кабінет электроннага партала паслуг заяву ў электроннай форме, апавяшчэнне і накіраванне прыходзяць яму таксама ў электроннай форме і таксама ў асабісты кабінет.

Цяпер адміністрацыйная працэдура па пастаноўцы дзіцяці на ўлік займае адзін каляндарны дзень. Працэдура выдачы накіравання ў дзіцячы садок ажыццяўляецца на працягу трох каляндарных дзён. У залежнасці ад спосабу звароту законны прадстаўнік атрымае накіраванне альбо ў папяровай форме пры візіце ў службу «адно акно» альбо ў электронным выглядзе ў асабістым кабінеце.

Карта ў дапамогу

Палегчыць бацькам пошук свабодных месцаў у дзіцячых дашкольных установах дапаможа інтэрактыўная карта.

— На ёй маецца інфармацыя з усіх рэгіёнаў Беларусі, — тлумачыць Вольга Ляшкевіч. — Каб падабраць прыдатную ўстанову, дастаткова навесці курсор на значок дзіцячага садка. Ва ўсплываючым акне можна ўбачыць інфармацыю аб свабодных месцах, назве ўстановы і кантакты. Пасля таго як жаданае месца знойдзецца, можна звяртацца за выдачай накіравання.

На інтэрактыўнай карце дашкольных устаноў спецыяльна адзначаны дзіцячыя садкі, дзе ёсць групы для малых да двух гадоў. Яны вылучаны на карце жоўтай падсветкай. Спасылку на карту можна знайсці на сайце Мінадукацыі, а таксама на сайтах абласных выканкамаў і саміх устаноў адукацыі. Карта абнаўляецца 5-га чысла кожнага месяца.

Па месцы «прапіскі» дзіцячага садка

Міністэрства адукацыі з 29 сакавіка 2026 года абнавіла парадак уліку дзяцей для атрымання імі дашкольнай і спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі.

Цяпер падаваць заяву трэба ў выканкамы па месцазнаходжанні ўстановы адукацыі, а не прапіскі. Гэта сельскія, пасялковыя, раённыя, гарадскія (гарадоў абласнога і раённага падпарадкавання) выканаўчыя камітэты, мясцовая адміністрацыя раёна ў горадзе па месцазнаходжанні ўстановы адукацыі. На падставе ўліковых даных па заяве аднаму з бацькоў дзіцяці выдаецца накіраванне ў адукацыйную ўстанову, размешчаную на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйнай адзінкі.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю