Бясплатны вэб-дадатак для самастойнага афармлення ДТЗ без дзяржаўтаінспектараў запрацуе ў Беларусі з 15 кастрычніка. Сэрвіс не трэба спампоўваць, ён даступны на смартфоне з любой аперацыйнай сістэмай. Запаўненне электроннага паведамлення зойме ўсяго каля трох хвілін, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».
Аформіць дарожнае здарэнне самастойна дазволена пры адначасовым выкананні шэрагу ўмоў:
-
у ДТЗ удзельнічаюць не больш за два транспартныя сродкі, і пашкоджаныя толькі яны;
-
у аварыі ніхто не пацярпеў;
-
не закранута іншая маёмасць: агароджы, будынкі, дарожныя знакі і да т. п.;
-
абодва кіроўцы цвярозыя, маюць дзеючыя правы адпаведнай катэгорыі і аформленую страхоўку;
-
няма рознагалоссяў па абставінах здарэння, характары пашкоджанняў і вінаватасці;
-
шкода па кожным аўтамабілі не перавышае 150 базавых велічынь.
Калі хаця б адно з гэтых патрабаванняў не выканана, неабходна выклікаць ДАІ.
З 15 кастрычніка спасылка на сэрвіс з’явіцца на сайце Беларускага бюро па транспартным страхаванні. Сістэма аўтаматычна праверыць даныя кіроўцаў, іх пасведчанні, страхавыя дагаворы і тое, ці падыходзіць здарэнне для спрошчанага афармлення. Калі ўмовы не выкананыя, дадатак падкажа, што трэба звярнуцца ў Дзяржаўтаінспекцыю.
Далей удзельнікам трэба будзе паказаць абставіны аварыі, апісаць пашкоджанні аўтамабіляў, зрабіць фатаграфіі машын і месца ДТЗ, увесці нумары тэлефонаў і пацвердзіць даныя праверачнымі кодамі.
Перад адпраўкай сістэма прапануе яшчэ раз праверыць інфармацыю. Калі паведамленне зарэгіструюць у базе Беларускага бюро па транспартным страхаванні, карыстальнік атрымае яго нумар. Менавіта з гэтым нумарам пацярпелы зможа звярнуцца ў страхавую кампанію для атрымання выплаты.
Для выкарыстання сэрвісу таксама павінны быць выкананы тэхнічныя і тэрытарыяльныя ўмовы:
-
у кіроўцаў ёсць мабільныя тэлефоны з дзеючымі нумарамі беларускіх аператараў сувязі;
-
як мінімум на адным тэлефоне даступныя камера, Інтэрнэт і геалакацыя;
-
ДТЗ адбылося на тэрыторыі Беларусі;
-
абодва аўтамабілі зарэгістраваныя ў Беларусі і не знятыя з уліку;
-
паведамленне афармляецца ў дзень здарэння.
-
Дадаткам могуць скарыстацца кіроўцы з дзеючай страхоўкай — незалежна ад таго, у якой арганізацыі яна аформлена.
Пры сумненнях аб дапушчальнасці афармлення ДТЗ без ДАІ, альбо калі ёсць пытанні па запаўненні паведамлення, можна патэлефанаваць у кол‑цэнтр па кароткім нумары 140.