Як паведаміла начальнік упраўлення па справах моладзі — намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай, выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна СІМАНОЎСКАЯ, Дзень моладзі і студэнцтва адзначаецца ў апошнюю нядзелю чэрвеня. У 2026 годзе ён прыпадае на 28 чэрвеня.
Традыцыйна напярэдадні гэтай даты Міністэрства адукацыі сумесна з грамадскімі аб’яднаннямі, мясцовымі органамі ўлады і іншымі зацікаўленымі структурамі арганізуе Тыдзень моладзі і студэнцтва. У яго рамках прадугледжаны шматлікія праекты, сустрэчы, акцыі, творчыя і адукацыйныя мерапрыемствы, разлічаныя на шырокае кола ўдзельнікаў.
Урачыстае адкрыццё Тыдня адбудзецца 20 чэрвеня ў Студэнцкай вёсцы ў Мінску, які ў гэтым годзе носіць статус маладзёжнай сталіцы Беларусі.
Паводле слоў Таццяны Сіманоўскай, канцэпцыя Тыдня моладзі і студэнцтва прадугледжвае правядзенне тэматычных дзён у сталіцы і ўсіх рэгіёнах краіны. Асноўная задача — стварыць умовы для самарэалізацыі моладзі на сваёй малой радзіме.
На працягу дзевяці дзён у абласцях і Мінску будуць арганізаваны мерапрыемствы розных фарматаў. Праграма марафону ўключае тэматычныя дні «Код памяці», «Дыджытал-вектар», «Рытм Перамогі», «Твая тэрыторыя», «Творчая хваля» і «Код культуры».
Асобнае месца ў праграме займае 22 чэрвеня — Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. У рэгіёнах запланаваны ўскладанні кветак да мемарыялаў і помнікаў, дабрачынныя і сацыяльныя акцыі для ветэранаў вайны і працы, сустрэчы з імі. Такія мерапрыемствы закліканы садзейнічаць захаванню гістарычнай памяці і перадачы яе маладому пакаленню
Важнай асаблівасцю Тыдня стане шырокі ўдзел самой моладзі ў арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў. Маладыя людзі змогуць не толькі наведваць канцэрты, фестывалі і сустрэчы, але і выступаць ініцыятарамі розных праектаў, удзельнічаць у рабоце дыялогавых пляцовак, сустракацца з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў, грамадскіх арганізацый, палітычных партый і дзеячамі культуры.
Завершыцца Тыдзень моладзі і студэнцтва 28 чэрвеня маштабнымі святочнымі праграмамі ва ўсіх рэгіёнах краіны. Для ўдзельнікаў падрыхтаваны канцэртныя пляцоўкі, творчыя марафоны і выступленні маладзёжных калектываў.
Як адзначыла Таццяна Сіманоўская, падрабязная канцэпцыя Тыдня і пералік асноўных мерапрыемстваў ужо размешчаны на платформе «Моладзь Беларусі», дзе кожны можа азнаёміцца з праграмай і выбраць найбольш цікавыя для сябе пляцоўкі.
Акрамя таго, у перыяд правядзення Тыдня стартуе новы летні праект Міністэрства адукацыі «Тваё лета! Твой дзвіж! Твой поспех!». Яго галоўная мэта — аб’яднаць моладзь па інтарэсах і стварыць дадатковыя магчымасці для творчай і прафесійнай самарэалізацыі.
- Мерапрыемствы праекта будуць праходзіць у нефармальнай атмасферы і адкрыты для ўсіх ахвотных. Першая пляцоўка маладзёжнага фестывалю адкрыецца 21 чэрвеня ў Гомелі і будзе прысвечана б’юці-сферы. Маладыя людзі, якія цікавяцца гэтым напрамкам, атрымаюць магчымасць прадэманстраваць свае здольнасці і абмяняцца вопытам.
На працягу лета падобныя фестывалі пройдуць ва ўсіх рэгіёнах краіны. Інфармацыя аб іх таксама будзе даступная на платформе «Моладзь Беларусі».
Фінальным пунктам праекта стане Мінск. Менавіта ў маладзёжнай сталіцы 29 жніўня плануецца завяршыць летні маладзёжны марафон, які збярэ ўдзельнікаў з розных куткоў краіны для прэзентацыі сваіх дасягненняў і ўдзелу ў розных конкурсах і спаборніцтвах.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ