Top.Mail.Ru

З 27 па 29 лістапада ў Мінску праходзіць III Рэспубліканская выстава-кірмаш творчых вырабаў людзей з інваліднасцю «Тварэнні сэрцаў»

Ёлачныя ўпрыгажэнні, дэкаратыўныя свечкі, тэкстыль, жывапіс, а таксама вырабы з дрэва, гліны, гіпсу і сотні іншых унікальных сувеніраў і творчых работ, створаных у гуртках і майстэрнях устаноў сацыяльнага абслугоўвання, прадставілі больш за 200 майстроў з інваліднасцю з усіх куткоў Беларусі.

Мэта выставы-кірмашу, арганізатарам якой выступіла Міністэрства працы і сацыяльнай абароны сумесна з грамадскім аб’яднаннем «Беларускі саюз жанчын» пры падтрымцы РГА «Белая Русь», — раскрыць творчы патэнцыял людзей з абмежаванымі магчымасцямі і прыцягнуць увагу грамадства да тэмы інклюзіі, расказаў міністр працы і сацыяльнай абароны Андрэй ЛАБОВІЧ:

— Задача дзяржавы — не толькі забяспечыць у стацыянарных установах, установах сацыяльнай абароны клопат і догляд, але і даць магчымасці для рэалізацыі патэнцыялу нашых грамадзян, каб яны адчувалі сябе патрэбнымі ў грамадстве, — адзначыў міністр, падзякаваўшы супрацоўнікам такіх устаноў за іх прафесіяналізм і цярпенне ў нялёгкай працы.

Для наведвальнікаў III Рэспубліканскай выставы-кірмашу творчых вырабаў людзей з інваліднасцю «Тварэнні сэрцаў» падрыхтавалі насычаную праграму. Асвоіць роспіс пернікаў або гіпсавых фігурак, навучыцца рабіць скураныя аксесуары, упрыгожваць свечкі або ствараць карціны на вадзе ў тэхніцы эбру — паспрабаваць свае сілы ў майстар-класах і інтэрактывах можа кожны. Аквагрым спадабаецца самым маленькім, а для адпачынку паміж пляцоўкамі свае дзверы для гасцей мерапрыемства расчыніла інклюзіўнае арт-кафэ.

Музычным жа ўпрыгажэннем стане Фестываль творчасці людзей з інваліднасцю. 28 лістапада ў 15:00 на сцэну ГЦ «Сталіца» выйдуць салісты і творчыя калектывы з розных рэгіёнаў краіны.

Дарэчы, у Беларусі пытанням сацыяльнай інтэграцыі грамадзян з інваліднасцю ўдзяляецца пільная ўвага. Па даных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, па ўсёй краіне паспяхова функцыянуюць 146 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання, 362 рэабілітацыйна-працоўныя майстэрні і больш за 1400 клубаў па інтарэсах, якія на пастаяннай аснове наведваюць больш за 10 тысяч чалавек. Яшчэ звыш 1200 людзей, якія гараць творчасцю, пражываюць у сацыяльных пансіянатах і аддзяленнях суправаджальнага пражывання.

Аміна НАЗАРАВА

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю