З 3 красавіка пачнецца продаж білетаў на юбілейны XXXV Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», паведамляе БелТА.
У пятніцу, 3 красавіка, у 12:00 стартуюць продажы на праекты Летняга амфітэатра. «Сімвалічна, што ў Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі было прынята рашэнне аб пачатку продажаў білетаў на адзін з брэндавых фестываляў Беларусі. „Славянскі базар“ аб’ядноўвае народы нашых краін ужо многія дзесяцігоддзі, а культура і гісторыя дзвюх дзяржаў маюць агульныя карані», — падкрэслілі ў ЦК «Віцебск».
Дырэкцыя фестывалю аб’явіла «тры шчаслівыя дні» — да нядзелі будуць адкрывацца продажы на іншыя праекты фестывалю. «У суботу можна будзе набыць білеты на канцэрты, якія пройдуць у Віцебскім цэнтральным спартыўным комплексе, дзе летась упершыню выступалі ўдзельнікі культурнага форуму. У нядзелю таксама адкрыюцца продажы на выступленні гасцей фестывалю ў Канцэртнай зале „Віцебск“. Акрамя таго, заўтра, 3 красавіка, пачнецца інтэрнэт-продаж білетаў», — падкрэслілі ў ЦК «Віцебск».
Дарэчы, равеснікі форуму мастацтваў атрымаюць прыемны бонус. Які? Пра гэта раскажуць у касах пры куплі білетаў, так што дырэкцыя фестывалю раіць прыхапіць з сабой пашпарт.
Білеты на «Славянскі базар у Віцебску» даюць замежным грамадзянам права бязвізавага ўезду ў Беларусь на час правядзення маштабнага форуму.