Top.Mail.Ru

З 4 да 6 чэрвеня ў Светлагорску праходзіць спартыўна-культурны фестываль «Вытокі»

«Вытокі» запрашаюць


Упершыню ён быў арганізаваны ў 2021 годзе, і ўсяго за чатыры гады яго ўдзельнікамі стала больш як 400 тысяч чалавек. Галоўная мэта — раскрыццё патэнцыялу рэгіёна праз спорт, культуру, навуку і адукацыю. У 2025-м свята прымаў г. Паставы, сёлета цэнтрам прыцягнення для аматараў спорту, культуры і актыўнага сямейнага адпачынку стане Светлагорск (Гомельская вобласць). Чаго чакаць ад фестывалю жыхарам і гасцям горада?

Горад моладзі

На працягу ўсіх дзён фестывалю, арганізатарамі якога выступілі Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Гомельскі аблвыканкам, іншыя арганізацыі, будуць працаваць фуд-корты і выстаўка-продаж «Беларускія брэнды», дзе прадставяць харчовыя і нехарчовыя тавары айчынных прадпрыемстваў, інавацыйную прадукцыю Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і вырабы мясцовых майстроў. Апроч гэтага, гасцей і ўдзельнікаў чакаюць тры дні насычанай праграмы, дзе кожны знойдзе занятак па душы.

Напрыклад, у першы дзень фестывалю Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей запрашае ўсіх жадаючых паўдзельнічаць у праекце «Ежа з сэнсам» і пакаштаваць арыгінальныя стравы мясцовай кухні (16.00). А для юных талентаў у 18.00 у парку на вуліцы Калініна падрыхтаваны інтэрактыў «стАРТ»: разам з камандай беларускіх мастакоў хлопчыкі і дзяўчынкі завершаць яркае афармленне новага шматпрофільнага скейт-ролер парка. Натхненнем для роспісу сёлета стала самабытнае мастацтва саломапляцення. Завершыць першы дзень вячэрні кінапаказ фільма «Пераломны момант» пад адкрытым небам на Цэнтральнай плошчы ў 20.00.

У пятніцу, 5 чэрвеня, на сустрэчы «Беларусь — брэнд маладых» пройдзе карысны майстар-клас для пачынаючых аўтараў — усіх тых, хто хоча навучыцца пісаць пра сваю малую радзіму цікава і займальна. А ў 15.00 на Цэнтральнай плошчы стартуе спартыўна-гістарычны квэст ад Беларускай алімпійскай акадэміі па знакавых мясцінах Светлагорска. Дарэчы, ён атрымаў статус горада толькі ў 1960-х гадах, хоць першыя згадкі пра гэтую тэрыторыю адносяцца яшчэ да XVІ стагоддзя.

Сёння, як горад маладзёжны, Светлагорск ганарыцца сваёй спартыўнай інфраструктурай: тут знаходзяцца сучасны фізкультурна-аздараўленчы комплекс, басейн, стадыёны, тэнісны корт, новы лядовы палац. Яшчэ адным такім месцам прыцягнення светлагорцаў стане спартыўны аб’ект, які будзе падораны гораду Нацыянальным алімпійскім камітэтам Рэспублікі Беларусь у рамках фестывалю. Прэзентацыя шматпрофільнага скейт-ролер парка, які арганічна дапоўніць спартыўную і забаўляльную інфраструктуру горада, адбудзецца падчас афіцыйнай цырымоніі адкрыцця «Вытокаў» 5 чэрвеня ў 18.00 у парку на вуліцы Калініна.

Цікава, ярка, унікальна

Як і летась, у фестывалі прыме ўдзел дэлегацыя камісіі спартсменаў Расіі — пераможцы і прызёры Алімпійскіх гульняў. Разам з беларускімі калегамі яны правядуць майстар-класы па фігурным катанні, хакеі, адзінаборствах, веславанні, лёгкай атлетыцы і іншых відах спорту.

Дарэчы, у 2022 і 2023 гадах у рамках фестывалю адбыўся шоу-паказ пад назвай «Роднае-моднае», дзе прадэманстраваць сваю прадукцыю атрымалі магчымасць больш за дваццаць айчынных прадпрыемстваў. А трэці сезон запомніўся яшчэ і тым, што ў яго рамках прайшлі шэсць пастановак лепшых тэатральных калектываў сталіцы — па адным спектаклі ў кожным з гарадоў-удзельнікаў. 

І, пачынаючы з фестывалю 2024 года ў Пружанах, два фарматы аб’ядналіся ў адным. Вось і гэтым разам яркім мерапрыемствам другога дня стане спектакль «Родныя ў модным» у 20.00 на Цэнтральнай плошчы. Па-сапраўднаму ўнікальны тэатральны праект прадэманструе арыгінальнасць беларускай дызайнерскай думкі, а ўвасобяць ідэі ў жыццё артысты сталічнага ТЮГа і праекта «Роднае-моднае».

Субота, 6 чэрвеня, пачнецца з маштабнага Алімпійскага квэста ў 13.00 на Цэнтральнай плошчы. Яго юныя ўдзельнікі змогуць праверыць сябе на больш як трыццаці спартыўных лакацыях: напрыклад, праехаць па велатрэку ў віртуальнай рэальнасці, асвоіць прыёмы каратэ, дзюдо і барацьбы, а таксама прадэманстраваць валоданне гімнастычнымі прадметамі. Дапамагаць у гэтым будуць вопытныя трэнеры і вядомыя спартсмены. За паспяховае выкананне заданняў дзеці змогуць атрымаць каштоўныя прызы: бесправадныя навушнікі, музычную Bluetooth-калонку або паўэрбанк.

А вячэрняя праграма суботы стартуе ў 17.00 выступленнем папулярных кавер-бэндаў. Завершыцца свята вялікім канцэртам зорак беларускай эстрады ў 20.00 і яркім феерверкам у 23.00.

Аміна НАЗАРАВА

Фота з сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю