Спартыўна-культурны фестываль «Вытокi» ўпершыню прайшоў у 2021 годзе, і ўсяго за чатыры гады яго ўдзельнікамі сталі больш за 400 тысяч чалавек. На гэты раз цэнтрам прыцягнення для аматараў спорту, культуры і актыўнага сямейнага адпачынку стане г. Светлагорск (Гомельская вобласць). Арганізатарамі выступілі Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь, Федэрацыя прафсаюзаў Рэспублікі Беларусь, Гомельскі аблвыканкам, ТАА «АртХаос», ТАА «БелБрэндАўдыт».
На працягу ўсіх дзён фестывалю для гасцей будуць працаваць фуд-корты і выстаўка-продаж «Беларускія брэнды», дзе прадставяць харчовыя і нехарчовыя тавары айчынных прадпрыемстваў, інавацыйная прадукцыя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і вырабы мясцовых майстроў. Апроч гэтага, гасцей і ўдзельнікаў чакае тры дні насычанай праграмы, дзе кожны знойдзе занятак па душы.
Напрыклад, у першы дзень фестывалю Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей запрашае ўсіх жадаючых паўдзельнічаць у праекце «Ежа з сэнсам» і пакаштаваць арыгінальныя стравы мясцовай кухні (16.00). А для юных талентаў у 18.00 у парку на вуліцы Калініна падрыхтаваны інтэрактыў «стАРТ»: разам з камандай беларускіх мастакоў хлопчыкі і дзяўчынкі завершаць яркае афармленне новага шматпрофільнага скейт-ролер парка. Натхненнем для роспісу сёлета стала самабытнае мастацтва саломапляцення. Завершыць першы дзень вячэрні кінапаказ фільма «Пераломны момант» пад адкрытым небам на Цэнтральнай плошчы ў 20.00.
У пятніцу, 5 чэрвеня, на сустрэчы «Беларусь — брэнд маладых» пройдзе карысны майстар-клас для пачынаючых аўтараў — усіх тых, хто хоча навучыцца пісаць пра сваю малую радзіму цікава і займальна. А ў 15.00 на Цэнтральнай плошчы стартуе спартыўна-гістарычны квэст ад Беларускай алімпійскай акадэміі па знакавых мясцінах Светлагорска. Дарэчы, ён атрымаў статус горада толькі ў 1960-х гадах, хаця першыя згадкі пра гэтую тэрыторыю адносяцца яшчэ да XVI стагоддзя.
Сёння ж, як горад маладзёжны, Светлагорск ганарыцца сваёй спартыўнай інфраструктурай: сучасны фізкультурна-аздараўленчы комплекс, басейн, стадыёны, тэнісны корт, новы лядовы палац. Яшчэ адным такім месцам прыцягнення светлагорцаў стане спартыўны аб’ект, які будзе падораны гораду Нацыянальным алімпійскім камітэтам Рэспублікі Беларусь у рамках фестывалю. Прэзентацыя шматпрофільнага скейт-ролер парка, які арганічна дапоўніць спартыўную і забаўляльную інфраструктуру горада, адбудзецца падчас афіцыйнай цырымоніі адкрыцця «Вытокаў» 5 чэрвеня ў 18.00 у парку на вуліцы Калініна.
Як і ў мінулым годзе, у фестывалі прыме ўдзел дэлегацыя камісіі спартсменаў Расіі — пераможцы і прызёры Алімпійскіх гульняў. Разам з беларускімі калегамі яны правядуць майстар-класы па фігурным катанні, хакеі, адзінаборствах, веславанні, лёгкай атлетыцы і іншых відах спорту. Яркім мерапрыемствам другога дня стане і спектакль «Родныя ў модным» у 20.00 на Цэнтральнай плошчы. Па-сапраўднаму ўнікальны тэатральны праект прадэманструе арыгінальнасць беларускай дызайнерскай думкі, а ўвасобяць ідэі ў жыццё артысты сталічнага ТЮГа і праекта «Роднае-моднае».
Субота, 6 чэрвеня, пачнецца з маштабнага Алімпійскага квэста ў 13.00 на Цэнтральнай плошчы. Яго юныя ўдзельнікі змогуць праверыць сябе на больш як трыццаці спартыўных лакацыях: напрыклад, пракаціцца на велатрэку ў віртуальнай рэальнасці, асвоіць прыёмы каратэ, дзюдо і барацьбы, а таксама прадэманстраваць валоданне гімнастычнымі прадметамі. Дапамагаць у гэтым будуць вопытныя трэнеры і вядомыя спартсмены — прызёры Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы. За паспяховае выкананне заданняў дзеці змогуць атрымаць каштоўныя прызы: бесправадныя навушнікі, музычную Bluetooth-калонку або паўэрбанк.
Вячэрняя праграма суботы стартуе ў 17.00 выступленнем папулярных кавер-бэндаў. На музычным рынгу прагучаць усім вядомыя хіты ў новай апрацоўцы, а завершыцца свята вялікім канцэртам зорак беларускай эстрады ў 20.00 і яркім феерверкам у 23.00.
Аміна НАЗАРАВА
Фота Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь