Візітоўкай Беларусі з’яўляецца турызм, і пачатак красавіка — таму пацверджанне. У Мінску з 6 да 11 красавіка пройдзе вялікі турыстычны тыдзень, які будзе ўключаць некалькі маштабных мерапрыемстваў. Найперш гэта ІV Беларуска-расійскі турыстычны кангрэс — галоўная падзея года для прафесіяналаў туріндустрыі Беларусі, Расіі і іншых краін СНД, якая збярэ 800 удзельнікаў і ўключыць рэстаранную прэмію WHERETOEAT BELARUS, што пройдзе ў рамках кангрэса ўжо другі раз. А таксама Міжнародны турыстычны форум Travel HUB «Садружнасць», 34-ю міжнародную выстаўку EXPO HORECA MІNSK, дзе будзе прадстаўлена ўсё для атэляў, рэстаранаў і супермаркетаў.
Беларуска-расійскі турыстычны кангрэс праводзіцца ў беларускай сталіцы ўжо чацвёрты год і з кожным разам становіцца усё больш маштабнай падзеяй з большай колькасцю ўдзельнікаў, секцый і шырэйшай тэматыкай.
— Нашай першапачатковай мэтай было сабраць прафесіяналаў турыстычнай індустрыі, якія разумеюць, што ў сувязі з геаэканамічнымі падзеямі глабальнага свету і яго трансфармацыяй трэба шукаць новыя рынкі. Мінск стаў тым месцам, дзе нашы калегі з Расіі і іншых краін СНД могуць вырашыць усе свае пытанні. Важна, што да кангрэса далучыліся расійскія калегі з саюзаў і асацыяцый і нашы партнёры — кампанія «Экспафорум», якая праводзіць выстаўку «HORECA», — адзначыў старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Філіп ГУЛЫ.
Цікавая праграма запланавана ў рамках міжнароднага турыстычнага форуму Travel Hub «Садружнасць». Як расказала кіраўнік праекта Travel Hub «Садружнасць» Юлія ЗАЙКОВА, мерапрыемствы пачнуцца 7 красавіка з урачыстага ўскладання кветак і вянкоў да манумента Перамогі. На пляцоўцы Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны пройдзе секцыя, прысвечаная пытанням развіцця патрыятычнага турызму ў краінах СНД.
У атэлі «Марыёт» пройдзе секцыя, прысвечаная развіццю гастранамічнага турызму, дзе прадстаўнікі Беларусі, Расіі і Азербайджана раскажуць пра гастратурызм і традыцыі ў сваіх краінах.
Тут жа ў фармаце гастранамічнага падарожжа па рэгіёнах Беларусі ў суправаджэнні спецыяльнага ганаровага госця пройдзе праект «Смак Беларусі». Удзельнікі змогуць не толькі ўбачыць, але і пакаштаваць стравы, прыгатаваныя па спрадвечных беларускіх рэцэптах.
8 красавіка адбудзецца афіцыйнае адкрыццё Travel Hub «Садружнасць», Беларуска-расійскага турыстычнага кангрэса і аб’яднанае пленарнае пасяджэнне. Праграму прадоўжыць секцыя па пытаннях развіцця агратурызму, дзе прадстаўнікі Беларусі падзеляцца з калегамі з краін СНД вопытам рэалізацыі праектаў аграэкатурызму і фермерства, а госці і партнёры форуму з Азербайджана, Казахстана, Расіі і іншых краін раскажуць аб развіцці аграэкатурызму на іх тэрыторыях. Абмяркуюць і інавацыйныя тэхналогіі ў экалагічным і актыўным турызме. Да дыскусіі далучацца прадстаўнікі Кыргызстана і Узбекістана.
9 красавіка Travel Hub «Садружнасць» перамесціцца на пляцоўку Міжнароднай выстаўкі-кірмашу «Адпачынак-2026» у Мінскім міжнародным выставачным цэнтры «Белэкспа». Там пройдзе круглы стол з удзелам прадстаўнікоў выканаўчай улады, заканадаўцаў, туріндустрыі з краін Садружнасці, прысвечаны пытанням развіцця і заканадаўчага рэгулявання галіны на прасторы СНД. Для ўдзельнікаў падрыхтавана і вялікая культурная праграма, якая ўключае наведванне каля трох дзясяткаў устаноў культуры Беларусь.

Выстаўка EXPO HORECA MІNSK пройдзе сёлета ў 34-ы раз з 7 да 9 красавіка на плошчах Falcon Club арэны. У ёй прыме ўдзел больш за 70 кампаній з Беларусі, Расіі, Азербайджана, Індыі. На стэндах будуць прадстаўлены больш за 20 тэматычных кірункаў, якія ахопліваюць усе галоўныя сегменты індустрыі «хорэка». Сярод іх «рэстаран», «кафэ», «бар», «гастраномія», «інгрэдыенты», «чай, кава, напоі», «клінінг», розныя франшызы.
— У выстаўцы паўдзельнічаюць вядомыя кампаніі з прадукцыяй і тэхналогіяй, з якімі можна будзе пазнаёміцца на экспазіцыі. Сёлета таксама будзе рэалізавана насычаная дзелавая праграма, якая павінна ісці ў рэжыме нон-стоп усе тры дні выстаўкі. Чакаем больш за 45 спікераў, — расказала дырэктар выставачнага ўнітарнага прадпрыемства «Экспафорум» Вікторыя МІКАЛЮК. — Будуць абмяркоўвацца такія пытанні, як праектаванне і аперацыйнае кіраванне атэлямі, пытанні харчовай бяспекі, гастратрэнды і іншыя. Выстаўкі, мерапрыемствы, дзелавыя праграмы для зручнасці наведвальнікаў пройдуць на чатырох лакацыях.
Самай яркай пляцоўкай стане «Варкшоп-хол», дзе пройдуць майстар-класы, дэгустацыі, распрацоўка меню для фуршэтаў. Спецыяльным госцем праграмы будзе пераможца кулінарнага шоу «Бітва шэфаў» беларуска Ксенія Чылікіна. Яшчэ адно захапляльнае мерапрыемства — чэмпіянат афіцыянтаў «Сэрвісны спрынт», які пройдзе 9 красавіка.
Алена КРАВЕЦ
Фота БелТА