Top.Mail.Ru
179

Карэнны латыш, які пераехаў з Англіі, знайшоў у Беларусі месца сваёй сілы

Мартынш прызнаецца, што адкрыў Беларусь дзякуючы бязвізаваму рэжыму

Мартынш Кіпстш (Martіns Kіpsts), карэнны латыш, ужо трэці год жыве ў Беларусі. Хату, якую набыў у Горацкім раёне ў вёсцы Хамінічы, лічыць сваім «месцам сілы». Цяжкая вясковая праца яго не палохае — у планах развіць сваю гаспадарку, каб мець з яе прыбытак. «Я не хачу вялікіх грошай — хачу проста годна жыць з сям'ёй, дапамагчы сыну стаць на ногі», — дзеліцца планамі мужчына. Цішыня, спакой, прырода, магчымасць будаваць планы, атрымліваць асалоду ад сваёй справы — галоўнае ў жыцці, разважае Мартынш. І знайшоў ён усё гэта ў Беларусі.

«Калі што здарыцца, невядома, як выжываць і ад каго чакаць дапамогі»

«Было, што заказаў дастаўку, і кур’ер, які прывозіў тавар, цікавіўся, адкуль я тут такі ўзяўся. Моцна дзівіўся, навошта я з’ехаў з Еўрасаюза. Так можна разважаць, толькі калі там не быў», — расказвае мужчына. Ён 15 гадоў пражыў у Англіі: калі ў Латвіі пачалі закрывацца прадпрыемствы, стала не хапаць працы, падаўся ў вялікі свет з жаданнем зарабіць. Напачатку, калі прыязджаеш і параўноўваеш свой заробак з тым, што быў у Латвіі, сапраўды ён падаецца шыкоўным. Але праз пэўны час прыходзіць разуменне, што вялікіх грошай там не пабачыш: увесь заробак сыходзіць на жыццё, падаткі, прадукты. «Мне ніколі там не падабалася, не адпускала адчуванне, што ў Англіі ўсё верціцца вакол грошай, прычым не толькі вобраз жыцця, але і чалавечае мысленне. Я бачыў, як прыезджыя часам гэта пераймалі, тое, што давалася нялёгкай працай, спускалі на дарагія рэчы, найноўшыя мадэлі тэлефонаў», — заўважае мужчына.

Але куды горш, што за грошы там можна лёгка купіць і «новыя ўражанні». Страшна, калі на гэта спакушаецца моладзь. Усё больш перасяленцаў з былых савецкіх рэспублік, якіх непакоіць будучыня ўласных дзяцей, задумваюцца аб пераездзе з Англіі з-за шырокага распаўсюджвання там наркотыкаў. Акрамя таго, людзі адчуваюць, што знайсці працу і зарабіць ужо не так проста. Новыя хвалі міграцыі мяняюць уклад і атмасферу старых англійскіх гарадоў. «Прадстаўнікі краін Балтыі, Украіны, Малдовы, Польшчы, Балгарыі... — пачынае пералічваць Мартынш былых „англійскіх“ суседзяў, а пасля збіваецца: — Ды каго там толькі няма! Гэта ўжо такая каша». Мужчына лічыць, што для многіх з іх Англія не стане другім домам, хтосьці прыязджае проста, каб падзарабіць. Магчыма, гэта ўплывае і на тых людзей, якія спачатку разглядалі Англію як новы дом: у гэтай мітусні яны так і не змаглі тут адчуць сябе «сваімі».

«У пэўны момант я зразумеў, што мае дні — як замкнёнае кола „работа — дом“ і больш нічога. Няма адчування, што ты камусьці цікавы. Там ты патрэбны, пакуль працуеш. І не дай Бог захварэеш ці што здарыцца, калі нічога не накапіў за ранейшы час. Невядома, як выжываць, няма ад каго чакаць дапамогі», — прызнаецца Мартынш.

Адкрылі Беларусь дзякуючы бязвізу

Знаёмства з Беларуссю прымусіла задумацца пра тое, што ўсё ж такі сапраўды важна. З гэтага пачалася новая гісторыя — пра мары, пра пошукі свайго месца. Мартынш прызнаецца, што адкрыў Беларусь дзякуючы бязвізаваму рэжыму: «Ён дае магчымасць тут знаходзіцца працяглы час, можна паспець шмат дзе пабываць, прыгледзець жыллё і нават аформіць дакументы, звязаныя з яго набыццём і будучым пераездам». Між іншым, першы раз латыш прыехаў у Маладзечна проста палячыць зубы, а заадно разам з сям’ёй вырашыў пазнаёміцца з краінай як турыст. Пасля вяртання ў Англію адчувалася, што Беларусь «не адпускае». Пасля чарговага прыезду, прагулак па старых завулках у Гродна сужэнцы сталі задумвацца пра жыллё ў Беларусі. Сям’ёй «каталіся туды-сюды» ў пошуках свайго дома. Праглядалі аб’явы, выбіраліся ў розныя рэгіёны. Прычым ездзілі без машыны, дабіраліся на цягніках да райцэнтраў, а далей у глыбінку ехалі глядзець дамы: дзе на аўтобусе, дзе на таксі, дзе спадарожным транспартам. Змаглі на ўласныя вочы ўбачыць жыццё ў рэгіёнах. Былі вельмі ўражаны беларусамі, іх адкрытасцю, спагадлівасцю.

«Сёння нават прыдумаць цяжка, што б мне не спадабалася ў Беларусі», — заўважае Мартынш. — Тут бяспечна, ноччу можна спакойна гуляць па вуліцах. Я шмат пакатаўся па розных краінах, і нідзе не бачыў такой дагледжанасці. Там адыдзеш ад цэнтра — і можна зламаць шыю, дарогі разбітыя, тут — парадак нават у вёсках. У Еўропе, калі буйное смецце яшчэ прыбіраецца, дробнае можа валяцца па кустах. 

У Беларусі нават у вёскі прыязджаюць смеццявозы. Тут якасныя прадукты, нідзе няма такіх смачных каўбас і малака (не ведаю, чаму ў Англіі мне падавалася, што малако блакітнага колеру)«.

Адна з прычын, чаму латыш вырашыў пераехаць у Беларусь, — адсутнасць нецярпімасці да іншых народаў. Я, напэўна, яшчэ «прадукт савецкага часу», — дзеліцца мужчына, — Памятаю, як людзі незалежна ад нацыянальнасці праводзілі разам час, збіраліся за адзіным сталом, спявалі, танцавалі, як можна было ўсюды ездзіць. Сёння гэтага няма. Палохае, як нарастае русафобства, таму, напрыклад, я не хачу вяртацца ў Латвію. Не магу прыняць, што кагосьці павінен ненавідзець«.

«Тут я адчуваю прастор, свабоду»

Мартынш упэўнены, што Беларусь — тое месца, дзе можна здзяйсняць мары. «У Англіі я жыў сярод асфальту: каб пабачыць лес, трэба было паўдня ехаць, і то ў яго не зойдзеш — усюды плаці». Ён хацеў працаваць на зямлі, адчуваць сябе гаспадаром. Падкупіла, што ў Беларусі невялікія падаткі на зямлю.

Сваё «месца сілы» сям’я знайшла не без прыгод. Гаспадар, у якога яны прыгледзелі дом, перастаў адказваць на званкі. Але сужэнцы рызыкнулі ехаць у Горкі, далей — у аграгарадок. На месцы знайшлі свой куток — хату на ўскрайку вёскі. «Тут я адчуваю прастор, свабоду. Мне нават не трэба хвалявацца, што мая курка зойдзе ў чужы агарод. Хачу сваю справу, бо падабаецца бачыць, як праца дае вынік. Спрабаваў завесці коз, але зразумеў, што гэта не мая жывёліна, а птушак даглядаць спадабалася».

Мартынш у новы дом пераехаў з сынам. Жонка пакуль яшчэ застаецца ў Англіі, дзе мае добры заробак, які сёння неабходны для таго, каб укласціся ў рамонт уласнага вясковага дома ў беларускай глыбінцы. Іх сын сёння вучыцца ў 9 класе. З вёскі да школы, якая находзіцца ў 6 кіламетрах, яго падвозіць аўтобус. Да пераезду хлопчык зусім не ведаў рускай мовы, але дзякуючы ўважліваму стаўленню настаўнікаў сёння ён ужо добра яе засвоіў і не адчувае ніякіх праблем з вучобай. «Мужык, — ганарыцца Мартынш. — Ён нарадзіўся ў Англіі, жыў у горадзе, я баяўся, што будзе ныць, але не пачуў ад яго ніводнай скаргі» . 

Ці вырасце з сына пераемнік, які захоча працаваць на зямлі, Мартынш пакуль не гатовы адказаць. Але ён упэўнены ў тым, што невялікая вёсачка на Магілёўшчыне будзе жыць. «Сёння мае суседкі — бабулькі. Я адзін на вуліцу малады — пад 50 гадоў — таму, калі трэба, гатовы ім і вады паднесці, і траву пакасіць». Новы жыхар вёскі падзяліўся сваёй гісторыяй у «Фэйсбуку», яму пачалі пісаць людзі, якія таксама хочуць пераехаць, пост сабраў ужо 5,4 тысячы «лайкаў». Нават адна латышка з Босніі і Герцагавіны ўлетку паабяцала прыехаць вывучаць мясцовасць. «Глядзіш — мы сюды яшчэ людзей падцягнем, — спадзяецца навасёл. — Трэба толькі, каб яны не баяліся і не верылі тым чуткам, што пішуць пра Беларусь, а прыехалі і ўбачылі, як тут добра».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю