Старшыня ЦВК Беларусі Ігар Карпенка з асаблівым хваляваннем прыязджае ў невялікія сельскія педагагічныя калектывы. Аб гэтым ён расказаў журналістам пасля наведвання Межаўскай сярэдняй школы Аршанскага раёна ў сувязі з Днём ведаў, паведамляе БелТА.
«Для мяне гэта таксама асаблівы дзень. Я педагог па сваёй першай адукацыі і пачынаў працоўную дзейнасць з невялікай сельскай школы. Для мяне гэта заўсёды хвалюючы момант — прыязджаць у такія невялікія сельскія педагагічныя калектывы. Тут асаблівая атмасфера. Тут адзін аднаго добра ведае, кожны навідавоку, кожны гатовы падставіць плячо», — сказаў Ігар Карпенка.
Паводле яго слоў, Дзень ведаў — сапраўды ўсенароднае свята, таму што датычыцца кожнага. Гэта свята дзетак, якія ідуць у школу, свята бацькоў, якія ўспамінаюць сваё дзяцінства, школьныя гады і з хваляваннем назіраюць за поспехамі сваіх дзяцей. Вядома, гэта свята для педагогаў.
«Агульны настрой — асенне-радасны. Новыя сустрэчы, новыя веды, новыя інтарэсы, новыя сябры, знаёмыя», — сказаў ён.
Ігар Карпенка расказаў, што на працягу свайго жыцця не здраджваў педагагічнаму прызванню. І цяпер, працуючы ў ЦВК, імкнецца падтрымліваць цесную сувязь з установамі адукацыі. З Міністэрствам адукацыі рэалізуецца шэраг адукацыйных праектаў у галіне прававой асветы дзяцей і моладзі.
Старшыня ЦВК выступіў у ролі настаўніка для навучэнцаў старшых класаў. Ён правёў для старшакласнікаў урок «Веды сёння — сіла і працвітанне Беларусі заўтра!». Галоўнай тэмай сустрэчы сталі пытанні прафарыентацыі, свядомага выбару будучага шляху і практычнай каштоўнасці адукацыі. Размаўляючы з будучымі выпускнікамі, Ігар Карпенка падкрэсліў, што школа дае базавы фундамент, але поспех у сучасным жыцці залежыць ад умення адаптавацца.
Асобную ўвагу старшыня ЦВК удзяліў развіццю лідарскіх якасцей, рабоце ў камандзе і грамадскай актыўнасці. Ён адзначыў, што ўдзел у маладзёжных праектах, школьным самакіраванні і жыцці свайго рэгіёна дапамагае маладым людзям не толькі знайсці сябе ў прафесіі, але і сфарміраваць грамадзянскую пазіцыю.
На ўроку старшакласнікі даведаліся аб выбарчай сістэме Беларусі і аб тым, як фарміруюцца органы ўлады. Ігар Карпенка растлумачыў, як працуюць гэтыя працэсы, паколькі праз некалькі гадоў сённяшнія школьнікі стануць паўнапраўнымі выбаршчыкамі і будуць прымаць рашэнні, якія ўплываюць на развіццё краіны.
Старшыня ЦВК таксама паразмаўляў з бацькамі вучняў. У нефармальнай абстаноўцы яны абмеркавалі пытанні развіцця сельскай школы, стварэнне камфортных умоў для дзяцей і важнасць сумеснай работы сям’і і школы ў выхаванні падрастаючага пакалення.
Каб зрабіць адукацыйны працэс больш сучасным і інтэрактыўным, школе перададзены карысны падарунак — мультыборд, а для актыўнага адпачынку і ўрокаў фізкультуры — новы спартыўны інвентар.