Абарона працоўных праў нязменна застаецца галоўнай задачай Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.
Для гэтага абраны курс на цесную сувязь з кожнай арганізацыйнай структурай прафсаюза, канструктыўную работу з сацыяльнымі партнёрамі і наймальнікамі.

— У абароне працоўных праў у нас тры асноўныя кірункі. Першы — гэта абарона людзей, якім не даплацілі, якіх незаконна звольнілі. Гэтым займаюцца прававыя інспектары. Другі важны кірунак — ахова працы: кантроль асвятлення, забеспячэнне сродкамі індывідуальнай абароны і іншае. Гэта маштабная работа, канчатковая мэта якой — зніжэнне траўматызму. І трэці — адаптацыя нарматыўна-прававых актаў да жыцця чалавека, — гаворыць старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Міхаіл ПАРТНОЙ.
Адным з галоўных кірункаў дзейнасці прафсаюза з’яўляецца адстойванне інтарэсаў работнікаў у аплаце працы.
— Павышэнне заработнай платы залежыць ад сумеснай работы з нашымі сацыяльнымі партнёрамі, у нас іх тры — Міністэрства культуры, Міністэрства інфармацыі і Міністэрства спорту. У тым ліку на рэспубліканскім і мясцовым узроўнях вядзецца пастаянная работа па павелічэнню надбавак да кантрактаў — гэта непасрэдна ўплывае на памер аплаты працы, — падкрэслівае Міхаіл Партной.
Толькі па выніках работы за першы квартал гэтага года ў сферы культуры колькасць работнікаў, якім надбаўка выплачваецца ў максімальным памеры 50 %, вырасла ў некаторых рэгіёнах на 9–14 %. У галіне спорту гэты паказчык таксама мае станоўчую дынаміку: у залежнасці ад рэгіёна рост складае да 6,3 %. Гэтыя вынікі дасягнуты дзякуючы шчыльнаму супрацоўніцтву прафсаюза з сацыяльнымі партнёрамі.
Што датычыцца абароны праў работнікаў, то дзякуючы рабоце прававой інспекцыі працы прафсаюза толькі летась работнікам вярнулі 186 тысяч рублёў. На працягу мінулага года прававой інспекцыяй працы Прафсаюза ажыццёўлены грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы, выкананні ўмоў калектыўнага дагавора (пагаднення) у дачыненні да 458 арганізацый галін культуры, інфармацыі спорту і турызму, у тым ліку праведзена 80 праверак і 378 маніторынгаў. Па выніках грамадскага кантролю выдадзена 79 прадстаўленняў, 18 даведак і 361 рэкамендацыя. Выяўлены 2264 парушэнні, якія ў далейшым ліквідаваны наймальнікамі.
.jpg)
Ала ЖДАНОВІЧ, галоўны прававы інспектар працы Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, адзначае, што найбольш распаўсюджанымі парушэннямі заканадаўства аб працы, выяўленымі пры правядзенні праверак і маніторынгаў, былі парушэнні пры выкананні наймальнікам абавязкаў пры прыёме на працу і арганізацыі працы работнікаў; пры заключэнні, змяненні і прадаўжэнні кантрактаў; парадку запаўнення, выдачы, уліку і захоўвання працоўных кніжак; рэгулявання працоўнага часу і часу адпачынку; пры прадастаўленні гарантый і кампенсацый, працоўных і сацыяльных водпускаў, а таксама пры выкананні калектыўнага дагавора (пагаднення).
У прававую інспекцыю звяртаюцца работнікі, якія апынуліся ў самых розных сітуацыях. Адзін з самых запамінальных прыкладаў, згадвае Ала Ждановіч, — зварот члена пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ў снежні 2021 года. Работнік установы спорту Мінска, маючы на ўтрыманні непрацаздольную дачку і малалетнюю ўнучку (яго жонка памерла), падаў заяву аб прадаўжэнні працоўных адносін да дасягнення ім агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту. Мужчыну на той момант заставалася 3 гады да пенсіі. Наймальнік, у сваю чаргу, яго звольніў. Аднак у калектыўным дагаворы прадугледжаны абавязак прадаўжаць кантракт работніку, якому да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту засталося 3 і менш гадоў без прывязкі да добрасумленнасці супрацоўніка. У выніку, паводле рашэння суда, які адбыўся ў студзені 2022 года, работніка аднавілі на працы са спагнаннем сярэдняга заробку за час вымушанага прагулу ў памеры 1713 рублёў. Інтарэсы ў судзе прадстаўляў прафсаюзны юрыст. У дадзенай сітуацыі мужчына аказаўся адзіным карміцелем у сям’і, страта заробку якога неспрыяльна паўплывала б на матэрыяльны дабрабыт і здароўе членаў яго сям’і. Прафсаюз аказаўся побач і дапамог.
Летась разгледзелі зварот, звязаны з вяртаннем сумы аднаразовай выплаты. Член прафсаюза звярнулася ў Мінскую гарадскую арганізацыю Беларускага прафсаюза па пытанню вяртання сумы аднаразовай выплаты для забеспячэння сацыяльных, бытавых патрэбнасцяў, а таксама з улікам падрыхтоўкі да асенне-зімовага перыяду і нарыхтоўкі агародніны ў памеры 200 рублёў. Першапачаткова наймальнік не зрабіў работніцы ўказаную аднаразовую выплату. Яна мела намер спагнаць суму ў парадку вырашэння індывідуальнай працоўнай спрэчкі, звярнуўшыся ў Камісію па працоўных спрэчках (КПС). Па патрабаванні прававога інспектара працы Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза наймальнік перагледзеў рашэнне і належная сума была выплачана работніцы. Заява з КПС была адклікана.
Колькасць няшчасных выпадкаў зніжаецца. У прыватнасці, іх колькасць з цяжкім зыходам у арганізацыях Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму летась знізілася ў тры разы: з 6 у 2024 годзе да 2 у 2025-м. Сур’ёзную ўвагу прафсаюз удзяляе павышэнню эфектыўнасці грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы, удасканаленню работы тэхнічнай інспекцыі працы, грамадскіх інспектараў і прафсаюзнага актыву, а таксама забеспячэнню стварэння наймальнікамі бяспечных і здаровых умоў працы і прадухіленню вытворчага траўматызму.

— У снежні 2025 года ў арганізацыях прафсаюза праведзены месячнік бяспекі, у рамках якога рэалізаваны «Тыдзень нулявога траўматызму», накіраваны на прафілактыку няшчасных выпадкаў на вытворчасці і павышэнне адказнасці работнікаў і наймальнікаў за выкананне патрабаванняў аховы працы, — адзначае галоўны тэхнічны інспектар працы Дзмітрый ЛАПІЦКІ.
Алена КРАВЕЦ