Час новых адкрыццяў
Пры выбары кірункаў работы Універсітэта трэцяга ўзросту ў цэнтры абапіраліся на канцэпцыю актыўнага даўгалецця і актуальныя патрэбнасці будучых навучэнцаў. Галоўная місія — дапамагаць пажылым людзям заставацца сацыяльна і фізічна актыўнымі. Праз нефармальную адукацыю, валанцёрства, новыя знаёмствы і творчасць тут ствараюць умовы для паўнавартаснага жыцця пенсіянераў у сучасным грамадстве, расказала загадчыца аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мінскага раёна Алёна МАЗАНІК.
— Гэта стасункі, магчымасць выйсці ў свет і пераадольваць адзіноту ў працэсе агульнай, карыснай справы, — падзялілася загадчыца аддзялення. — Вучоба стымулюе мозг, вяртае радасць жыцця, дае агульныя тэмы для размоў і цудоўную, натхняльную нагоду выйсці з чатырох сцен. Нашы слухачы прыходзяць па веды, а застаюцца тут дзеля людзей.

Да пытання асветы ўвогуле падыходзяць грунтоўна: у рамках кірунку «Лічбавая, фінансавая, прававая адукаванасць» рэгулярна запрашаюць супрацоўнікаў міліцыі, энерганагляду, банкаў. І кожны з экспертаў гаворыць пра сваё: пачынаючы з таго, як завесці картку, і заканчваючы абаронай ад кібермахляроў — тэма, што называецца, набалелая. Але жыццё Універсітэта не абмяжоўваецца прафілактыкай:
— Жаданне свабодна арыентавацца ў свеце сучасных тэхналогій і абараніць сябе ад інтэрнэт-ашуканцаў — гэта запыт нумар адзін у нашых слухачоў. Аднак мы заўважаем, што многія не абмяжоўваюцца адным курсам. Напрыклад, тыя, хто прыходзіць на камп’ютарныя заняткі, з задавальненнем запісваюцца і на аздараўленчую гімнастыку,
і ў творчыя гурткі, і вывучаць англійскую мову, — расказала Алёна Мазанік.
Амаль што родны дом
У сваю чаргу, слухачы кірунку «Культура і спадчына» актыўна наведваюць музеі, выставы, майстар-класы і нават дэгустацыі. Словам, арганізатары стараюцца ахапіць максімум спецыялізацый. Паспяхова развіваюцца і такія з іх, як «Фізічнае здароўе», «Творчасць, самавыяўленне і стыль». На заняткі па апошняму — а менавіта на гурткі «Крэатыўная майстэрня» і «Тэатральная майстэрня» — зазірнулі і мы.

— З узростам з’яўляецца марудлівасць, забыўлівасць, да таго ж, прыходзяць людзі з рознымі хваробамі, у тым ліку з хваробай Паркінсона.
У нашай майстэрні мы дапамагаем ім лягчэй гэта перажываць, кантраляваць сваё здароўе пры дапамозе рукадзелля: вырабляем сувеніры, свечкі, навагоднія цацкі, працуем з гіпсам і гэтак далей. А тэатральны гурток дае магчымасць паказаць сябе на вялікай сцэне, адчуць упэўненасць, — расказала кіраўнік гурткоў Марына БЯЛЯСАВА.
Увогуле нядзіўна, што такі праект, як Універсітэт трэцяга ўзросту, выклікаў велізарны водгук: хоць на дадзены момант у ТЦСАН Мінскага раёна ўжо сфарміравана некалькі паўнавартасных груп, людзей, што жадаюць патрапіць у іх, значна больш. Сёння ва Універсітэце трэцяга ўзросту на базе Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мінскага раёна займаецца больш за 70 пенсіянераў.

«Я прыйшла сюды зусім нядаўна, надта хацелася. Вы нават не ўяўляеце наколькі, — прызналася адна са слухачоў Універсітэта Ірына Рыгораўна. — Тут па-сапраўднаму родны дом. Нас сустракаюць так цёпла і ўтульна, з намі займаюцца, удзяляюць увагу кожнаму. Усё, што мы паспелі забыць за гады, далікатна нагадваюць, а галоўнае — вучаць новаму, каб мы ішлі ў нагу з моладдзю, не адставалі ад сучаснага жыцця, адчувалі сябе патрэбнымі».
Месца для сацыялізацыі і самарэалізацыі
З ёй цалкам згодны і іншыя «студэнты». Бо захапленне выкладчыкаў, іх гатоўнасць дзяліцца ведамі і сіламі здольныя зацікавіць нават тых, хто даўно лічыў сябе абыякавым да новага. «Гэта месца для сацыялізацыі і самарэалізацыі. Хто не танцаваў — затанцаваў, хто не спяваў — заспяваў, — смяецца яшчэ адна актыўная ўдзельніца гурткоў Людміла Браніславаўна. — Мы раскрылі тут свае таленты — магчыма, тыя самыя, якія калісьці хацелі праявіць, але не атрымлівалася. І гэта вельмі важна — адчуць, што ты яшчэ можаш, што ў табе ёсць нешта, пра што ты, магчыма, нават не здагадваўся».

Так і сціраюцца межы ўзросту: кожны атрымлівае магчымасць паспрабаваць сябе ў незнаёмай справе. І нават у тым, каб навучаць чаму-небудзь іншых, — «сярэбраных» валанцёраў плануюць задзейнічаць практычна ва ўсіх кірунках дзейнасці Універсітэта. Адны, якія маюць педагагічны ці творчы досвед, будуць праводзіць аўтарскія майстар-класы па рукадзеллі, гісторыі ці культуры для сваіх аднагодкаў. Іншыя, з арганізатарскімі здольнасцямі, дапамогуць ствараць атмасферу, ладзіць святы і экскурсіі, падтрымліваць навічкоў. І што самае галоўнае — служыць жывым прыкладам для астатніх.
У найбліжэйшых планах установы — апроч англійскай мовы, на курсах замежных моў дадаць вывучэнне і іншых. Не забываюцца тут таксама пра сучасныя, актуальныя кірункі, такія як блогінг і асновы работы з нейрасеткамі:

— Калі я расказала нашым слухачам, што мы збіраемся запрасіць людзей, здольных правесці такі майстар-клас, яны вельмі натхніліся. Справа ў тым, што многія з іх вядуць TіkTok, Іnstagram або проста цікавяцца гэтай тэмай. Яны ў нас такія — настолькі актыўныя, што толькі дзіву даешся, — з усмешкай адзначыла Алёна Мазанік. — У хуткім часе ў нас стартуе яшчэ адзін кірунак — з боку валанцёрскай дзейнасці запускаецца мадэлінг: будуць навучаць пазіраванню, візажу, дэфіле па подыуме.
Аміна НАЗАРАВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ