У сацыяльных сетках, у тым ліку ў папулярным месенджары TіkTok, актыўна абмяркоўваецца тэма: як уладкаваць клумбу пад акном, каб у далейшым не ўзнікла праблем? «Вырашыла навесці пад вокнамі прыгажосць — пасадзіць бэз, бярозку, аднак суседка сказала, што гэта агульная ўласнасць — ніякай самадзейнасці!» — «А нашы суседзі вывалаклі на клумбу старыя вялізныя мяккія цацкі, якія выглядаюць жудасна і здольныя толькі напужаць дзяцей» — «Суседка ператварыла зялёны газон у градкі і вырошчвае пад вокнамі розную зеляніну. Гэта ж ёй не дача!..»
Дзейнічайце па правілах
Яркія палісаднікі сапраўды ствараюць у дварах асаблівую ўтульнасць. З боку прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай службы падтрымліваецца жаданне жыхароў зрабіць тэрыторыю каля дома дагледжанай і камфортнай. Аднак для таго, каб у гаспадароў не ўзнікла праблем, лепш дзейнічаць па правілах.
«Як нам паведамілі ў дзяржаўным аб’яднанні «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка», перш за ўсё трэба ўзгадніць схему пасадкі з кіраўніцтвам прадпрыемства ЖКГ. Неабходна падрыхтаваць пісьмовы зварот і прыкласці да яго схему месцаў пасадкі, якія прапануюцца. У заяве патрэбна ўказаць адрас шматкватэрнага жы-
лога дома, віды зялёных насаджэнняў, а таксама адлегласць ад будынкаў і збудаванняў да месца пасадкі дрэва або куста.
Калі гаспадар плануе стварыць каля пад’езда клумбу, то важнае значэнне маюць яе параметры, а таксама назвы дэкаратыўных раслін і кветак, якія жыхары дома будуць высаджваць. Калі, акрамя зеляніны, гаспадары вырашылі ўпрыгожыць ландшафт дэкаратыўнымі элементамі, устанавіць агароджу ў кветніку, то пра гэта таксама неабходна паведаміць у заяве.
У мэтах бяспекі
Важна ведаць і тое, што калі грамадзянін і пасадзіў дрэвы або кусты, распараджацца іх лёсам ён не мае права. Спілаваць або перасадзіць дрэвы, кусты без узгаднення з адпаведнымі службамі нельга. Гэта робіцца з мэтай бяспекі гаспадароў і іх раслін. Пад газонам нярэдка праходзяць інжынерныя сеткі, і калі будзе неабходнасць выканаць рамонт або ўстараніць наступствы аварыі, камунальным службам прыйдзецца ўзорваць зямлю — у такім выпадку клумба будзе знішчана. Спецыялісты жыллёва-камунальнай гаспадаркі заўсёды падкажуць, дзе рабіць пасадку можна, а дзе — забараняецца.
Па словах спецыялістаў, калі дрэвы або кусты высаджваць у парушэнне дзеючых норм, карані або кроны, якія разрасліся з гадамі, могуць пашкодзіць камунікацыі, стаць прычынай аварый. Таму самавольная пасадка трактуецца як парушэнне правіл добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў. За гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць са штрафам у памеры да 25 базавых велічынь для фізічных асоб, індывідуальнаму прадпрымальніку трэба будзе заплаціць ад 10 да 50, а юрыдычнай асобе — ад 20 да 100 базавых велічынь.
Тэрыторыі пад вокнамі шматкватэрных жылых дамоў прызначаны ў першую чаргу для будаўніцтва і эксплуатацыі жыллёвага фонду. Тым не менш камунальныя службы не супраць ініцыятыў жыхароў. У кожным канкрэтным выпадку можна знайсці кампраміс: проста так за клумбу ніхто не пакарае.
І яшчэ. Догляд за раслінамі грамадзяне павінны ажыццяўляць самастойна. Нельга размяшчаць на клумбах шыны, пластыкавыя бутэлькі, а таксама высаджваць інвазіўныя расліны і агародніну.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ