— Унутрычарапная гіпертэнзія — асноўная праблема, з якой даводзіцца сутыкацца неўролагам і нейрахірургам, — тлумачыць спецыяліст. — Але УЧГ — агульнае паняцце. Яго выклікаюць самыя розныя захворванні, звязаныя з парушэннем стану аднаго з трох кампанентаў чарапной каробкі: рэчыва галаўнога мозга, вянознай і артэрыяльнай крыві або ліквару (вадкасці, якая абмывае мозг і выконвае ахоўную і пажыўную функцыю).
— Што часцей за ўсё выклікае пашкоджанні складнікаў нашага чэрапа?
— Сярод асноўных фактараў — чэрапна-мазгавыя траўмы, пухліны (як дабраякасныя, так і злаякасныя), парушэнні кровазабеспячэння, запаленчыя працэсы. У шэрагу выпадкаў прычыны павышэння чарапнога ціску досыць складана бывае ўстанавіць.
— Як выяўляецца УЧГ? Ці ёсць у яе нейкія адметныя, характэрныя выключна для яе сімптомы?
— Асноўная скарга пацыентаў з унутрычарапной гіпертэнзіяй — распіраючы галаўны боль. На яго піку з’яўляецца млоснасць, ваніты. Яшчэ, як правіла, боль суправаджаецца зніжэннем зроку. Адметных прыкмет, нейкіх спецыфічных маркераў болю пры УЧГ няма. Для пастаноўкі дыягназу, высвятлення прычыны парушэння ціску ўнутры чэрапа заўсёды патрэбныя дадатковыя даследаванні.
— І якія гэта даследаванні звычайна?
— Перш за ўсё МРТ (магнітна-рэзанансная тамаграфія) і КТ (камп’ютарная тамаграфія). Афтальмалагічныя даследаванні дазваляюць выявіць застой дыскаў зрокавых нерваў — гэта паказвае на верагоднасць павышэння ўнутрычарапнога ціску. Акрамя таго, у залаты стандарт для ўстанаўлення УЧГ уваходзіць люмбальная пункцыя — медыцынская працэдура, пры якой праз пракол у паяснічным аддзеле пазваночніка выконваюць вымярэнне лікварнага ціску. У норме ціск ліквару ў галаўным мозгу дарослага складае ад 9 да 15 см воднага слупа.
— Ці звязаны паміж сабой артэрыяльная і ўнутрычарапная гіпертэнзія?
— Звязаны. Калі павышаецца артэрыяльны ціск, то рызыка павышэння ўнутрычарапнога ціску, развіцця кровазліцця павялічваецца. Спачатку мозг усяляк спрабуе справіцца самастойна, уключае аўтарэгуляцыю, каб незалежна ад змен артэрыяльнага ціску падтрымліваць сталы крывацёк, абараняючы сябе ад ішэміі ці ацёку. Але з часам аўтарэгуляцыя можа парушыцца, і гэта пагражае здушваннем функцыянальна значных структур галаўнога мозга. Унутрычарапная гіпертэнзія ў сваю чаргу здольная правакаваць павышэнне або падзенне артэрыяльнага ціску.
— Ці можна пры УЧГ абмежавацца медыкаметознай тэрапіяй?
— Безумоўна. Многія людзі з унутрычарапной гіпертэнзіяй, прытрымліваючыся сімптаматычнага лячэння, дзесяцігоддзі жывуць і прадуктыўна працуюць. Хірургічнае ўмяшанне — гэта крайняя мера, калі ніякай альтэрнатывы ўжо не застаецца.
— У якіх выпадках без аперацыі ўсе ж такі не абысціся?
— Хірургічнае ўмяшанне непазбежна пры пухлінах, кровазліццях, траўмах, гідрацэфаліі галаўнога мозга. Часам мы не ў сілах спыніць нейкі працэс, але вельмі важна патрапіць да спецыялістаў своечасова. У нас у РНПЦ аказваюцца пацыенты на запушчаных стадыях. На жаль, іх нямала, і яны патрабуюць сур’ёзных, шматгадзінных аперацый.
— Мабыць, пасля такіх складаных аперацый якасць жыцця людзей непазбежна прыкметна зніжаецца?
— Вядома, некаторыя абмежаванні ў такіх людзей ёсць. Але многім гэта не перашкаджае прадуктыўна жыць і працаваць.
— Якіх правіл трэба прытрымлівацца, каб не запускаць свой стан і, калі ўжо трапляць у рукі хірургаў, то своечасова?
— Перш за ўсё не варта грэбаваць дыспансерызацыяй. Яна дазваляе выяўляць захворванні на іх старце. З улікам вашых скаргаў урачы дадуць рэкамендацыі, накіруюць на дадатковыя даследаванні, каб удакладніць дыягназ. Любы (тым больш рэгулярны) боль нельга ігнараваць.
Вольга ПАКЛОНСКАЯ,
фота аўтара