Вясёлыя гісторыі чытачоў.
«От, каб мне ды машыну, — уздыхаў адзін зяць. — Я б вас, мама-тата, усюды звазіў, хоць сабе і на мора. А ўжо ў касцёл...»Мама з татам — цесць з цешчай — свайму зяцю верылі. Яны, каб «Жыгулі» купіць, даўно ў чаргу запісаліся. Праўда яе, нават асобнай, ільготнай для ветэранаў вайны, трэба было гадамі чакаць. А дзецям (зяцю з дачкой) машыну хацелася цяпер.
Цесць з цешчай выйсце знайшлі, само жыццё падказала: старшыня калгаса папрасіў лішні год папрацаваць на ферме і тады...
Не падвёў, паспрыяў пенсіянерам, і яны спраўдзілі-такі блакітную зяцеву мару — купілі машыну. Праўда, па дакументах новенькая «Лада» належала цесцю (бо калі «перапісаць», казалі бывалыя, зяць нікуды не падвязе. Будзе як у песні:
Цешча мая, цешча,
Ты купі мне «Ладу»,
Я з дачкой паеду,
Ты ганіся ззаду).
Гэта вось да мора на машыне так і не з’ездзіла, а да касцёла — дык часта зяцёк падвозіў: іншых пасажыраў браць не любіў (баяўся падвеску перагрузіць)... І калі нехта дзверцамі ляпаў, у яго аж вусны бялелі. «Ты чаго над ёю трасешся, як над хворым дзіцем? — пытаўся цесць. — Гэта ж толькі машына: хоць твая, хоць тая, што Рэйган ездзіць, а ўсё роўна жалеза, лом. Над сям’ёю лепей трасіся».
Гэта была прыказка, а вось зараз — «казка».
Рыба ва ўсе часы шукала, дзе глыбей, а чалавек, дзе лепей. Гадоў 50 таму на слыху былі многія новабудоўлі. Толькі глухі не чуў, якія яны патрэбныя, колькі народу сабралася, як зладжана ўсе працуюць і добра жывуць, а ўжо зарабляюць...
Уявіўшы гэта, Вася (і ці толькі ён?!) сарваўся з месца, паехаў: планаваў, што будзе працаваць, з кожнай зарплаты адкладваць грошы і нарэшце купіць машыну.
Была такая мэта ў хлапца. Праўда, шлях да яе выглядаў цяжкаватым і даўгаватым. Але ён бы прайшоў, калі б нейкі гумарыст не перапеў вельмі папулярнае тады:
А где мне взять такую тещу,
Чтобы купила «Жигули»,
И что б никто не догадался,
Что это деньги не мои...
Спадабаліся хлопцу гэтыя словы. А трохі раней — адна прыгожанькая дзяўчына: Вася танцаваў з ёй, дадому падводзіў, каля веснічак доўга трымаў, абдымаў-цалаваў...
У тыя васьмідзясятыя нявест на дзяжу ўжо амаль не садзілі, на цнатлівасць не правяралі, таму ўсе паслявясельныя радасці ў многіх пачыналіся задоўга ДА... І на хлопцах, як вядома, гэта ніяк не адбівалася, а вось на дзяўчатах... І чым далей, тым больш.
Вось і Васева зацяжарала. Яе бацькі, даведаўшыся, тут жа на перамовы да магчымага зяця, сватоў.
А тыя і не супраць як быццам: кажуць, што ажэніцца сын, але з вас... шэсць тысяч рублёў — хлопцу ў рукі. І яшчэ да вяселля.
Бацькі маладзіцы ў паніку: маўляў, адкуль у нас такія грошы (столькі тады каштавала машына)? Мы не зможам сабраць... Ды калі і атрымаецца, то не Васю ж іх аддаваць, тым болей авансам...
Сваты ў адказ: «Як сабе хочаце, але тады ваша дачка — вашы клопаты. Мы не саступім!».І такі ж праўда — слова стрымалі: будучыя цесць з цешчай нідзе не дзеліся — на сёмым месяцы цяжарнасці без ніякіх распісак аддалі Васю шэсць тысяч рублёў. Той купіў «Масквіч» і ўжо на ім павёз абранніцу ў ЗАГС, потым — у радзільню... І раз, і другі, і трэці.
Два сыны ў Васіля і дачка, добрыя адносіны з жонкай, з цесцем і цешчай... Папярэдняга торгу — як не было. Можа, гэта і правільна: жыццё занадта кароткае, каб помніць старыя крыўды.
Ганна К.
Астравецкі раён.