Top.Mail.Ru

«Звязда» захавала перадваенную гісторыю мінскага «Дынама»

Мы чытаем шмат кніг і глядзім мноства фільмаў пра жахі ваеннага ліхалецця. Мы захапляемся працоўным подзвігам людзей, якія аднавілі жыццё пасля вайны. А што мы ведаем пра жыццё людзей да вайны? Не пра тое, што ўвайшло ў падручнікі гісторыі. А пра звычайнае надзённае жыццё людзей да 22 чэрвеня 1941 года? Напэўна, яно віравала, людзі вучыліся, працавалі, займаліся спортам. І ўсведамленне таго, што ў адзін момант усё разбурылася палохае не менш, чым ваенныя трагедыі. 


Гісторыя не ведае ўмоўнага склону, але ж не забараняе падумаць, якім магло б быць жыццё тых людзей, калі б не 22 чэрвеня 1941 года. Ніхто ніколі гэтага не даведаецца. Але можа даведацца, як жылі людзі да... І дапамогуць у гэтым газеты — жывыя сведкі той гісторыі. І, канешне, родная газета на роднай мове. «Звязда» заўсёды асвятляла тое, што цікава і важна людзям. У тым ліку і спорт. 

«Спорт у нашай краіне стаў любімай справай савецкага народа. Ім захапляюцца дзеці і дарослыя. Моладзь і старыкі. Партыя Леніна-Сталіна, савецкі ўрад стварылі ўсе ўмовы для шырокага развіцця ўсіх відаў спорта. Фізічная культура мае выключнае значэнне для развіцця працоўнай дзейнасці, для абароны радзімы. Яна стала неад’емнай часткай камуністычнага выхавання мас. Фізічная культура выхоўвае ў народзе вынослівасць, бадзёрасць, умацоўвае здароўе, аблагарджвае чалавека», — пісала «Звязда» 2 лютага 1941 года, заклікаючы сваіх чытачоў далучацца да фізкультурнага руху. А галоўным у ім тады быў — футбол. Менавіта гэтаму віду спорту наша газета ўдзяляла найбольш увагі. З дапамогай роднага выдання здзейснілі невялікае падарожжа ў першую палову 1941 года і паглядзелі, якім тады быў беларускі футбол.

Чаго чакалі ад мінскага «Дынама»

«Футбольны сезон 1941 года ў Мінску будзе вельмі цікавым. — абяцала „Звязда“ ў нумары ад 11 красавіка 1941 года. — Упершыню Мінск прымае ўдзел у розыгрышы пяршынства СССР па футболу па футболу па першай групе паказальных каманд майстроў. Чэсць рэспублікі будзе адстойваць каманда майстроў ордэна Леніна спартыўнага таварыства „Дынама“ (Мінск)». 

Па ўстаноўленаму правілу каманды павінны былі сустрэцца па два разы: раз на сваім полі, і другі — на полі праціўніка. Гэта значыць, што ў 1941 годзе добрага футболу ў Мінску было шмат. Футболам, здаецца жыў увесь горад. «На стадыёне „Дынама“, дзе будуць праходзіць першы і наступныя матчы, дзейна рыхтуюцца да пачатка сезона. Рамантыруюцца трыбуны, мастацкі афармляецца галоўны фасад. Увесь стадыён упрыгожваецца партрэтамі правадыроў партыі і ўрада, лозунгамі і плакатамі», — пісала «Звязда» 19 красавіка. 

Да адказнага сезону мінская каманда падрыхтавалася грунтоўна. 

Напярэдадні першынства «Дынама» правяла плённы збор у Грузіі. «Добры футбаліст павінен быць усебакова развітым спартсменам. Таму асноўным у трэніровачных занятках у нас быў упор на падрыхтоўку каманды ў фізічных адносінах. Ігракі займаліся гімнастыкай, стралковым спортам, хадзілі на лыжах і сістэматычна праводзілі падвіжныя ігры з мячом. — расказваў нашай газеце трэнер каманды Леў Карчабокаў. — Праведзеныя вучэбна-трэніровачны збор і таварыскія сустрэчы па футболу з мацнейшымі камандамі паказалі, што большасць футбалістаў каманды мінскага „Дынама“ ў многім павысіла тэхніку ігры. Усё гэта дае магчымасць спадзявацца, што дынамаўцы апраўдаюць сябе ў прадстаячых сустрэчах».

Як каманда апраўдвала чаканні 

Першы матч адбыўся 27 красавіка. І канешне, заняў прыстойнае месца на звяздоўскай паласе. «Моцны парывісты вецер, пасмурнасць і дождж не перашкодзілі любіцелям футбола прыйсці 27 красавіка на стадыён, каб паглядзець адзін з цікавейшых футбольных матчаў — на пяршынства СССР па футьолу паміж камандамі майстроў спартыўных таварыстваў „Дынама“ (Мінск) і „Спартак“ (Ленінград). Яшчэ задоўга да пачатку матча трыбуны стадыёна пачалі запаўняцца гледачамі. — так пачынаўся рэпартаж. — З лікам 2:1 у карысць мінскага „Дынама“ закончылася гэта цікавая сустрэча. Дынамаўцы прывялі ў захапленне каля чатырох тысяч гледачоў сваёй невычарпальнай энргіяй, быстратой атак, упорным ікмненнем да выйгрышу. Асабліва трэба адзначыць упорнага стараннага і фізічна моцнага паўабаронцу Маляўкіна. Абодва таймы ён іграў у поўную сілу. 

1 (2).jpg

Мінская футбольная каманда «Дынама» — 1941 год

Добра размяркоўваў мячы паўабаронца — капітан каманды Салаўёў. Вялікую стараннасць і тэмпераментнасць праявіў і нападаючы Панамароў. Надзейны і ўпэўнены быў варатар Дорахаў». Варта адзначыць, што ўсе футбольныя рэпартажы «Звязды» і сёння ўражваюць дакладнасцю, веданнем нюансаў гульні і нават аналітыкай. Стандарты якасці — наша нязменная фішка. 

Але вернемся да футболу 1941-га года. 11 мая каманда мінскага «Дынама» сустрэлася з маскоўскім «Дынама». Упершыню беларусы гулялі ў Маскве. І прыемна здзівілі гледачоў, перамаглі з вынікам 1:0. Праз некалькі дзён «Звязда» паведаміла, што 17 мая на мінскім стадыёне «Дынама» адбыўся чарговы матч на пяршынства СССР па футболу. Дынамаўцы Мінска сустрэліся з адэскімі спартакаўцамі. Гульня скончылася з вынікам 3:1 у карысць «Спартака». 

  • 21 мая малады калектыў мінскага «Дынама» ўпершыню гуляў у Ленінградзе. Анансуючы гэты матч «Звязда» папярэджвала, што будзе няпроста: «Ленінградскае „Дынама“ — адна з старэйшых і сільнейшых футбольных каманд СССР па футболу. Некалькі год яна ўдзельнічала ў розыгрыш пяршынства і кубка СССР па футболу. Не раз яна была сур’ёзным прэтэндэнтам на заваяванне пяршынства. Ленінградцы маюць вялікі вопыт з усесаюзных і міжнародных футбольных сустрэч».
  • 10 чэрвеня 1941 года мінскае «Дынама» на сваім полі сустракала каманду майстроў-футбалістаў маскоўскага «Дынама», чэмпіёна СССР па футболе. Гэты матч не мог не зацікавіць карэспандэнтаў «Звязды». «Задоўга да пачатку матча трыбуны стадыёна пачалі запаўняцца гледачамі. Каля 10 тысяч чалавек прыйшло паглядзець гэты адзін з самых цікавейшых матчаў футбольнага сезона. Чаканнні любіцеляў футбола ўпаўне апраўдаліся. Гледачы ўбачылі ўчора яркую, жывую ігру, багатую вострымі момантамі. Маскоўскае „Дынама“ — адна з старэйшых і лепшых футбольных каманд краіны. Высокі клас яе ігры і выдатная тэхніка вядомыя не толькі ў Савецкім Саюзе. Многія каманды Еўропы пацярпелі паражэнні ад дынамаўцаў. Тры разы маскоўскае „Дынама“ выходзіла пераможцам у спаборніцтвах на пяршынства краіны па футболу, у 1937 годзе заваявала Кубак СССР. Гэты сезон масквічы пачалі вельмі энергічна. Яны ўпэўнена лідэрствуюць. З 14 магчымых дынамаўцы набралі 11 ачкоў. Гэта сустрэча была вялікім выпрабаваннем для мінскага „Дынама“. І трэба сказаць, што выпрабаванне мінская каманда вытрымала бліскуча. Высокай тэхніцы і натрэніраванасці масквічоў мінчане проціпаставілі волю да перамогі, невычарпальную энергію і напорыстасць. Лік 3:2 на карысць гасцей. Такі вынік ігры з чэмпіёнам па краіны па футболу з’яўляецца вялікім дасягненнем для калектыва мінскага „Дынама“, упершыню выступае ў розыгрышы пяршынства па групе майстроў», — месца на паласе для рэпартажу не пашкадавалі. 

Чаго не чакаў ніхто...

А ўжо 15 чэрвеня стадыёне «Дынама» імя Кірава дынамаўцы Мінска прымалі каманду «Стаханавец» (Сталіно). Гульня скончылася з лікам 2:1 на карысць «Стаханаўца». Тады яшчэ ніхто не ведаў, што гэта апошні матч мінскага «Дынама» ў рамках першынства СССР. Да вайны заставаўся роўна тыдзень... І які дзіўны паварот лёсу: першы матч пасля вяртання Кубка футбола СССР у 1944 годзе мінская каманда правяла са «Стаханаўцам». Але гэта была і зусім іншая каманда, ды і зусім іншае жыццё. 
«Звязда» за 22 чэрвеня 1941 года коратка паведаміла, што напярэдадні мінскае «Дынама» правяло таварыскую сустрэчу са зборнай Мінска. Матч, як не выклікаў вялікай цікавасці ў газетчыкаў, увайшоў у гісторыю як апошні перадваенны матч у Мінску. А дамашні важны матч «Дынама» супраць маскоўскай каманды «Прафсаюзы-2», запланаваны на 23 чэрвеня, так у гісторыю і не ўвайшоў. Бо не адбыўся...

2 — копия.jpg

Заметка «Звязды» аб першым матчы

А спартсмены замест футбольнага поля аказаліся на поле бою. Асвятляючы падрыхтоўку каманды да сезону «Звязда», адзначала, што састаў каманды — наймацнейшы. У першыя гадзіны вайны футбалісты накіраваліся ў Маскву, дзе фарміравалася Асобная мотастралковая брыгада асаблівага прызначэння, ў склад якой залічылі і мінскіх дынамаўцаў. Але не ўсе дабраліся да Масквы. Нападаючы Васіль Панамароў ў Магілёва запісаўся ў апалчэнне. І загінуў без вестак у жорнах вайны. Разам са сваёй камандай у склад асобнай мотастралковай брыгады быў уключаны і трэнер Леў Карчабокаў. На фронце футбалісты змагаліся гэтак жа самаадана, як і на полі. Але, не ўсе дачакаліся перамогі. Форвард Эрык Рэйстэр у 1942 памёр ад атрыманых на фронце раненняў. Загінуў і Аляксандр Ортынг — футбольны абаронца і Абаронца Радзімы. Некаторым футбалістам пашчасціла выжыць. Аляксандр Абрамаў пасля вайны вярнуўся ў футбол. Канстанцін Балясаў таксама вярнуўся з вайны жывым. 

Тая каманда мінскага «Дынама» больш ніколі не сабралася разам. І «Звязда», асвятляючы беларускі футбол, пісала ўжо пра іншыя каманды і іншыя прозвішчы. Але ж памяць і друкаванае слова застаюцца назаўсёды. 

Валерыя СЦЯЦКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю