Заносы на дарогах, перабоі ў руху транспарту, рызыка абвальвання снегу з дахаў, мноства бытавых цяжкасцяў для насельніцтва... Магутны цыклон, які абрынуўся на краіну ў пачатку 2026 года, прынёс з сабой моцныя снегапады і рэзкае пахаладанне, а яшчэ — сур’ёзныя выпрабаванні для інфраструктуры. Спатрэбіліся сілы ўсіх і кожнага: ад камунальных службаў да простых грамадзян.
Заўсёды напагатове
Як паведамілі ў Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі, на расчыстцы вуліц і дарог па ўсёй краіне было задзейнічана больш за 4 тысячы работнікаў ЖКГ. Праца вялася ў кругласутачным рэжыме, што дазволіла паступова нармалізаваць сітуацыю на асноўных транспартных артэрыях. Але ў задачы камунальных службаў уваходзіла не толькі расчыстка праезнай часткі, але і прыбіранне дваровых тэрыторый, тратуараў, вонкавых лесвіц.
Асаблівая ўвага ўдзялялася бяспецы пешаходаў: усе пешаходныя зоны і дарожныя пакрыцці сістэматычна апрацоўваліся супрацьгалалёднымі сродкамі. Акрамя таго, у кругласутачным рэжыме праводзілася ачыстка дахаў будынкаў ад снежных мас, наледзі і ледзяшоў. У месцах, дзе існавала рызыка падзення снегу або лёду, устанаўліваліся знакі бяспекі і сігнальныя агароджы. На ўстараненні
наступстваў снежнага цыклону, як паведамілі ў Міністэрстве транспарту і камунікацый, 11 студзеня на рэспубліканскіх і мясцовых дарогах працавалі каля 2 тысяч адзінак спецтэхнікі: трактароў, аўтагрэйдараў, ротараў, пагрузчыкаў, песка- і солеразмеркавальнікаў. Усяго было прыцягнута больш за 2,4 тысячы работнікаў і 285 адзінак спецтэхнікі. А для супрацьгалалёднай апрацоўкі дарог рэспубліканскія дарожныя арганізацыі ў перыяд з 8 да 11 студзеня выкарыстоўвалі каля 53 тысяч тон солі і пясчана-саляной сумесі.
Маштабы праведзенай работы можна ўбачыць на прыкладзе Мінскай вобласці. За адну толькі ноч, з 11 на 12 сту-
дзеня, сіламі супрацоўнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі рэгіёна было расчышчана звыш 2,7 тысячы кіламетраў дарог. Па даных ДА «ЖКГ Мінскай вобласці», на лініі працавала 100 адзінак спецтэхнікі. Вынікам начной працы стала таксама расчыстка 38 тысяч квадратных метраў пешаходных шляхоў тратуараў. За названы перыяд было вывезена 3950 кубаметраў снегу, а на апрацоўку вуліц і дарог зрасходавана 533 тоны рэагентаў.
Узмоцнены кантроль быў і на аб’ектах электрасеткавага комплексу, у тым ліку і за работай падстанцый і станам ліній электраперадачы. Як паведамляюць у Міністэрстве энергетыкі, на выпадак няштатных сітуацый былі падрыхтаваны рэзервовыя аўтаномныя крыніцы электразабеспячэння, для аператыўнага рэагавання поўнасцю ўкамплектаваны 673 аварыйна-аднаўленчыя брыгады агульнай колькасцю 2,5 тысячы спецыялістаў.
Мы — разам
У ліквідацыі наступстваў снегападу прымалі ўдзел не толькі спецыяльныя службы і ведамствы. Так, у Партызанскім раёне Мінска да работы падключыліся падапечныя крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Расчыстка снегу праводзілася на тэрыторыі Мінскага гарадскога сацыяльнага пансіяната «Гармонія», а таксама цэнтра часовага знаходжання для асоб без пэўнага месца жыхарства. За некалькі гадзін актыўнай працы супрацоўнікам удалося расчысціць асноўныя пешаходныя дарожкі, падыходы да будынкаў і пад’язныя шляхі для спецтранспарту — цяпер людзі могуць выходзіць на прагулкі, не рызыкуючы атрымаць траўму.
Не засталіся ўбаку і супрацоўнікі органаў унутраных спраў. Гісторыя, якая адбылася ў Баранавічах, наглядна дэманструе іх гатоўнасць прыйсці на дапамогу грамадзянам у няпростых умовах надвор’я. Па даных УДАІ ГУУС Брэсцкага аблвыканкама, падчас вячэрняга патрулявання на трасе Р-4 інспектары ДАІ заўважылі аўтамабіль, які стаяў з уключанай аварыйнай сігналізацыяй. Як высветлілася, ён заглух у дарозе і жанчына, якая была за рулём, не магла завесці машыну самастойна. Пакідаць маці з дзецьмі на марозе не сталі — прыезду эвакуатара сям’я чакала ў цёплым салоне службовага аўтамабіля, пасля выказаўшы інспектарам шчырую падзяку.
Намаганні падраздзяленняў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях гэтымі днямі таксама былі накіраваны ў тым ліку і на дапамогу грамадзянам, якія аказаліся ў цяжкім становішчы. Гомельскія ратавальнікі не раз займаліся буксіроўкай транспарту: у Жыткавічах, напрыклад, — рэйсавага аўтобуса, а ў Петрыкаўскім раёне — грузавога аўтамабіля, заблакіраванага на дарозе паміж вёскамі. 10 студзеня супрацоўнікі МНС Брэсцкай вобласці адбуксіравалі аўтобус і аўтамабіль хуткай медыцынскай дапамогі. Змагаліся са стыхіяй і ратавальнікі Мінскай вобласці — за мінулыя дні даставаць з-пад снегу транспарт прыходзілася больш чым
70 разоў. Найбольшая колькасць такіх зваротаў была зафіксавана ў Мінскім, Салігорскім і Барысаўскім раёнах. Да таго ж па ўсёй Беларусі ратавальнікі дапамагалі ў прыбіранні снегу, асабліва на сацыяльна значных аб’ектах, расчышчаючы тэрыторыі і пад’язныя шляхі да такіх устаноў.
З першых дзён непагадзі на вуліцы краіны выйшлі актывісты і валанцёры. Напрыклад, у Гродзенскай вобласці хлопцы і дзяўчаты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных дапамагалі адзінокім пажылым людзям, расчышчаючы тратуары і двары, ствараючы бяспечныя праходы да дамоў пенсіянераў. У Смаргоні працоўны дэсант расчысціў пешаходныя дарожкі і праезную частку, праход да студні, а таксама дваровую тэрыторыю 82-гадовай пенсіянерцы, былой вязніцы канцлагера. А ў Астравецкім раёне юныя ратавальнікі прыйшлі на выручку 76-гадовай жыхарцы вёскі Белькішкі, якая з-за ўзросту і стану здароўя не магла справіцца з прыбіраннем снегу самастойна.
Валанцёрскія атрады для дапамогі адзінокім грамадзянам і інвалідам арганізоўвалі і шматлікія ўстановы адукацыі, як гэта зрабілі навучэнцы Навагрудскага дзяржаўнага каледжа тэхналогій і бяспекі, курсанты Універсітэта грамадзянскай абароны МНС, Акадэміі МУС. Усе работы праводзіліся ва ўзаемадзеянні з гарадскімі службамі і былі арганізаваны ў строгім планавым рэжыме. У адрас моладзі паступілі дзясяткі падзяк за дапамогу і неабыякавасць.
Расслабляцца рана
На змену снегападам прыйшла новая навала — моцныя маразы. «У нашу краіну пачало паступаць халоднае арктычнае паветра, і ў начны час па краіне тэмпература апусціцца да −20 °С і ніжэй, — адзначае першы намеснік начальніка Белгідрамета Таццяна Чатырко. — Халоднае надвор’е, прыкладна на 4-5 градусаў ніжэй за кліматычную норму, захаваецца і ў наступныя двое сутак».
У сувязі з рэзкім пахаладаннем Галоўнае ўпраўленне ДАІ МУС Беларусі нагадвае грамадзянам аб мерах бяспекі, бо ў такіх умовах да звыклых сезонных праблем дабаўляюцца цяжкасці з запускам рухавіка, абмярзанне шкла, замкоў. Каб пазбегнуць непрыемнасцяў на дарозе, рэкамендуецца загадзя праверыць стан акумулятарнай батарэі, пераканацца ў спраўнасці сістэмы астуджэння рухавіка, ацяплення салона і абагрэву шкла.
Акрамя таго, перад пачаткам руху важна цалкам ачысціць аўтамабіль ад снегу і наледзі, а таксама мець у салоне шчотку са скрабком, лапату, буксіровачны трос і правады для «прыкурвання». Усе манеўры — перастраенні, разгоны і тармажэнні — павінны выконвацца максімальна плаўна і на бяспечнай хуткасці, каб не справакаваць занос. Пешаходам таксама неабходна быць вельмі ўважлівымі: нават на рэгуляваных пераходах трэба пераканацца, што вадзіцелі паспелі знізіць хуткасць і спыніцца.
Супрацоўнікі органаў унутраных спраў і ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў МУС, у сваю чаргу, прадоўжаць аказваць усебаковае садзейнічанне дарожным і камунальным службам у прыбіранні снегу, дапамагаць аўтааматарам на дарогах. У ведамстве таксама папярэдзілі, што транспартныя сродкі, пакінутыя ў месцах, дзе яны могуць перашкаджаць рабоце снегаўборачнай тэхнікі (уздоўж праезнай часткі або ў дварах), будуць эвакуіраваны. Дарэчы, аўтаўладальнікам, якія трапілі ў нязначныя дарожна-транспартныя здарэнні без пацярпелых, рэкамендавана афармляць еўрапратаколы. Кругласутачныя кансультацыі па правілах іх складання можна атрымаць у кол-цэнтры Беларускага бюро па транспартным страхаванні.
Аміна НАЗАРАВА