Па ўсёй краіне супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях прафесійна спраўляюцца з вогненнай стыхіяй, у прамым сэнсе выцягваюць людзей з таго свету. Аднак не заўсёды ў крытычнай сітуацыі ёсць каму выклікаць ратавальнікаў, а чалавеку, каб атруціцца чадным газам, як вядома, дастаткова ўсяго некалькіх хвілін...
Па стане на 2 лістапада ў Беларусі адбылося 5420 пажараў, у якіх загінулі 428 чалавек, у тым ліку чацвёра дзяцей. Траўмы на пажарах атрымаў 501 грамадзянін.
Пік пажараў з гібеллю людзей у жылым фондзе, як звычайна, выпадае на кастрычнік — красавік. Гэта звязана з больш актыўнай эксплуатацыяй пячнога абсталявання і электрасетак. Па словах афіцыйнага прадстаўніка Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўгена БАРАНОЎСКАГА, негатыўная абстаноўка будзе толькі нарастаць. «У снежні — студзені чакаецца пік гэтага росту, — удакладняе ён. — Таму Міністэрства па надзвычайных сітуацыях настойліва заклікае грамадзян задумацца аб пажарнай бяспецы ў жыллі».
Смяротная звычка
Толькі ў Мінскай вобласці па стане на 2 лістапада з пачатку года адбыліся 1273 пажары, што на 7 % больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. «На пажарах загінулі 111 чалавек, у тым ліку дзіця, — адзначае начальнік сектара інфармацыі і грамадскіх сувязяў Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Алена НЕМАГАЙ. — Найбольшая колькасць людзей загінула ад узгаранняў, якія адбыліся па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём — 64 чалавекі. З-за неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні загінулі 54 чалавекі. Ад агульнай колькасці загінулых у стане алкагольнага ап’янення знаходзіліся 48 чалавек».
Менавіта неасцярожнасць пры курэнні прывяла да гібелі дваіх чалавек у вёсцы Слабодка Бабруйскага раёна. Ахвярамі пажару сталі 53-гадовая хатняя гаспадыня і яе 33-гадовы пляменнік.
Падчас ліквідацыі ўзгарання ў адным са шматпавярховых дамоў Салігорска супрацоўнікі МНС выявілі ў кватэры мужчыну без прыкмет жыцця. Работнікамі хуткай медыцынскай дапамогі была канстатавана смерць гаспадара. Меркаваная прычына ўзнікнення пажару — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.
Большасці пажараў можна было б пазбегнуць, калі б людзі не курылі ў памяшканні і пры гэтым не выпівалі.
Рыхтуйце печ загадзя
Пажары істотна зменшыліся б, калі б людзі загадзя рыхтаваліся да пахаладання: упэўніліся ў надзейнасці электраправодкі і абагравальных прыбораў, праверылі і пры неабходнасці адрамантавалі печ.
Трагічны выпадак, які адбыўся ў Капыльскім раёне, прывёў да гібелі дваіх маладых людзей. Пры ліквідацыі ўзгарання ў прыватным доме ў вёсцы Сунаі супрацоўнікі МНС знайшлі целы дваіх мужчын: гаспадара хаты і яго знаёмага. Абое 1992 года нараджэння. Паводле папярэдняй інфармацыі следства, названы дом выкарыстоўваўся ў якасці лецішча. Напярэдадні мужчыны прыехалі ў вёску, працавалі і адпачывалі на ўчастку. Разглядалася некалькі версій узнікнення пажару. Сярод іх — парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога абсталявання і кароткае замыканне электраабсталявання.
Асноўнымі прычынамі, якія прыводзяць да ўзнікнення пажараў у працэсе эксплуатацыі пячнога ацяплення, з’яўляюцца скразныя расколіны ў корпусе печы, а таксама ў яе коміне, пераграванне, размяшчэнне на печы гаручых рэчываў і матэрыялаў, а таксама забруджванне коміну сажай. Пры аглядзе печы асаблівую ўвагу ратавальнікі рэкамендуюць удзяліць цэласнасці канструкцыі. У выпадку выяўлення расколін у муры іх неабходна замазаць спецыяльным герметыкам або гліняным растворам з дабаўленнем цэменту, расколатую цэглу лепш замяніць. Для вызначэння расколін на ранняй стадыі комін павінен быць атынкованы і пабелены.
Пры наяўнасці перад топачным праёмам печы, якая працуе на цвёрдым паліве, падлогі з гаручых матэрыялаў павінна быць прадугледжана яе абарона негаручым матэрыялам. Перадтопачны ліст павінен быць не меншым за паўметра шырынёй і не меншым за 0,7 метра даўжынёй. Размяшчэнне гаручых рэчываў і матэрыялаў на ім не дапускаецца. Немалаважным этапам у падрыхтоўцы печы да ацяпляльнага сезона з’яўляецца ачыстка коміна. Інакш у ім будзе назапашвацца вялікая колькасць сажы, што прывядзе да змяншэння цягі, атручвання чадным газам, а таксама паўторнага ўзгарання сажы і ў выніку — да пажару.
«У выпадку, калі вы не ўпэўнены ў сваіх сілах і ведах у галіне ўтрымання пячнога ацяплення, варта звярнуцца ў спецыялізаваныя арганізацыі, — адзначае Алена Немагай. — Спецыялісты дапамогуць якасна выканаць работы па праверцы, мантажы, рамонце печы, прачыстцы яе дымавых каналаў і труб».
Эфектыўным сродкам ранняга выяўлення пажару паранейшаму застаецца аўтаномны пажарны апавяшчальнік. «Дзякуючы спрацоўцы аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка сёлета выратавана больш як 50 чалавек, у тым ліку 19 дзяцей, — акцэнтуе ўвагу Яўген Бараноўскі. — У 2024 годзе дзякуючы прыбору захавана 93 жыцці, у тым ліку 21 — дзіцячае».
Вераніка КАНЮТА