У ліпені ў арганізацыі аховы здароўя Мінскай вобласці з прычыны прысмоктвання кляшчоў звярнуліся 433 чалавекі, у тым ліку 142 дзіцяці (32,8%). Такія звесткі прывялі ў Мінскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
Выпадкі прысмоктвання кляшчоў рэгістраваліся на ўсіх адміністрацыйных тэрыторыях вобласці, за выключэннем Крупскага, Смалявіцкага і Старадарожскага раёнаў.
Усяго з пачатку года па аналагічную медыцынскую дапамогу звярнуліся 1536 чалавек, з іх 533 — дзеці (34,7%). Часцей за ўсё кляшчы нападалі ў лясных масівах (47,5%), у сельскай мясцовасці і на дачных участках (32,3%), а таксама на тэрыторыях жылой забудовы (7,4%).
Спецыялісты адзначылі, што ўзбуджальнікі клешчавых інфекцый пранікаюць у арганізм чалавека пры прысмоктванні заражанага кляшча са сліной, праз мікратраўмы на скуры пры зняцці кляшча неабароненымі рукамі або выпадковым раздушванні, а таксама пры трапленні на кан’юнктыву вока. Вірус клешчавога энцэфаліту можа перадавацца пры ўжыванні ў ежу некіпячонага казінага (радзей — каровінага) малака з прыватнага падворка або прадуктаў яго перапрацоўкі. Кіпячэнне малака на працягу дзвюх хвілін цалкам забівае ўзбуджальніка клешчавога энцэфаліту.
Медыкі папярэджваюць: кляшча, які прысмактаўся, нельга апрацоўваць алеістымі рэчывамі (алеем, крэмам і да т. п.) і агрэсіўнымі вадкасцямі, такімі як бензін, каб пазбегнуць траплення змесціва кішэчніка кляшча ў рану.
Выдаляць кляшча лепш за ўсё ў медыцынскага работніка. Пасля гэтага варта абавязкова звярнуцца да ўрача-інфекцыяніста ці ўчастковага ўрача-тэрапеўта (педыятра) для прызначэння прафілактычнага лячэння — яно максімальна эфектыўнае ў першыя 72 гадзіны пасля ўкусу — і ўстанаўленні медыцынскага назірання.