Здавалася б, мы ўжо перажылі цыклон «Улі» і антыцыклон «Даніэль», але іх наступствы даводзіцца ліквідаваць да гэтага часу. Кожную раніцу камунальныя службы сталіцы пачынаюць з расчысткі снегу і наледзі ў дварах. Працягнулі руку дапамогі і валанцёры — прадстаўнікі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Іх намаганні сканцэнтраваны там, дзе дапамога патрэбна найперш. Карэспандэнты «Звязды» даведаліся падрабязнасці.
Ежа, лекі і клопат аб пажылых
Як расказаў першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта БРСМ Аляксей Пікус, у Мінску актыўна рэалізоўваецца ініцыятыва Мінскага гарадскога камітэта БРСМ «Снежны дэсант»: «З пачатку гэтага года каля 15 тысяч валанцёраў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі выйшлі на комплексную работу па ачыстцы снегу, тэрыторый, дапамогу інвалідам і пажылым людзям. Гэтая лічба з кожным днём павялічваецца. Актыўныя і мэтанакіраваныя маладыя людзі выходзяць на вуліцы горада дапамагаць установам адукацыі, аховы здароўя, прадпрыемствам, арганізацыям сталіцы прыбіраць снег. А таксама далучаюцца да ачысткі тэрыторый у дварах каля дамоў, транспартных сродкаў. Яны робяць свой унёсак у дапамогу камунальным службам горада і, вядома ж, Мінску ў цэлым. Наша галоўная мэта — дапамагчы ўсім, хто мае патрэбу».
Па словах Аляксея Пікуса, нашэсце цыклону «Улі» паказала, наколькі сёння моладзь комплексна падыходзіць да вырашэння праблем. «Шчыра скажу: моладзь дапамагала па ўсім фронце работ, пачынаючы ад адраснай дапамогі, перш за ўсё пажылым людзям і ветэранам і заканчваючы дапамогай камунальным службам. Гаворка не проста аб расчыстцы снегу, а аб дастаўцы медыкаментаў і прадуктаў. І мы працягваем займацца добрымі справамі».
Моцныя маразы — пара гарачая
Раніца ў сераду, калі слупок тэрмометра замёр на адзнацы −20, для актыву пярвічнай арганізацыі БРСМ Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта — час папрацаваць. Дзяўчаты і хлопцы прыхапілі лапаты, добры настрой і адправіліся ў Маскоўскі раён сталіцы чысціць снег. Адпачываць няма калі, бо днямі зноў абяцаюць моцныя снегапады.
На вуліцы Слабадская, 3, дзе менавіта і сабралася моладзь, пазнаёміліся з валанцёрам Арынай ГОЛЕЦ. «Я ўпершыню ўдзельнічаю ў акцыі „Снежны дэсант“, — падзялілася дзяўчына. — Але ў нашым універсітэце многія маладыя людзі падключаліся да прыборкі снегу гэтай зімой, і я падумала: чаму б і не?! Тым больш пагадзіліся выйсці і сяброўкі, разам весялей».
Валанцёр Аляксандра ШЧЭРБА родам з Пухавіцкага раёна. Дзяўчына расказала, што выйшла змагацца з наступствамі снегападаў і моцных маразоў як прадстаўнік актыву БРСМ ад ВНУ, дзе вучыцца, у буднія дні, а ў выхадныя абавязкова ездзіць дадому, дзе таксама дапамагае сям’і і блізкім, якія жывуць у вёсцы. «А хто, калі не моладзь? — задаецца пытаннем дзяўчына. — Вядома, калі будзе патрэбна дапамога, мы зноў возьмем лапаты ў рукі і пойдзем чысціць снег».
Валанцёр Ксенія БАШКЕВІЧ, па нашых уражаннях, валодае выдатнымі лідарскімі якасцямі. Дзяўчына з аптымізмам узялася за працу, як толькі прыехалі на неабходнае месца, а яшчэ і каманду актывістаў падбадзёрвала. «Нам трэба пачысціць снег і прыбраць лёд каля пад’ездаў, — расказала пра свае задачы на найбліжэйшы час яна. — Для мяне дапамога людзям — гэта аснова. Ведаючы, што Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі вельмі шмат удзельнічае ў мерапрыемствах, дзе патрэбны валанцёры, я папоўніла яго шэрагі яшчэ ў школе. Калі паступіла ва ўніверсітэт, вядома, працягнула дапамагаць людзям. Зіма і маразы правяраюць нас на трываласць. Але мы справімся!»
Гарачыя лініі працягваюць працаваць!
У прэс-службе Мінскага гарадскога камітэта БРСМ паведамілі, што валанцёры ініцыятывы «Снежны дэсант» прымаюць заяўкі па прыборцы снегу пажылым мінчанам, маламабільным грамадзянам, якія пражываюць у прыватным сектары. Акрамя гэтага, валанцёры гатовыя аказаць дапамогу ў колцы і складзіраванні дроў.
Пакінуць заяўку можна ў буднія дні з 9.00 да 18.00 па тэлефонах:
-
Заводскі раён — 8 (017) 343-54-57,
-
Ленінскі — 8 (017) 395-91-07,
-
Маскоўскі — 8 (017) 258-33-30,
-
Кастрычніцкі — 8 (017) 276-10-06,
-
Партызанскі — 8 (017) 294-33-23,
-
Першамайскі — 8 (017) 326-77-30,
-
Савецкі — 8 (017) 377-96-22,
-
Фрунзенскі — 8 (017) 338-20-91,
-
Цэнтральны — 8 (017) 377-28-48,
Мінскі гаркам БРСМ — 8 (017) 379-85-54.
У выхадныя дні гарачыя лініі раённых камітэтаў БРСМ працуюць у анлайн-рэжыме. Звярнуцца па валанцёрскую дапамогу ў рамках акцыі можна таксама ў чаце тэлеграм-канала «Мінск БРСМ».
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД