Праект быў прымеркаваны да 35-годдзя Федэрацыі прафсаюзаў. На гэту ініцыятыву адгукнуліся прафсаюзныя арганізацыі ўсіх галін і ўзроўняў. У выніку неабходную падтрымку атрымалі тысячы людзей і сотні сацыяльных устаноў.
— На працягу ўсёй сваёй гісторыі прафсаюзы аб’ядноўвалі людзей для аказання салідарнай дапамогі і падтрымкі тым, хто мае ў ёй патрэбу. І напярэдадні юбілейнай даты нацыянальны прафцэнтр аб’явіў аб старце дабрачыннага марафону, каб яшчэ раз падкрэсліць, што прафсаюзы заўсёды побач, — адзначылі ў прэс-службе ФПБ.
У марафоне не было строгіх рамак — кожная арганізацыя магла ўключыцца ў яго рэалізацыю па-свойму. На працягу месяца прафкамы прадпрыемстваў, рэгіянальныя і рэспубліканскія камітэты галіновых прафсаюзаў аказвалі неабходную дапамогу пажылым людзям, сем’ям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, цяжкахворым дзецям, інтэрнатным установам для дзяцей і дарослых, хоспісам, прытулкам для жывёл.
— Прычым размова ідзе не толькі аб матэрыяльнай дапамозе — закупцы неабходнага абсталявання, зборы і перадачы грашовых сродкаў. Прафкамы арганізоўвалі турыстычныя паездкі для ветэранаў працы, канцэрты для пастаяльцаў інтэрнатаў, забаўляльныя мерапрыемствы для выхаванцаў дзіцячых дамоў і сацыяльна-педагагічных цэнтраў, майстар-класы для маладых інвалідаў. Усё гэта знаходзіла жывы водгук у людзей, — расказалі ў прэс-службе ФПБ.
Таксама ў рамках марафону праведзены дзясяткі мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні. Гэта рэканструкцыя помнікаў, рамонт дзіцячых пляцовак, прыборка лесапаркавых і прыбярэжных зон, высадка алей і шмат іншага.
— Прафсаюзны «Марафон добрых спраў» яшчэ раз пацвердзіў: не бывае значнай або нязначнай дапамогі. Нават адна маленькая справа часам здольна змяніць нечае жыццё: калі, напрыклад, агульнымі намаганнямі членаў прафсаюза той ці іншай арганізацыі збіралася неабходная дапамога цяжкахворым дзецям, калі шчырая спагада і ўвага дапамагалі пераадолець тыя ці іншыя складанасці, — адзначылі ў прэс-службе ФПБ. — І, безумоўна, нягледзячы на афіцыйны фінал гэтага марафону, дабрачынныя прафсаюзныя акцыі працягваюцца.
Алена КРАВЕЦ