Найлепшая страхоўка нашага жыцця
Умілаваныя вернікі, дарагія браты і сёстры, людзі добрай волі!
Вітаю вас у гэты самы ўрачысты дзень літургічнага года. Вось настаў яшчэ адзін Вялікдзень у нашым жыцці.
Езус, выходзячы з магілы, пераадольвае ўсе межы. Езус Хрыстус вызваляе нас ад страху смерці і тым самым вызваляе нас ад усялякіх чалавечых страхаў: ад страху перад хваробай, няшчасцем, перажываннем розных цярпенняў і несправядлівасці. Гэта таксама дазваляе нам пераадольваць межы ў нашым рэлігійным жыцці. Можа, кагосьці з нас пераследуе нейкі грэх, цяжкі ці лёгкі, ад якога мы даўно марым вызваліцца. Уваскрослы Пан дае нам сілу і надзею на перамогу, вызваляе нас ад усялякага зняволення граху, бо Ён — наш Валадар і Збаўца.
Нават калі зямная любоў маці падвядзе, Божая любоў нязменная, а чалавек накрэслены на далонях Божых — гэта сімвалізуе вечную памяць і клопат Бога пра нас. Бог не адварочваецца ад чалавека з-за яго слабасцяў і памятае пра нас, незалежна ад абставінаў.
Каб нешта запісаць, казаў святы Антоній Падуанскі, патрэбныя папера, чарніла і пяро. Бог, каб не забыць пра чалавека, запісвае імя кожнага з нас на далонях Хрыста; у якасці чарніла Ён выкарыстоўвае кроў Езуса; у якасці пяра — Бог прымяняе цвікі. Тэкст гэты можна перакласці таксама выказваннем самога Бога: «Вось, Я выгравіраваў цябе на далонях Маіх». Таму Езус паказвае нам свае далоні, каб паказаць сваю нязменную міласэрнасць! Гэта пасланне не для дня парузіі (другога Яго прыйсця), а для цяперашняга моманту, калі нам здаецца, што Бог кінуў нас, што Ён абыякавы да нас. Але Бог у гэты час не можа забыцца пра нас, бо менавіта ў гэты час, Бог паклікаў і выбраў менавіта нас. Ён нібыта выгравіраваў кожнага з нас на сваіх далонях, таму імя кожнага з нас гарыць на Яго руках і гучыць на Яго вуснах — гэта ратунак для нас.

Святы Аўгустын гаварыў: «Resurrectіo Domіnі, spes nostra — уваскрасенне Пана — наша надзея». Гэтым сцвярджэннем вялікі біскуп усім растлумачыў, што Езус уваскрос, каб мы не паддаліся роспачы, думаючы, што са смерцю жыццё канчаткова заканчваецца. Хрыстус уваскрос, каб даць нам надзею. Уваскрасенне Хрыста, які перамог смерць, становіцца для нас заклікам: варта ахвяраваць усё дзеля Настаўніка з Назарэта, бо Ён з’яўляецца крыніцай, сэнсам і завяршэннем жыцця кожнага з нас!
- Мае дарагія. Вернасць Бога — гэта найлепшая страхоўка нашага жыцця. Што б ні здарылася ў нашым жыцці, Бог заўсёды верны нам, незалежна ад нашых пачуццяў. Больш за тое, калі цяжка, Ён побач. Яго не расчароўвае наша слабасць. Калі мы падаем, Ён першы працягвае руку, каб дапамагчы нам устаць. Ён — наш Айцец, для якога мы важныя, унікальныя, настолькі каштоўныя, што Ён палічыў нас вартымі Яго смерці на крыжы за нас. Бог нязменны, таму нам заўсёды гарантавана Яго ласка. Ён засведчыў перад чалавецтвам бязмежную любоў і міласэрнасць да грэшнага чалавека, гарантуючы ўсім нам збаўленне і вечнае жыццё. І чакае ад нас, што мы станем Яго сведкамі, сведкамі Уваскрослага Хрыста ў мітусні гэтага свету.
Браты і сёстры. Сёння мы вітаемся «Хрыстус уваскрос!», і ад кожнага хочам пачуць у адказ «Сапраўды ўваскрос», бо такім чынам мы сведчым, што мы хрысціяне, значыць, належым да Хрыста, да Яго Праўды і да Яго Валадарства. Хрыстус Уваскрос! Хрыстус жыве! Ён жыве і хоча, каб і ты жыў. Кожны, хто дазваляе Уваскросламу Хрысту дакрануцца да свайго сэрца, як казаў папа Францішак, становіцца маладым — маладосцю Езуса Хрыста, што з’яўляецца найпрыгажэйшай маладосцю гэтага света. Будзем жа мы сапраўднымі сведкамі нашай веры ва Уваскрослага Пана! Няхай Эўхарыстыя — Пасхальная гасціна, якая ўслаўляе моц збаўчай любові Хрыста, — умацуе нашу веру ў Яго прысутнасць сярод нас. Ідучы па жыцці, давайце, па прыкладзе апосталаў, казаць сваім бліжнім, што Хрыстус «палюбіў іх аж да ахвяры свайго жыцця», што Ён памёр за іх, а на трэці дзень уваскрос і жывы! Давайце з любоўю, па прыкладзе Марыі Магдалены з паранку Змёртвыхпаўстання, пойдзем насустрач нашым братам і сёстрам, каб яны паверылі ў Хрыста і Яго ўваскрасенне! Няхай любоў растлумачыць ім усё, каб яны, як і мы, пазналі і паверылі ў Любоў (Мф. 28, 1-8).
Слёзы з твару выцірайце,
праганяйце з сэрцаў грэх.
Песні радасна спявайце,
хай гучыць вясёлы смех.
Уваскрос Пан над Панамі,
Ён жыве, Ён разам з намі.
Віншуючы з радасным святам надзеі, давяраю ўсіх вас Маці ўваскрослага Пана Багародзіцы Марыі і благаслаўляю: у Імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі,
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі