Top.Mail.Ru

З пытаннямі па аплаце працы медыкі могуць звярнуцца на гарачую лінію прафсаюза

У бягучым годзе ўступіў у сілу шэраг заканадаўчых навацый, якія датычацца змяненняў аплаты працы работнікам бюджэтных арганізацый. Напрыклад, з 1 студзеня павысілася базавая стаўка для аплаты працы ў бюджэтнай сферы і склала 270 рублёў. Другі напрамак, па якім вядзецца работа міністэрствамі бюджэтнай сферы і прафсаюзамі ў рамках сацыяльнага партнёрства, — гэта ўстанаўленне і павелічэнне ўзроўню стымулюючых выплат. У прыватнасці, такія рашэнні прыняты ўжо ў галіне аховы здароўя і адукацыі. Так, педагагічным работнікам павялічаны надбаўкі ад 20 да 55% ад акладу. Змяненні адбыліся і ў сферы аховы здароўя ў частцы павышэння надбаўкі ўрачам-спецыялістам (на 45% акладу).


Што датычыцца медыцынскіх работнікаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй, то ў адпаведнасці з пастановай профільнага міністэрства № 18 ад 07.02.2025 надбаўка за работу ў галіне павялічыцца ўвогуле на 35%. Працэс павышэння будзе адбывацца паэтапна: з 1 сакавіка 2025 года — на 10% акладу, з 1 верасня — на 10% акладу, з 1 снежня — яшчэ на 15% ад акладу.

У сувязі з новаўвядзеннямі медыцынскія работнікі могуць звярнуцца на гарачую лінію Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя. Свае пытанні па аплаце працы можна задаць спецыялістам па наступных тэлефонах: 8 (044) 584 72 27, 8 (017) 242 83 54, 8 (017) 390 97 99. Гарачая лінія працуе па аўторках, серадах і чацвяргах з 10.00 да 12.00 гадзін.

— Прафсаюз работнікаў аховы здароўя сумесна з Міністэрствам аховы здароўя ў рамках сацыяльнага партнёрства працягваюць працу па планамерным павышэнні памераў аплаты працы ў галіне. Напрыклад, адна з нашых агульных задач сёння — надбаўка па кантракце не менш за 30% для ўсіх медыцынскіх работнікаў. Акрамя таго, вядзецца далейшая работа па павелічэнні надбавак медыкам за кваліфікацыйныя катэгорыі, — растлумачыў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Вячаслаў Шыла. — Прафсаюзы таксама трымаюць на кантролі пытанні павышэння заработнай платы і своечасовасці яе выплаты, пры неабходнасці праводзяць тлумачальную работу ў працоўных калектывах і з дапамогай тэлефоннай гарачай лініі дапамагаюць вярнуць работнікам незаконна ўтрыманыя або нявыплачаныя грашовыя сродкі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю