Кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, прадстаўнікі Усебеларускага народнага сходу і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, судовага корпуса, ветэранскіх арганізацый, сілавых структур, грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый, маленькія і дарослыя жыхары і госці сталіцы ўскладалі кветкі і вянкі, аддаючы даніну памяці абаронцам Айчыны, героям Вялікай Айчыннай вайны.
Салдаты Перамогі
Галоўнымі героямі свята, вядома, сталі ветэраны. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Ядвіга Яробкіна сустрэла Перамогу ў Чэхаславакіі. У 1945-м яна працавала санітаркай у ваенна-санітарным цягніку, выносіла з поля бою параненых.
— Памятаю: Дзень Перамогі быў вельмі сонечны, танцавалі ўсе. Было весела, радасна. Не забыць ніколі. І пачатак вайны не забуду ніколі, — расказала ветэран. — Гэтыя моманты ніколі не забудзеш і не даруеш нікому. Хоць я па натуры ўсё дарую, усім дарую, зла не памятаю... Не забудуся ніколі. Бог усявышні бачыць, яны атрымаюць па заслугах.
Падзяліўся ўспамінамі і ветэран Фёдар Фешчанка, які ваяваў на 3-м Беларускім фронце і прымаў непасрэдны ўдзел у легендарнай наступальнай аперацыі «Баграціён». Аднак найважнейшым сваім дасягненнем ён лічыць не баявыя заслугі, а магчымасць жыць пад мірным небам: «Добра памятаю, як пачалася аперацыя „Баграціён“, як фарсіравалі Бярэзіну і пайшлі далей — Смалявічы, Калодзішчы... А потым дайшлі і да Мінска».
Не менш яскравым яго ўспамінам застаецца пачуццё вялізнай радасці ў момант, калі прыйшла вестка аб капітуляцыі фашысцкай Германіі. Таму, звяртаючыся да маладога пакалення, Фёдар Фешчанка з душэўным цяплом і шчырым клопатам дае наказ берагчы мір і памятаць пра цану Перамогі: «Цяпер вельмі шмат спакус. Хочацца пажадаць моладзі, каб яна не заблудзілася ў гэтым лабірынце, знайшла сябе і шанавала мір».
«Прыйшоў сюды з пачуццём гонару за сваіх продкаў»
З самай раніцы, нягледзячы на дождж, людзі неслі кветкі да манумента Перамогі. Ішлі цэлымі сем’ямі — удзячныя за жыццё і мірнае неба нашчадкі пераможцаў.
«Мы прыехалі сёння з Фаніпаля разам з дзецьмі, каб пакласці кветкі да Вечнага агню, — падзялілася Ірына Клімовіч. — Мой прадзед быў артылерыстам, са сваёй гарматай прайшоў ад Сталінграда да Прагі. Расказваю пра яго ўжо прапраўнукам, каб ведалі і ганарыліся».
«Я прыйшоў сюды з пачуццём гонару за сваіх продкаў. Мае прадзеды ваявалі за тое, каб мы былі свабодныя. Вельмі ганаруся іх подзвігам і лічу, што нельга забываць такія даты, такія падзеі і заўсёды трэбы памятаць пра сваіх герояў і продкаў», — падкрэсліў выхаванец ваенна-патрыятычнага клуба «Рысь» Аляксей Басарановіч.
Валерыя Самульцава з Мінскай гарадской арганізацыі РГА «Белая Русь» расказала, што яе прадзеды ваявалі ў Вялікай Айчыннай вайне. «Я вельмі ганаруся сваімі продкамі. Будзем у далейшым перадаваць з пакалення ў пакаленне памяць аб тых падзеях, нашу гісторыю. 9 Мая — свята памяці аб тым, якой цаной была атрымана свабода, мірнае неба над галавой», — падкрэсліла яна.
Аміна НАЗАРАВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ і БелТА