Мабільная сувязь у Беларусі — гэта 12 мільёнаў актыўных абанентаў і рынак ёмістасцю звыш 5 мільярдаў рублёў. Сотавыя сеткі пакрываюць амаль 95 % тэрыторыі краіны і забяспечваюць работу гандлю, лагістыкі і экстранных службаў. Між тым ёсць і праблемныя пытанні. Ці ўсюды даступны якасны сігнал? Калі знікнуць «белыя плямы» на карце? Ці можна сэканоміць на паслугах сувязі? Дыялог аб балансе інтарэсаў спажыўцоў і аператараў вялі эксперты на тэлеканале «Першы інфармацыйны».
— Пры сваіх немалых даходах мабільныя аператары павінны забяспечыць аднолькава стабільную сувязь у любым населеным пункце.
Аляксандр Лукашэнка пад час Паслання да беларускага народа і парламента, 18 снежня 2025 года.
«Белыя плямы» знікнуць з карты
На сёння сектар мабільнай сувязі — важны элемент эканомікі любой краіны. Па даных міжнароднай асацыяцыі аператараў сотавай сувязі GSMA, толькі ў 2025 годзе ўклад сектара мабільнай сувязі ў эканоміку еўразійскага кантынента склаў каля 8 % ВУП. Мабільная сувязь у Беларусі, як растлумачыў генеральны дырэктар кампаніі «Беларускія воблачныя тэхналогіі» Алег Сядзельнік, — гэта сектар эканомікі, які таксама дынамічна развіваецца:
— На базе двух пакаленняў сувязі, 4G і 5G, у нас развіваецца і будуецца адзіная сетка для аператараў. З 1 студзеня ў камерцыйную эксплуатацыю ўключана тэхналогія пятага пакалення. Менш чым за год было ўзведзена дадаткова звыш 20 % базавых станцый і істотна пашыраны дыяпазоны — у сельскай мясцовасці, ва ўсходніх рэгіёнах, дзе гэта было магчыма. За пяць месяцаў бягучага года праз адзіную сетку ўжо прапушчана каля шасцісот тысяч тэрабайтаў даных. Тэмп росту за гэты перыяд склаў 116 %.
Будучы камерцыйнымі арганізацыямі, аператары мабільнай сувязі, адзначалі эксперты, імкнуцца «зняць вяршкі» ў буйных гарадах. Між тым і жыхары аддаленых населеных пунктаў не павінны быць адрэзаны ад свету. Акрамя прыбытку, ёсць яшчэ і элемент сацыяльнай справядлівасці — ключавога прынцыпу нашай дзяржавы. Каля 95 % тэрыторыі краіны пакрыта мабільнай сувяззю. Засталося зусім няшмат «вузкіх» месцаў. Аб нарматыўна-прававым рэгуляванні сферы мабільнай сувязі праінфармаваў першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Павел Ткач:
- — Прэзідэнт падпісаў шэраг важных рашэнняў, якія паўплывалі на развіццё сектара мабільнай сувязі. У прыватнасці, спрошчаны працэс будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю базавых станцый. Каб нарасціць аб’ёмы сеткі, мы пераразмеркавалі радыёчастоты і вылучылі дадатковыя палосы частот, а таксама абавязалі аператараў рэінвесціраваць частку прыбытку (да 20%) у сваё развіццё і сфарміравалі патрабаванні па забеспячэнні якасці сувязі. Усё гэта ў сукупнасці дае станоўчы эфект. Так, летась ёмістасць сеткі вырасла на 28%. Для нас гэта рэкордныя хуткасці. З пачатку года гэты паказчык дадаў яшчэ 17 %. Гэта значыць, ідзём з апярэджаннем. Пры гэтым у сельскай мясцовасці аб’ём сеткі за апошні год вырас фактычна ў два разы. На працягу 2026-га наш інфраструктурны аператар ужо праектуе і плануе пабудаваць каля 2100 базавых станцый.
З іх больш за 60 % — на вёсцы. Відавочна, калі мы захаваем нашы тэмпы развіцця, так званыя буйныя «белыя плямы» ўжо да канца года будуць «закрыты». Далейшая наша работа будзе сканцэнтравана на кропкавых паляпшэннях.
Зрэшты, адзначылі спікеры, само па сабе стапрацэнтнае пакрыццё — не самамэта. Дзеля лішніх інфраструктурных аб’ектаў не трэба псаваць сельгасземлі або высякаць рэліктавыя лясы.
Тэхналагічна, хутка, танна
Ці адаб’ецца шырокае ўкараненне тэхналогій 5G на даступнасці тарыфаў мабільнага інтэрнэта? Аб уплыве новых стандартаў перадачы мабільных даных на кошт паслуг і хуткасць сувязі, расказаў Алег Сядзельнік:
— Сотавая сувязь пятага пакалення — гэта, перш за ўсё, тэндэнцыя часу, ад якой нельга адставаць. Яна дае вялікія хуткасці. Значна больш высокія, чым, напрыклад, 4G. Калі браць максімальныя магчымасці 4G, гэта да 1 гігабіта ў секунду. 5G — да 20 гігабітаў у секунду. Па меры распаўсюджвання высакахуткасных тэхналогій сувязь будзе таннець. Аднак укараняць тэхналогіі 5G мэтазгодна там, дзе ёсць тэлефоны з падтрымкай дадзенага стандарту. Па нашых ацэнках, такімі гаджэтамі валодаюць прыкладна 30 % абанентаў. Аднак некаторыя вытворцы заблакіравалі гэту функцыю ў сваіх апаратах для нашай краіны. Таму асноўным стандартам сотавай сувязі будзе заставацца 4G. Ёсць яшчэ важны момант, звязаны з летняй міграцыяй насельніцтва.
У выхадныя, водпускі і канікулы ўзрастае нагрузка на сетку ў загарадных населеных пунктах, а ў зімовы перыяд яна рэзка змяншаецца.
У пэўнай меры вырашэнне «сезоннай» праблемы, адзначыў Алег Сядзельнік, залежыць ад маркетынгавай палітыкі аператараў сотавай сувязі. Аднак, паводле звестак Міжнароднага саюза электрасувязі, перадавыя тэхналогіі могуць паўплываць і на прапускную здольнасць, і на кошт трафіку ў выніку скарачэння затрат. Па аб’ёмах мабільнага трафіку, якія спажываюцца, беларусы не адстаюць ні ад краін Еўрасаюза, ні ад КНР. Год ад году гэты паказчык толькі расце. Разам з тым удзельны кошт гігабайта зніжаецца. Інакш кажучы, мабільная сувязь у нас цалкам даступная. Пытанне, як зрабіць яе больш хуткай?
Як вядома, радыёчастотны рэсурс — дарагі і абмежаваны актыў. Сучасныя тэхналогіі патрабуюць усё больш ёмістасці. Калі тэндэнцыя да росту спажывання трафіку і колькасці прылад захаваецца, відавочна, давядзецца разглядаць новыя палосы частот. Аб перспектывах пашырэння радыёчастотнага спектра праінфармаваў начальнік упраўлення прадпрыемства «БелДІЭ» Андрэй Атрошчанкаў:
— За апошнія пяць гадоў спажыванне трафіку ў краіне павялічылася прыкладна ў 3,5 раза. Пры гэтым сумарная ёмістасць сеткі ўсіх аператараў павялічылася прыблізна ў 2 разы. Мы сталі выкарыстоўваць больш цяжкавагавыя рэсурсы. З-за сезоннай міграцыі абанентаў вельмі моцна вырас аб’ём трафіку ў сельскай мясцовасці. Сеткі аператараў аказаліся не гатовыя да гэтага. Да 2030 года дысбаланс можа быць ліквідаваны, калі аператарамі будзе выкананы шэраг пэўных тэхнічных патрабаванняў. З боку дзяржавы — і намі, і рэгулятарам — праводзяцца работы па вызваленні радыёчастотнага рэсурсу, разглядаюцца новыя дыяпазоны. Гэта работа дазволіць павялічыць ёмістасць сеткі, як мы пралічвалі, недзе яшчэ ў два разы. І кожны абанент у нашай краіне атрымае дастойны ўзровень сэрвісу.
Тарыфы пад кантролем
Абаненты хочуць плаціць менш і мець якасную сувязь. Аператары імкнуцца больш зарабляць. Як забяспечыць баланс інтарэсаў і першых, і другіх? Пра тое, як рэгулятар мае намер арыентаваць правайдараў на справядлівыя тарыфы і высокую якасць паслуг, расказаў Павел Ткач:
— У нас ёсць два найбуйнейшыя аператары, якія займаюць дамінуючае становішча на рынку. На іх распаўсюджваюцца нормы антыманапольнага заканадаўства. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю заключае дагаворы з правайдарамі. Гэта значыць, нельга самавольна, без узгаднення, павысіць тарыфы. Акрамя таго, у рамках Указа № 335 «Аб аказанні паслуг сотавай рухомай электрасувязі» ў кожнага аператара ёсць абавязацельства па наяўнасці так званага сацыяльнага стандарту — тарыфнага плана з абмежаванай рэнтабельнасцю. У яго ўключаны базавы аб’ём паслуг. Яго кошт у сярэднім ад 10 да 12 рублёў. Па ацэнцы Міжнароднага саюза электрасувязі, індэкс даступнасці мабільнай сувязі ў Беларусі роўны 99,1 бала са 100. Недарагія тарыфныя планы складаюць прыкладна 1,3 % ад сярэдняй заработнай платы. Напрыклад: у шэрагу іншых краін гэта лічба роўная 2-4 %.
- Актуальнае пытанне для ўсіх абанентаў: ці вернуцца безлімітныя тарыфныя планы на мабільны інтэрнэт? Па словах Паўла Ткача, пры далейшым павелічэнні ёмістасці сеткі ліміт спажывання будзе павялічаны. А пакуль у карыстальнікаў ёсць 30 гігабайтаў на неабмежаванай хуткасці. Зрэшты, гэтага аб’ёму, лічыць эксперт, цалкам дастаткова для актыўнай запампоўкі інтэрнэт-кантэнту. Практыка паказвае, падкрэслівае Павел Ткач, абсалютнага безліміту няма і ў іншых краінах. Пры гэтым абмежавальны парог значна ніжэйшы.
Андрэй Атрошчанкаў дадаў, што свае ацэнкі якасці мабільнай сувязі карыстальнікі могуць пакідаць на інфармацыйным рэсурсе «Хваля.Бел». Меркаванне абанентаў не застанецца без увагі. Кожны жыхар краіны можа самастойна праверыць узровень сігналу ў сваім населеным пункце і даведацца, якія хуткасці ў таго ці іншага аператара ў канкрэтнай мясцовасці. Дарэчы, сёлета запланавана забеспячэнне ахопу сеткамі 4G населеных пунктаў з колькасцю жыхароў 50 і больш чалавек. БелДІЭ праверыць, ці будзе выканана гэта патрабаванне. У выпадку парушэння тэрмінаў устаранення недахопаў аператары мабільнай сувязі могуць быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
У завяршэнне ўдзельнікі дыялогу апісалі трэнды агляднай будучыні. У найбліжэйшыя пяць гадоў павялічыцца колькасць мабільных аператараў.
А адзіная сетка рухомай электрасувязі будзе спрыяць з’яўленню новых мадэляў спажывання і «транспарціроўкі» трафіку.
Таццяна ШЧАДРАНОК