Аляксандр Лукашэнка не аднойчы ўзгадваў, як у 1990-х, наведваючы Барысаўскі завод, убачыў, як «рэжуць» і вывозяць танкі, іншую тэхніку. Нягледзячы на «гарантыі» мірнага суіснавання, якія абяцала кіраўніцтва заходніх краін, Галоўнакамандуючы не дазволіў знішчыць ні тэхніку, ні ўзбраенне. Гэта было адно з першых рашэнняў па Узброеных Сілах незалежнай суверэннай краіны. Разам з тым кіраўніком дзяржавы была пастаўлена задача — прыступіць да распрацоўкі айчынных узораў зброі, патрэбных для абароны Беларусі. Незалежнасць у гэтым пытанні — прыярытэт прыярытэтаў і цяпер. Нягледзячы на надзейнае плячо ў выглядзе тактычнай ядзернай зброі і сучасных ракетных комплексаў з боку Расійскай Федэрацыі, Аляксандр Лукашэнка арыентуе спадзявацца на ўласныя сілы і вырабляць асноўныя ўзбраенні самім.
Найноўшаму ўзбраенню і ваеннай тэхніцы, якая даказала сваю эфектыўнасць у сучасным баі, Аляксандр Лукашэнка ўдзяляе асаблівую ўвагу. Наша армія аснашчаецца найноўшымі ўзорамі БПЛА, ажыццяўляецца бесперапыннае навучанне асабовага складу кіраванню імі. Распрацаваныя айчыннымі прадпрыемствамі беспілотнікі складаюць канкурэнцыю аналагам сусветных вытворцаў.
«Звязда» пісала...
«Дабрабыт арміі залежыць менавіта ад стану спраў у эканоміцы»
Аднак перш чым паказаць рэтраспектыву даручэнняў кіраўніка дзяржавы ў галіне беспілотнай авіяцыі, важна зразумець, з чаго ўсё пачыналася. Першая сустрэча ў арміі на прэзідэнцкай пасадзе ў Аляксандра Лукашэнкі адбылася ў лютым 1995 года, калі ён наведваў Пухавіцкі гарнізон. Падчас той паездкі кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што гэта яго першая сустрэча ў арміі, але далёка не апошняя. Так і атрымалася: Галоўнакамандуючы рэгулярна наведвае палігоны, знаёміцца з найноўшым узбраеннем, асаблівасцямі падрыхтоўкі асабовага складу, заўсёды клапоціцца пра іх тыл у выглядзе даху над галавой. Як былы пагранічнік і мудры кіраўнік ён разумее: без надзейнай і сучаснай арміі немагчыма забяспечыць мірнае неба над галавой.
Расказваючы аб сваіх уражаннях пасля сустрэчы з ваеннымі ў Мар’інай Горцы ў лютым 1995 года,
Аляксандр Лукашэнка адзначаў: «Мне здаецца, я занадта перабольшваў ступень развалу нашай арміі.
Цяпер я адчуў: беларуская армія надзейная, людзі ў ёй служаць адданыя».
У гутарцы з жыхарамі ваеннага гарадка, у тым ліку афіцэрскімі сем’ямі, закраналася жыллёвае пытанне. Многія сем’і ваеннаслужачых, пераведзеных у Беларусь з так званых «гарачых кропак» Савецкага Саюза, тады жылі ў абсалютна непрыстасаваных для жыцця модулях. У той жа час у Мар’інай Горцы пуставала каля 70 кватэр, пакінутых вайскоўцамі, якія выехалі за межы рэспублікі. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў дапамагчы і запэўніў, што ў бліжэйшы час жыллёвая праблема будзе вырашана. Сказана — зроблена. Забеспячэнне ваеннаслужачых квадратнымі метрамі — дагэтуль у прыярытэце жыллёвай палітыкі краіны.
«Дабрабыт арміі залежыць менавіта ад стану спраў у эканоміцы, — заўважыў падчас наведвання Пухавіцкага гарнізона Прэзідэнт. — Тым не менш, армію ў крыўду мы не дадзім». Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што просіць ваеннаслужачых аб адным: «Уберажыце армію ад расколу і разладу».
Гаворачы аб рэфармаванні Узброеных Сіл, кіраўнік дзяржавы падкрэсліваў, што «армію рэзаць па жывому» ён не дазволіць. І ўжо тады Галоўнакамандуючы адзначаў, што супрацоўніцтва з Расіяй у ваеннай галіне носіць стратэгічны характар. 30 гадоў прайшло, а словы, сказаныя беларускім лідарам падчас той паездкі наконт імкнення Польшчы і Літвы далучыцца да НАТА, не страцілі актуальнасці: «Гэта не можа не насцярожваць. Я не хацеў бы, каб узброеныя сілы гэтага блока знаходзіліся каля нашых граніц».
«Беларусі патрэбна зброя, якая будзе выкарыстоўвацца выключна для абароны»
Падчас наведвання Галоўнакамандуючым у кастрычніку 2018 года палігона ў Івацэвіцкім раёне яму паказалі найноўшыя айчынныя ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі, сярод якіх былі і беспілотныя лятальныя апараты. Аляксандр Лукашэнка тады заявіў, што чарговая мадэрнізацыя Узброеных Сіл адбываецца з улікам сучасных тэхнічных сродкаў і вопыту канфліктаў у свеце.Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб пастаўленай раней задачы — прыступіць да распрацоўкі айчынных узораў зброі, патрэбных для абароны Беларусі. «Мы не збіраемся ваяваць за краем свету. Нам трэба абараніць Беларусь. І пад гэта трэба ствараць самую сучасную армію і адпаведнае ўзбраенне», — патлумачыў Прэзідэнт.Галоўнакамандуючы арыентаваў паглядзець на новыя распрацоўкі — беспілотныя лятальныя апараты. «Беларусі патрэбна зброя, якая будзе выкарыстоўвацца выключна для абароны, толькі на нашай тэрыторыі і для нанясення тым, хто нападзе на нашу краіну, непрымальнай шкоды», — падкрэсліў ён. Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што галоўнае — навучыць людзей, а тэхніка сваю справу ведае, толькі ёю трэба разумна кіраваць. «Выснова сёння галоўная ў тым, што мы на правільным шляху. У гэтым кірунку будзем рухацца», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«Трэба разлічваць на свае сілы»
На ваенным палігоне «Абуз-Лясноўскі» пад Баранавічамі ў кастрычніку 2022 года Прэзідэнт азнаёміўся з распрацоўкамі айчыннага ваенна-прамысловага комплексу. Сярод іншых узораў узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі ўвазе Галоўнакамандуючага прадставілі беспілотныя лятальныя апараты, распрацаваныя арганізацыямі абароннага сектара эканомікі. Кіраўнік дзяржавы ў чарговы раз падкрэсліў, што беларуская армія перш за ўсё нацэлена на абарону сваёй тэрыторыі, а не нападзенне, таму і распрацоўваюцца адпаведныя ўзоры ўзбраення. «Тут мы, вядома, лідары ў свеце, і гэта не менш важна, чым мець такія беспілотнікі, якія могуць наносіць удары па пэўных цэлях, — канстатаваў ён. — Робячы высновы і ўрокі, мы, напэўна, у разоў пяць, а можа быць, і больш, зможам скараціць фінансаванне, але дасягнуць таго выніку, які патрэбен. Галоўнае — вучыць, вучыць людзей».
Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тое, што ў Беларусі няма ніякай вайны і нашай краіне яна не патрэбна. «А калі палезуць... Ну вось мы трэніруемся, можна нас за гэта крытыкаваць, і мяне ў тым ліку, — заўважыў Прэзідэнт. — Усё трэба рабіць. Трэба разлічваць на свае сілы. Я ж не адмаўляю — я рыхтуюся да вайны. 25 гадоў мінімум я рыхтуюся да вайны. Не я прыдумаў: хочаш міру — рыхтуйся да вайны».
«Сучасная вайна — гэта вайна беспілотнікаў»
Акцэнты ў пытанні абароны краіны Галоўнакамандуючы расставіў і ў верасні 2024 года, наведваючы гэты ж палігон. У цэнтры ўвагі кіраўніка дзяржавы зноў была беспілотная авіяцыя. Як адзначыў Прэзідэнт, сучасная вайна — гэта вайна беспілотнікаў. «Сёння мы бачым, што без БПЛА няма вайны, — сказаў ён. — Без беспілотнікаў ні пра якую вайну, ні пра якую перамогу гаворкі няма».
Кіраўніку дзяржавы далажылі, як беларускія Узброеныя Сілы плануюць развіваць і ўдасканальваць беспілотную авіяцыю з улікам сучасных узброеных канфліктаў, прадэманстравалі айчынныя распрацоўкі ў сферы беспілотных лятальных апаратаў. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў вытворчасці такіх сродкаў трэба максімальна арыентавацца на айчынныя камплектуючыя. «Трэба, каб усё было сваё!», — падкрэсліў ён. Была пастаўлена задача — канкрэтна вызначыцца, якія менавіта мадэлі тэхнікі патрэбны Узброеным Сілам, колькі іх неабходна, якія прадпрыемствы будуць займацца вытворчасцю. Ключавое патрабаванне — каб усё было надзейна і эфектыўна на практыцы.
Падчас нарады з ваеннаслужачымі, якая адбылася пасля дэманстрацыі айчынных узораў узбраення і ваеннай тэхнікі, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Трэба рыхтавацца да вайны. І дай Бог, каб гэтай вайны не было». Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз звярнуў увагу, што цяперашняя вайна немагчымая без беспілотнікаў: «Беспілотнікі — справа сур’ёзная. Справа, як вайскоўцы кажуць, вельмі эфектыўная і выгадная з пункту гледжання вайны. Жудасна так казаць, але тым не менш. Ваюючыя бакі не шкадуюць беспілотнікі для таго, каб паляваць на аднаго чалавека, бо гэта танней, чым падрыхтаваць байца».
«Мы гатовы на тое, каб пабудаваць завод»
У сакавіку 2025 года кіраўнік дзяржавы наведаў выстаўку найноўшых расійскіх беспілотных авіяцыйных сістэм, арганізаваную ў Мінску. Кіраўніку дзяржавы не толькі расказалі аб перавагах канкрэтных узораў, але і ўнеслі прапановы па развіцці галіны беспілотных авіяцыйных сістэм у Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі гатовы пабудаваць завод па вытворчасці беспілотных авіяцыйных сістэм. «Гэта мы вывучым прынцыпова, — адзначыў ён. — Для нас гэта вельмі вялікая перспектыва».
У пытанні развіцця беспілотных авіяцыйных сістэм Прэзідэнт прапанаваў сфарміраваць у Беларусі групу спецыялістаў і накіраваць іх у Расію для дадатковай падрыхтоўкі па самых перадавых кірунках. «Каб вы навучылі ўсіх нашых, якія будуць працаваць, і жадаючых», — патлумачыў ён. Па завяршэнні знаёмства з выстаўкай кіраўнік дзяржавы пацвердзіў гатоўнасць супрацоўнічаць у пытанні будаўніцтва завода. «Мы гатовы на тое, каб пабудаваць завод, — падкрэсліў ён. — Гарантуем: так у Расіі вы не пабудуеце, як тут».
«Заўсёды трэба мець галаву на плячах і разумець, што мы можам, што не можам»
З развіццём беспілотнай галіны краіны кіраўнік дзяржавы азнаёміўся ў Бярозаўскім раёне ў чэрвені 2025 года. У 927-м цэнтры падрыхтоўкі і прымянення беспілотных авіяцыйных комплексаў Галоўнакамандуючаму далажылі аб прызначэнні, складзе і структуры беспілотнай авіяцыі Узброеных Сіл, прадэманстравалі магчымасці комплекснага трэнажора падрыхтоўкі аператараў БПЛА, узоры беспілотных лятальных апаратаў, якія стаяць на ўзбраенні Узброеных Сіл, а таксама ўзоры, распрацаваныя прадпрыемствамі Беларусі і Расіі. У цэнтры ўвагі Першага быў і працэс вытворчасці, зборкі і рамонту беспілотнікаў. Адбылася дэманстрацыя практычнага розыгрышу баявога прымянення БПЛА.
Аператарам дронаў Галоўнакамандуючы даў высокую ацэнку. «Я бачу, моладзь імкнецца да таго, каб запусціць гэты дрон, — канстатаваў ён. — Моладзі гэта падабаецца. І гэта добра. Мы можам сярод іх шмат знайсці такіх хлопцаў, і яны будуць лятаць».
Прэзідэнт заўважыў, што ў той жа час застаюцца запатрабаванымі і іншыя віды ўзбраенняў. «Чалавек з ружжом — галоўнае, — падкрэсліў ён. — А гэта (беспілотнікі. — „Зв.“) — дзе дазволіць мясцовасць. Галоўнае — не захапляцца. Заўсёды трэба мець галаву на плячах і разумець, што мы можам, што не можам. Трэба вызначыць, што нам трэба і ў якім аб’ёме».
«Нашы Узброеныя Сілы зрабілі ўпор на айчынныя сістэмы, якія самі вырабляем, і даволі нядрэнна»
У Пасланні беларускаму народу і парламенту, агучанаму падчас пасяджэння сёмага Усебеларускага народнага сходу 18 снежня 2025 года Аляксандр Лукашэнка асобна спыніўся на развіцці Узброеных Сіл. «Нашы Узброеныя Сілы зрабілі ўпор на айчынныя сістэмы, якія самі вырабляем, і даволі нядрэнна», — канстатаваў Галоўнакамандуючы.
Беспілотнікі — сярод тых узбраенняў, на якія, па словах Прэзідэнта, неабходна звярнуць першапачатковую ўвагу. «Мы ўключылі ў склад Узброеных Сіл новы род спецыяльных войск, беспілотную авіяцыю, — удакладніў ён. — Няхай будзе. Дроны — новая рэальнасць. Але ніякія дроны не заменяць падрыхтаванага салдата».
Дзе рыхтуюць аператараў БПЛА, якія ўзоры дронаў у прыярытэце і наколькі эфектыўныя аўтарскія распрацоўкі?
Дроны ў руках прафесіяналаў
Як выконваюцца даручэнні Галоўнакамандуючага ў галіне беспілотнай авіяцыі, карэспандэнту «Звязды» расказаў начальнік упраўлення прымянення і развіцця беспілотных авіяцыйных комплексаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь палкоўнік Аляксандр ВАСЯКІН.«Навучанне асабовага складу выкарыстанню БПЛА выходзіць на першае месца»
Калі звярнуцца да гісторыі, то на першапачатковым этапе свайго развіцця беспілотная авіяцыя была дапаможным сродкам камандзіра ў рамках разведвальных задач. Сёння беспілотная авіяцыя выконвае задачы як разведкі, так і агнявога паражэння, дастаўкі грузаў, медыкаментаў байцам на лінію баявога судакранання, транспарціроўкі матэрыяльных сродкаў у раёны, куды не здольная бяспечна даехаць наземная тэхніка. І гэта толькі ў ваеннай сферы.
«Невыпадкова ў сучасных умовах навучанне асабовага складу выкарыстанню БПЛА выходзіць на першае месца, — звяртае ўвагу Аляксандр Васякін. — Здаецца, націснуў на клавішу — і беспілотны лятальны апарат паляцеў. Не. Гэта цэлая сістэма шматгадзіннай падрыхтоўкі, і не кожны здольны яе асвоіць».
Развіццё беспілотнай авіяцыі шчыльна звязана з развіццём сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, якія супрацьдзейнічаюць БПЛА. Таму важна, каб аператар дрона не толькі ўмеў ім кіраваць, але і ведаў прынцып распаўсюджання радыёхваляў, мог унесці пэўныя тэхналагічныя змяненні ў беспілотны лятальны апарат з мэтай пераадолення сістэмы РЭБ, якая стварае абстаноўку перашкоды ў рамках супрацьдзеяння.
Самастойнасць, узаемазамяняльнасць і прафарыентацыя

Ва Узброеных Сілах аператарамі БПЛА, як правіла, з’яўляюцца ваеннаслужачыя кантрактнай службы, у асноўным афіцэры. «Аператар беспілотнага лятальнага апарата павінен умець самастойна прымаць рашэнні ў абстаноўцы, якая рэзка мяняецца, — удакладняе начальнік упраўлення прымянення і развіцця беспілотных авіяцыйных комплексаў. — Як паказвае вопыт спецыяльнай ваеннай аперацыі, у асноўным разлікі беспілотных лятальных апаратаў дзейнічаюць аўтаномна. Яны атрымліваюць задачу на пошук аб’ектаў і іх паражэнне, і калі аператар будзе спрабаваць звязацца з начальствам, каб удакладніць задачу, то ён рызыкуе быць раскрыты. Таму начальнікам разліку беспілотных авіяцыйных комплексаў павінен быць падрыхтаваны ваеннаслужачы, які можа самастойна прыняць рашэнне, што дапаможа найбольш якасна выканаць пастаўленую задачу».
- Асноўная кузня такіх кадраў — Беларуская дзяржаўная акадэмія авіяцыі. Акрамя таго, аператараў БПЛА рыхтуюць у 927-м цэнтры падрыхтоўкі і прымянення беспілотных авіяцыйных комплексаў у Бярозе, Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, дзе створана кафедра спецыяльнай падрыхтоўкі і баявога прымянення беспілотнай авіяцыі. Базавы курс навучання (ёсць яшчэ сярэдні і спецыяльны) праходзяць усе курсанты: у кожным падраздзяленні беларускай арміі на ўзбраенні стаяць беспілотныя авіяцыйныя комплексы, якімі неабходна ўмець кіраваць. Акрамя таго, класы падрыхтоўкі спецыялістаў беспілотных авіяцыйных комплексаў створаны і на 13 кафедрах грамадзянскіх ВНУ краіны. Такім чынам, пастаўленая Прэзідэнтам задача ў галіне забеспячэння беспілотнай авіяцыі высокакваліфікаванымі кадрамі выконваецца.
«Важна рыхтаваць вузканакіраваных спецыялістаў, гэта пытанне якасці, — лічыць Аляксандр Васякін. — Складана падрыхтаваць прафесіянала адразу па некалькіх кірунках. Разам з тым прадугледжана частковая перападрыхтоўка вузкіх спецыялістаў. Узаемазамяняльнасць мае вялікае значэнне, асабліва на полі бою. Калі адзін са спецыялістаў выведзены са строю, то другі здольны падхапіць яго функцыі і выканаць задачу, пастаўленую перад разлікам беспілотнага авіяцыйнага комплексу».
Навучанне беспілотнай авіяцыі салдат тэрміновай службы ў сучаснай сітуацыі немэтазгоднае. «Аднак пэўны мабілізацыйны рэсурс мы ўсё ж такі рыхтуем, — звяртае ўвагу начальнік упраўлення. — Ва ўсіх механізаваных і дэсантных падраздзяленнях краіны створаны ўдарныя роты беспілотных авіяцыйных комплексаў. І ў гэтым плане вельмі карыснымі будуць навыкі салдат тэрміновай службы, якія хоць мінімальна вывучалі беспілотную авіяцыю. У выпадку ваенных дзеянняў гэтыя роты прадугледжваюць папаўненне».
Прафарыентацыйная работа, накіраваная на прыцягненне ў беспілотную авіяцыю як мага большай колькасці людзей, пачынаецца яшчэ ў школе. Шчыльнае ўзаемадзеянне афіцэраў упраўлення прымянення і развіцця беспілотных авіяцыйных комплексаў Узброеных Сіл з сярэдняй школай № 64 горада Мінска вылілася ў стварэнне спартыўнага ваенна-патрыятычнага клуба «Сірыус», які спецыялізуецца на беспілотных лятальных комплексах. Ужо з юных гадоў у дзяцей фарміруецца разуменне, для чаго прызначана беспілотная авіяцыя. Адпаведная вучэбна-матэрыяльная база, створаная ў школе, дазваляе юнакам і дзяўчатам атрымліваць першапачатковыя навыкі прымянення БПЛА.
Перспектыўныя ўзоры і аўтарскія распрацоўкі
«Ва ўзаемадзеянні з Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэтам ідзе працэс закупкі і асваення ліній вытворчасці FPV-дронаў, а таксама ўдарных беспілотных авіяцыйных комплексаў самалётнага тыпу, якія ўжо распрацоўваюцца і пастаўляюцца ў войскі, — канкрэтызуе Аляксандр Васякін. — У выпадку развязвання ваеннага канфлікту эфектыўнасць выкарыстання такіх дронаў даказана. Сёння ў гэтым вялікія поспехі маюць Расійская Федэрацыя і Кітай. Аднак як у навучанні спецыялістаў, так і ў вытворчасці перспектыўных узораў узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі кіраўнік дзяржавы арыентуе спадзявацца на сябе».
У кожным аператыўным камандаванні, камандаванні сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл, 927-м цэнтры падрыхтоўкі і прымянення беспілотных авіяцыйных комплексаў функцыянуюць цэхі або майстэрні па вытворчасці і рамонце беспілотных лятальных апаратаў. Аўтарскія распрацоўкі, якія ствараюцца маладымі людзьмі, захопленымі гэтай справай, паказваюць сябе не горш за заводскія аналагі, а часам нават лепш. Большасць стандартных БПЛА адчувальныя да ўздзеяння сродкаў РЭБ.
У дроны, якія збіраюцца ў цэхах або майстэрнях, уносяцца канструктарскія змяненні, што дазваляе выкарыстоўваць БПЛА ва ўмовах перашкод. Абароннае ведамства падтрымлівае такіх «кулібіных», не шкадуючы фінансавых укладанняў на ўнікальныя распрацоўкі.
- Супрацьдзеянне БПЛА — кампетэнцыя і войскаў супрацьпаветранай абароны. Таму важным кірункам з’яўляецца распрацоўка айчынным ВПК так званых мішэняў для трэніроўкі асабовага складу падраздзяленняў супрацьпаветранай абароны. Першыя ўзоры такіх БПЛА ўжо створаны. Сярод перспектыўных кірункаў — беспілотныя лятальныя апараты на оптавалакне, якія даказалі сваю эфектыўнасць падчас спецыяльнай ваеннай аперацыі. Яны не схільныя да ўздзеяння сродкаў РЭБ, іншых метадаў супрацьдзеяння. Укараняецца ў беспілотную авіяцыю і штучны інтэлект.
«Ён у некалькі разоў хутчэй вырашае задачу, чым чалавек, больш аператыўна перастройваецца на іншыя частоты, вяртаецца ў пункт узлёту, здольны прымаць нестандартныя рашэнні, якія дазваляюць прымяняць дроны ў шматлікіх сітуацыях, — тлумачыць начальнік упраўлення прымянення і развіцця беспілотных авіяцыйных комплексаў. — Аднак спадзявацца толькі на штучны інтэлект, поўнасцю давяраць яму нельга. Заўсёды галоўным быў і застанецца чалавек. І беспілотная авіяцыя не выключэнне».
Вераніка КАНЮТА
Фота ўпраўлення прымянення і развіцця беспілотных авіяцыйных комплексаў Узброеных Сіл