Top.Mail.Ru

З улікам забудовы мікрараёнаў і новых станцый метро. Як у Мінску карэктуюць маршруты наземнага транспарту

У сталіцы за сем месяцаў 2026 года вырасла колькасць пасажыраў метро і наземнага транспарту. Пра гэта падчас аператыўнай нарады ў Мінгарвыканкаме расказаў дырэктар ГП «Сталічны транспарт і сувязь» Юрый Супрановіч, перадае БелТА.



Як расказаў дырэктар, за сем месяцаў бягучага года колькасць пасажыраў Мінскага метрапалітэна павялічылася на 3,6% — да 157,4 млн. На наземным гарадскім транспарце рост склаў 2,2% — да 270,1 млн пасажыраў.

Юрый Супрановіч адзначыў, што маршрутная сетка сталіцы пастаянна змяняецца з улікам пасажырскага попыту і неабходнасці больш дакладнага размеркавання транспарту паміж напрамкамі. У цяперашні час у Мінску арганізаваны рух па 296 маршрутах. «Аптымізацыя маршрутнай сеткі праводзіцца не за кошт механічнага скарачэння маршрутаў, а з дапамогай карэкціроўкі іх трас, раскладу, колькасці і тыпаў рухомага саставу з улікам пасажырапатоку і эксплуатацыйных магчымасцяў транспарту. Мы пастаянна маніторым пасажырапатокі. За сем месяцаў бягучага года ў нас з’явілася 12 новых маршрутаў, а пяць былі адмененыя ў сувязі з аптымізацыяй. Пры гэтым мы не стаім на месцы — да канца года плануем дадаць яшчэ некалькі маршрутаў. Напрыклад, мы назіраем актыўнае будаўніцтва мікрараёна „Паўночны бераг“ і плануем запусціць маршрут да станцыі першай лініі метрапалітэна з праездам па Мінскай кальцавой аўтамабільнай дарозе. Гэта адбудзецца арыенціровачна ў верасні», — падзяліўся дырэктар.

Ён таксама адзначыў, што на фарміраванне маршрутнай сеткі ўплывае будаўніцтва метро. Пасля адкрыцця новых станцый у сталіцы карэктуюцца маршруты наземнага транспарту, якія дубліруюць лініі метрапалітэна. Асноўная канцэпцыя заключаецца ў арганізацыі падвозу пасажыраў да станцый метро.

«Работа па аптымізацыі маршрутнай сеткі, якая праводзіцца, дае канкрэтныя вынікі — напрыклад, спрыяе росту пасажырапатоку і павелічэнню колькасці перавезеных пасажыраў. Мэта далейшай работы заключаецца не ў павелічэнні або скарачэнні колькасці маршрутаў, а ў прывядзенні маршрутнай сеткі ў адпаведнасць з пасажырскім попытам», — адзначыў Юрый Супрановіч.

Ён дадаў, што для зручнасці пасажыраў у сталіцы дзейнічае механізм аплаты праезду з выкарыстаннем адзінага праязнога дакумента. «Гэта дазваляе пасажыру здзяйсняць неабмежаваную колькасць перасадак за адзін і той жа кошт незалежна ад віду транспарту — трамвая, тралейбуса, аўтобуса ці метрапалітэна. Гэта вельмі зручны рэсурс», — падкрэсліў дырэктар.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю