Top.Mail.Ru

З якім настроем нашы хакеісты пачынаюць Кубак Будучыні

У Мінску стартуе Кубак Будучыні па хакеі. На лёдзе «Чыжоўка-арэны» сустрэнуцца зборныя Беларусі U18 і U20 і зборныя Расіі U17 і U18. Традыцыйны турнір, як адзначаюць спецыялісты, з’яўляецца ступенькай для росту маладых хакеістаў. Найперш таму, што гэта выступленне за краіну. Выклік у нацыянальную зборную — гэта не толькі вялікі гонар і давер, але і адказнасць. Падчас адкрытай трэніроўкі каманд, даведаліся, як нашы хакеісты будуць з ёй спраўляцца і чаго чакаюць ад турніру. Дарэчы, у 2023 і 2024 гадах пераможцамі Кубку Будучыні станавіліся менавіта беларускія хакеісты.


Нападаючы зборнай Беларусі U20 Дзмітрый Хабян прызнаўся, што будзе вельмі прыемна захаваць трафей турніру. «Будзем рабіць усё, каб захаваць Кубак дома. І спадзяёмся, што аматары на трыбунах сваёй падтрымкай будуць у гэтым дапамагаць», — адзначыў ён. Большасць гульцоў расійскіх каманд выступаюць у Маладзёжнай хакейнай лізе, дзе прадстаўлены і наш «Дынама-Шыннік». «Усе гуляюць на высокіх хуткасцях. Таму павінна быць вельмі цікава», — сказаў хакеіст.

А вось абаронца гэтай жа каманды Цімафей Мамановіч раіць не чакаць чагосьці, а проста атрымліваць асалоду ад хакея. «Наша задача выходзіць і гуляць у хакей і атрымліваць задавальненне. Мы нікога не баімся. На кожную каманду настройваемся максімальна сур’ёзна і адказна. Кожныя гульні будуць цікавыя, дынамічныя добрыя», — падзяліўся сваімі чаканнямі Цімафей.

Аднак, зразумела, што хлопцы зробяць максімум, каб паўтарыць поспех. На гэта звяртаў увагу і старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Аляксандр Багдановіч. «Хлопцы разумеюць, што мы павінны зрабіць усё магчымае, каб трафей Кубка Будучыні застаўся дома», — сказаў ён у эфіры шоу «Winline в одном звене». 

З асцярожным аптымізмам у бліжэйшыя чатыры дні глядзіць і галоўны трэнер маладзёжнай (U20) зборнай Беларусі Андрэй Міхалёў. Чаму з аптымізмам, зразумела. А з асцярожным таму, што ў хакеі можа здарыцца ўсялякае. Тым больш, што трэнер глядзіць на матчы крыху шырэй, чым іншыя. «У міжнародных турнірах мы зараз не ўдзельнічаем. Таму гэты турнір найперш для таго, каб паглядзець, на якім узроўні мы знаходзімся. Мэты простыя і зразумелыя — у кожнай гульні аддавацца і выкладвацца, каб даваць станоўчы вынік», — растлумачыў ён. 

Перыяд падрыхтоўкі быў досць кароткім, усяго тры сумесныя трэніроўкі. Але, па словах Андрэя Міхалёва, гэта не вялікая праблема для трэнерскага штаба і саміх гульцоў — усе ведаюць сістэму, разумеюць патрабаванні. Тым больш, што касцяк маладзёжкі складаюць хлопцы з «Дынама-Шынніка», якія разам правялі не адну трэніроўку і не адзін матч. Кажучы пра склад зборнай галоўны трэнер падкрэсліў, што выклікаючы гульцоў, акцэнт рабілі менавіта на хакеістах 2005 года нараджэння, каб даць ім магчымасць яшчэ раз сабрацца разам ў зборнай U20.

Зборныя Беларусі і Расіі таксама сустрэнуцца і ў фармаце 3×3. «Энергазатратны фармат, які дазваляе гульцам паказаць сваё майстэрства — кідкі, катанне. Калі шчыра, я хацеў бы, каб гэта быў дзень адпачынку. Але будзе дадатковая магчымасць паказаць сябе», — адзначыў Андрэй Міхалёў. Дарэчы, у мінулагоднім Кубку Выкліку маладзёжная зборная Беларусі заняла другое месца ў турніры 3×3. 

Апошнія сезоны беларускія хакеісты амаль не выступаюць з іншыымі камандамі, акрамя расійскіх. Раней у Кубку Выкліку ўдзельнічала каманда Казахстана, але сёлета яе заменіць юніёрская зборная Беларусі. Андрэй Міхалёў заўважыў, што з расійскімі камандамі заўсёды добрыя спарынгі. Нават ў сезоны без міжнароднай ізаляцыі, не часта ўдавалася сустрэцца з расійскімі камандамі. «Расія заўсёды збірае добрыя каманды, можа сабраць нават некалькі каманд з аптымальным саставам. Таму нам з імі заўжды цікава», — падкрэсліў ён. 

Матчы на «Чыжоўка-арэне» пачнуцца ўжо заўтра. Уваход вольны. 

Расклад гульняў Кубку Выкліку: 

5 лютага (серада)

  • 15:00 Расія U18 — Расія U17
  • 19:30 Беларусь U20 — Беларусь U18

6 лютага (чацвер) — Кубак Будучыні 3×3

  • 15:00 Расія U18 — Расія U17
  • 16:00 Беларусь U20 — Беларусь U18
  • 17.00 Матч за 3-е месца
  • 18:00 Фінал

7 лютага (пятніца)

  • 14:00 Беларусь U18 — Расія U18
  • 18:00 Расія U17 — Беларусь U20

8 лютага (субота)

  • 10:00 Беларусь U18 — Расія 17
  • 14:00 Беларусь U20 — Расія 18

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю