Top.Mail.Ru

З якімі праблемамі падчас прыёму грамадзян людзі звярталіся да Ігара Сергяенкі

Інфармацыя аб штомесячным правядзенні асабістага прыёму грамадзян спікерам у Палаце прадстаўнікоў загадзя размяшчаецца ў сродках масавай інфармацыі. Заяўнік павінен быць гатовым да таго, што ў ходзе папярэдняга запісу па тэлефоне ў яго папросяць удакладніць сутнасць пытання, з якім ён плануе звярнуцца да Ігара Сергяенкі. Гэта робіцца для таго, каб вызначыць кола спецыялістаў, якіх патрэбна будзе задзейнічаць падчас вырашэння таго ці іншага пытання. Дзякуючы папярэдняй рабоце, нярэдка нават на гэтым этапе знімаецца праблема, з якой чалавек змагаўся на працягу многіх гадоў.


«Заўсёды знаходзіцца варыянт рашэння»

Па прыклады далёка хадзіць не трэба. Сужэнцы з Мінскага раёна звярнуліся да Старшыні Палаты прадстаўнікоў з просьбай аказаць садзейнічанне, звязанае з дазволам падключыцца да ліній электраперадач сельгаспрадпрыемства ААТ «Ігнацічы». Гэта, па іх словах, дасць магчымасць падключыць у доме, дзе жыве сям’я, электраацяпленне. 

«Звярталіся ў сельскі Савет, нам далі адмову, патлумачыўшы, што няма тэхнічнай магчымасці, — увёў у курс справы Аляксандр Фёдаравіч. — У гэты час прыслалі да нас брыгаду, якая абслугоўвае Мінскія электрасеткі. Спецыялісты патлумачылі, што забяспечыць наш дом электраэнергіяй не могуць, бо падстанцыя належыць ААТ „Ігнацічы“. Звярнуліся і туды, дзе паведамілі, што ў прадпрыемства для гэтых мэт няма магутнасці».

Ігар Сяргяенка праінфармаваў, што пытанне, з якім да яго звяртаецца сям’я, дастаткова спецыфічнае. «Каб разумець перспектыву газафікацыі і электрафікацыі краіны, мы ў Палаце прадстаўнікоў правялі вялікі семінар, на які запрашалі кіраўнікоў усіх структур гэтай галіны, энергетыкаў, газавікоў», — распавёў ён. 

Першы намеснік дырэктара — галоўны інжынер філіяла Мінскія электрычныя сеткі РУП «Мінскэнерга» Аляксей Марцінчык, які прысутнічаў на прыёме, праінфармаваў, што пытанне заяўнікаў будзе вырашана. Па яго словах, на цяперашні момант у падстанцыі сельгаспрадпрыемства ў сувязі з выездам шэрагу арандатараў з’явіліся рэзервы. 

«Фактычна ў працэсе падрыхтоўкі да нашай сустрэчы, мы ваша пытанне вырашылі, — рэзюмаваў Ігар Сергяенка. — Калі будуць пэўныя замінкі, прыходзьце да нас паўторна. Людзі звяртаюцца з такімі пытаннямі ў розных рэгіёнах, дзе я бываю, і заўсёды знаходзіцца варыянт рашэння. Калі не адразу, то, з улікам тэхнічных магчымасцяў энергетыкаў, пазней». 

«Трэба паглядзець у маштабах краіны»

Сужэнцы з Кобрынскага раёна звярнуліся з пытаннем, звязаным з унясеннем дапаўненняў у Пастанову Савета Міністраў ад 28 чэрвеня 2024 г. № 457 «Аб відах індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці». Яны прапанавалі дапоўніць пералік відаў дзейнасці, дазволеных для ажыццяўлення ў якасці самастойнай прафесійнай дзейнасці, рамонтам і мадэрнізацыяй наводных надзіманых вырабаў. Заяўнікі патлумачылі, што да ўступлення ў сілу пастановы ўрада займаліся рамонтам надзіманых лодак і падобных вырабаў. Аднак, згодна з пастановай, індывідуальныя прадпрымальнікі павінны перарэгістравацца ў юрыдычную асобу. «Гэта не прыносіць вялікага даходу, бо гэта наша хобі, — патлумачылі эканамічную немэтазгоднасць такога пераафармлення муж і жонка. — Тым больш, работа сезонная».

Як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Віктар Нікалайкін, пералік відаў дзейнасці, па якіх, згодна з Пастановай № 457, з 2024 года дазволена працаваць індывідуальным прадпрымальнікам, шырока абмяркоўваўся. «І прадпрымальніцкай супольнасцю, ішло абмеркаванне ў інтэрнэце, — удакладніў дэпутат. — Улічваліся многія моманты, у тым ліку бяспека. Удакладненне пераліку відаў прадпрымальніцкай дзейнасці — прэрэгатыва Савета міністраў». 

Ігар Сергяенка праінфармаваў заяўнікаў, што іх пытанне прынята. «Будзем арыентаваць урад і Міністэрства эканомікі, — канкрэтызаваў ён. — Трэба паглядзець на гэта пытанне ў маштабах краіны».

«Тэму вы паднялі жыццёвую»

Звяртаючыся да спікера з асабістым пытаннем, жыхарка Стоўбцаў папрасіла заканадаўцаў паглядзець на яе праблему больш шырока. Па словах Зоі Мяфодзьеўны, у краіне адсутнічае нарматыўны прававы дакумент, які б рэгуляваў размяшчэнне расліннасці (дрэў, кустоў) уздоўж граніц сумежных зямельных участкаў. 

Гэта пытанне для жанчыны востра паўстала, калі яна пераехала ў бацькоўскую хату ў Стоўбцы. Жанчына добраўпарадкавала ўчастак, паставіла сучасны плот, але спакойна жыць не даюць ёй дрэвы, якія растуць на суседнім участку. На яе плот пастаянна звісаюць галіны, у сезон участак засыпаны чужым ураджаем, больш таго, сліўняк і іншыя дрэвы пускаюць свае парасткі ў яе агародзе. Прыбіраць гэта ўсё пажылой жанчыне, якая пражывае адна, ужо не дазваляе здароўе. Заяўніца звярталася ў мясцовыя органы ўлады. Адказ аб тым, што раённы выканкам не можа прымусіць землекарыстальніка прыбраць спілаваць дрэвы, жанчыну не задавальняе. 

«Тэму вы паднялі жыццёвую, — адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Мы на яе не проста звернем увагу, а прапрацуем змяненні. Цяпер мы вывучаем правапрымяняльную практыку: як рэалізуюцца палажэнні Кодэкса аб зямлі. Ужо паступіў шэраг прапаноў, у тым ліку ад нашых людзей, дэпутатаў. Будзем выходзіць на пэўныя змяненні». Дэпутату Стаўбцоўскай выбарчай акругі даручана ўзяць пытанне заяўніцы на кантроль. 

Мінчанка паскардзілася на няякаснае правядзенне капітальнага рамонту ў адным з дамоў па вуліцы Кісялёва. «Дах цячэ, а ЖКГ Цэнтральнага раёна не хоча нічога вырашаць, — канкрэтызавала Людміла Сяргееўна. — Звароты спускаюцца на ЖЭС, але нічога не робіцца. Хачу, каб на нас звярнулі ўвагу: усё-такі гэта цэнтр горада і дом з’яўляецца помнікам архітэктуры». 

Ігар Сергяенка паведаміў, што пытанне будзе пастаўлена на дэпутацкі кантроль, аб праблеме будзе праінфармавана кіраўніцтва Мінгарвыканкама. 

Малады жыхар Шаркаўшчынскага раёна прыйшоў на прыём абмеркаваць са спікерам пытанні ўдзелу моладзі ў палітыцы. На яго думку, маладыя людзі не актыўна ўдзельнічаюць у палітычным жыцці краіны. 

«У нас два дэпутаты як мінімум ва ўзросце да 31 года, — не пагадзіўся з маладым чалавекам Ігар Сергяенка. — Вы не маглі не звярнуць увагу і на апошнія прызначэнні. Кіраўнік дзяржавы заўсёды робіць акцэнт на амаладжэнні кадраў. Прыходзяць маладыя міністры, кіраўнікі на ўсіх узроўнях — усё гэта рэалізуецца. Гэта адзін з доказаў таго, што трэнд на маладзёжную палітыку ў нас ёсць».

Рэзюмуючы, Ігар Сергяенка адзначыў, што прапановы маладога чалавека заслугоўваюць увагі. «Але гэта ўсё ў асноўным філасофскія развагі, якія носяць ацэначны характар, — удакладніў ён. — Прымаючы грамадзян, я накіраваны на рашэнне канкрэтных пастаўленых пытанняў: гаспадарчых, заканадаўчых, самых розных». На развітанні спікер запрасіў заяўніка на адну з сустрэч у сваёй выбарчай акрузе, дзе таксама будзе прадастаўлена магчымасць абмеркаваць пэўныя пытанні: пры ўмове, што яны будуць прадметныя. 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

У тэму

Як расказаў у размове з журналістамі начальнік галоўнага прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Чупракоў, пры запісе на прыём да Старшыні Палаты прадстаўнікоў улічваецца гісторыя разгляду гэтага пытання ў іншых інстанцыях. «У запісе на асабісты прыём адмаўляецца, калі дадзенае пытанне ўжо было прадметам разгляду ў судзе, а таксама калі заяўнік злоўжывае правам на зварот, — канкрэтызаваў ён. — Да прыкладу, былі выпадкі, калі заяўнік больш як сто разоў звяртаўся ў розныя дзяржаўныя органы па адным і тым жа пытанні, з ім была спынена перапіска». 

Аляксандр Чупракоў звярнуў увагу на тое, што для ўдзелу ў асабістым прыёме грамадзян па відэаканферэнцсувязі нярэдка прыцягваюцца кіраўнікі і службовыя асобы рэспубліканскіх і мясцовых органаў кіравання. «У асабістым прыёме, як правіла, прымае ўдзел дэпутат, які прадстаўляе адпаведную акругу, — дадаў ён. — Нярэдка разгляд пытання, паднятага на асабістым прыёме, ажыццяўляецца з выездам на месца для таго, каб больш дэталёва вывучыць сітуацыю і пагутарыць з жыхарамі, прадстаўнікамі мясцовых органаў. Такая сумесная работа дазволіла вырашыць шэраг узнятых грамадзянамі пытанняў. Напрыклад, яны датычацца арганізацыі дадатковых прыпыначных пунктаў, добраўпарадкавання тэрыторый, функцыянавання ўстаноў аховы здароўя, камунальных, інжынерных сетак».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю