Традыцыйна звароты, якія Старшыні Палаты прадстаўнікоў агучылі жыхары розных рэгіёнаў краіны, былі шматпланавыя. Як ужо не перш раз паказвае практыка ўзаемадзеяння органаў дзяржаўнай улады з насельніцтвам, людзей хвалююць зямельныя спрэчкі. Прычым многія з іх доўжацца гадамі. У топе зваротаў — і жыллёвае пытанне.
Напрыклад, Галіна Міхайлаўна звярнулася з просьбай аказаць садзейнічанне ў пастаноўцы на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Жанчына разам з дзіцем-інвалідам жыве ў пакоі аднаго са сталічных інтэрнатаў, працуе памочнікам урача 15-й гарадской паліклінікі. Паколькі ў інтэрнаце яна мае пастаянную рэгістрацыю апошнія пяць гадоў, у пастаноўцы на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у Адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Мінска ёй адмаўляюць.
Як заўважыў Ігар Сергяенка, адмова мае законную падставу.
«Вядома, па-чалавечы хочацца дапамагчы, але, у адпаведнасці з заканадаўствам, паставіць жанчыну на ўлік мы можам толькі праз пяць гадоў, — патлумачыла кіраўнік Адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Мінска Таццяна Калядка. — Можна разглядаць варыянт прадастаўлення арэнднай кватэры. Патрэбна, каб ваш кантракт быў працягнуты на пяць гадоў, каб былі юрыдычныя падставы магчымасці прадастаўлення арэнднай кватэры з улікам хадатайніцтва паліклінікі. Гэта адзін з хуткіх спосабаў скарыстацца магчымасцю паляпшэння жыллёвых умоў».
Начальнік аддзела жыллёвай палітыкі Адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы Вольга Бурыгіна ў дэталях патлумачыла, што жанчыне трэба зрабіць, каб атрымаць арэндную кватэру.
Ігар Сергяенка адзначыў, што атрыманне заяўніцай арэнднага жылля з’яўляецца нядрэннай перспектывай. Спікер удакладніў, ці застанецца жанчына пры гэтым у спісах тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў па месцы працы. Як патлумачылі спецыялісты, такое права ў грамадзянкі будзе захавана. Акрамя таго, пасля атрымання арэнднай кватэры будзе магчымасць на працягу месяца перавесці яе ў сацыяльную.
«Вы атрымалі кваліфікаваны адказ: варыянты ёсць», — рэзюмаваў спікер і папрасіў спецыялістаў дадаткова дапамагчы заяўніцы разабрацца ў гэтым пытанні.
З калектыўнай просьбай да Старшыні Палаты прадстаўнікоў звярнулася мінчанка Зоя Іванаўна. Яна папрасіла садзейнічання ў арганізацыі прыпыначнага пункта ў раёне вёскі Азярское Карэліцкага раёна. Да нядаўняга часу на трасе М1, уздоўж якой размешчаны населены пункт, аб якім ідзе размова, спынялася маршрутнае таксі «Мінск — Баранавічы». Адпаведна, дабрацца да вёскі са сталіцы або з Баранавіч праблемы не было.
«З верасня 2024 года не сталі нас браць, — распавяла Зоя Іванаўна. — У вёсцы нашы бацькі жывуць. У каго няма бацькоў, мы ездзім у вёску даглядаць дамы». Як высветлілася, населены пункт немалы: да 1 студзеня там зарэгістраваны 64 чалавекі. У дачны сезон — і таго больш: у весцы 110 хат.
Як патлумачыў намеснік генеральнага дырэктара Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства аўтамабільных дарог «Мінск-аўтадар-Цэнтр» Андрэй Калеснікаў, паласа аўтатрасы не дазваляе будаваць аўтобусны прыпынак там, дзе раней высаджвалі пасажыраў. Не прадугледжаны ён, па яго словах, і ў іншым месцы, бо будаваць прыпынак тады давядзецца на тэрыторыі сельгасугоддзяў. «Наша прапанова — разгледзець пытанне, каб аўтобус або маршрутка заязджала да вас у вёску, — адзначыў ён. — Адпаведна патрэбна будзе зрабіць там разваротнае кальцо».
Па словах намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Аляксандра Занімона, маршрутныя таксі не могуць спыняцца там, дзе рабілі гэта раней, бо гэта будзе расцэньвацца як парушэнне Правілаў дарожнага руху.
«Прыпыначны пункт нерэальна пабудаваць?», — удакладніў Ігар Сергяенка. Атрымаўшы адмоўны адказ ад спецыялістаў, спікер паабяцаў разабрацца ў сітуацыі.
Андрэй Іванавіч з Лепеля падчас прыёму грамадзян агучыў прапановы па ўнясенні змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб воінскім абавязку і воінскай службе» ў частцы адтэрміноўкі ад прызыву тых, хто вучыцца ў Расійскай Федэрацыі. Аднак, калі пачалі разбірацца, да Старшыні Палаты прадстаўнікоў яго прывяло асабістае пытанне. Яго сын заканчвае другі курс расійскай ВНУ, нядаўна малады чалавек атрымаў павестку ў армію. Мужчына хоча, каб сын давучыўся — адпаведна, атрымаў адтэрміноўку ад прызыву на воінскую службу.
Ігар Сергяенка падкрэсліў, што глыбока пагружаны ў тэму, прычым комплексна і не аднойчы. «У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, сёння адтэрміноўка для грамадзян, якія вучацца за мяжой, не прадастаўляецца, — канстатаваў спікер. — Толькі па накіраванні дзяржаўных органаў».
Як заўважыў начальнік галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення — намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Андрэй Расюк, згодна з расійскім заканадаўствам, маладому чалавеку павінны прадаставіць акадэмічны адпачынак для праходжання воінскай тэрміновай службы на Радзіме. «Прычым за ім захоўваецца месца, — удакладніў ён. — Пасля звальнення ў запас можна працягнуць навучанне. Гэта абсалютна правільны падыход».
Адзіным выхадам у гэтай сітуацыі, па словах старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Генадзя Ляпешкі, бачыцца па ўзгадненні з Генеральным штабам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь прадастаўленне магчымасці маладому чалавеку давучыцца другі курс, перавесціся на трэці, напісаць, у адпаведнасці з расійскім заканадаўствам заяву, на акадэмічны адпачынак, адслужыць тэрміновую воінскую службу ў Рэспубліцы Беларусь і вярнуцца ў Расію, каб працягнуць навучанне.
Фота з Тэлеграм-канала Палаты прадстаўнікоў