Top.Mail.Ru

З якімі пытаннямі звярталіся да кіраўніка дэпутацкага корпуса сталіцы?

Старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём Цуран правёў выязны прыём грамадзян у адміністрацыі Фрунзенскага раёна. Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, якія праблемы сёння хвалююць жыхароў сталіцы.


Мінчанка, ва ўласнасці якой знаходзіцца аднапакаёвая кватэра, расказала, што свякроў прэтэндуе на жылплошчу, жадаючы засяліць туды сваіх сваякоў. Паводле слоў заяўніцы, без яе ведама з кватэры былі выпісаныя двое яе дзяцей, а таксама незразумелым чынам дапушчаны памылкі ў копіі пасведчання аб шлюбе грамадзянкі. Цяпер яна хвалюецца, як прывесці дакументы ў парадак і ці можа сваячка адабраць у яе кватэру.

«Ваша свякроў па заканадаўстве не мае правоў на гэтую кватэру, таму не можа на яе прэтэндаваць, — патлумачыў старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём Цуран. — Мы возьмем выпіску рэгістрацыі жыхароў з моманту ўводу дома ў эксплуатацыю і зробім запыт у ЗАГС з просьбай праверыць карэктнасць дадзеных пасведчання аб шлюбе, пасля чаго ўсе адказы накіруем вам».

Наступным на прыём прыйшоў знакаміты госць — адзін з першых беларускіх алімпійскіх чэмпіёнаў Сяргей Макаранка, а таксама старшыня Мінскай гарадской арганізацыі БГА «Ветэраны фізічнай культуры і спорту» Уладзімір Глебак. Іх цікавіла пытанне фінансавання арганізацыі: як дзейнічаць для атрымання падтрымкі.

«Згодна з Указам № 300, вам можа быць выдзелена спонсарская дапамога. Галоўнае — мець выразныя статутныя мэты, на якія патрэбы дапамога будзе накіравана. Што датычыцца спаборніцтваў і іншых мерапрыемстваў, варта ўзгадніць і ўнесці іх у план кіравання спорту і турызму. Упэўнены, вам змогуць даць і суддзяў, і базу для спаборніцтваў», — адзначыў Арцём Цуран.

Настаўнік геаграфіі адной са сталічных школ прыйшоў з незвычайным запытам. Разам з вучнямі ён праводзіў даследаванні назваў мінскіх вуліц, пачынаючы з XVI стагоддзя, і прапанаваў іншыя варыянты найменняў з улікам гістарычных асаблівасцяў той ці іншай мясцовасці.

«Тэма вельмі цікавая і можа быць карыснай у будучай рабоце. Варта зрабіць аналіз назваў мікрараёнаў у адпаведнасці з іх геаграфічнай прывязкай. Як вы бачыце пэўны квартал, як яго можна назваць. І такія ідэі можна ўзяць у работу ў далейшым», — адзначыў старшыня Мінгарсавета.

Таксама на прыём прыйшоў мінчанін, які паскардзіўся на паводзіны жонкі. Яна не дазваляе яму бачыцца з агульным дзіцём і ўсяляк перашкаджае іх зносінам, у тым ліку настройвае супраць бацькі супрацоўнікаў дзіцячай дашкольнай установы, куды ходзіць дзіця. У сваю чаргу, кіраўнік дэпутацкага корпуса сталіцы даў парады па ўрэгуляванні сітуацыі і дадаў, што накіруе інфармацыю ва ўпраўленне па адукацыі раёна.

«Дэпутацкі прыём трохі адрозніваецца ад прыёму, які праходзіць па месцы жыхарства: у ЖЭУ, органах тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Людзі прыходзяць сюды з больш сур’ёзнымі праблемамі, якія патрабуюць дэталёвага падыходу. Так ці інакш, усе гэтыя пытанні мы разглядаем і будзем падключаць профільныя службы, арганізацыі, якія працуюць у гэтым кірунку, для далейшых сумесных рашэнняў», — падагульніў старшыня Мінгарсавета Арцём Цуран.

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю