Top.Mail.Ru

З якімі пытаннямі звярталіся людзі да кіраўніка цэнтральнага рэгіёна?

Днямі старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын правёў асабісты прыём грамадзян. Пытанняў да кіраўніка цэнтральнага рэгіёна традыцыйна шмат, прычым абсалютна розных.


Кіраўнік прыватнага прадпрыемства Аляксандр Мікалаевіч з Беразіно расказаў пра ініцыятыву будаўніцтва ў горадзе аўтамыйкі самаабслугоўвання з шынамантажом. Найбліжэйшы такі аб’ект размешчаны ў Чэрвені. Аднак мясцовы райвыканкам дазволу на будаўніцтва аб’екта ў непасрэднай блізкасці да аўтавакзала, дзе, на думку заяўніка, ён павінен размясціцца, не дае. Прычына адмовы — незадаволенасць жыхароў дома, што знаходзіцца побач. Пры гэтым кіраўніцтва раёна прапаноўвае заяўніку пабудаваць аб’ект на тэрыторыі мясцовага аўтапарка.

Аляксандр Турчын, выслухаўшы меркаванні заяўніка і райвыканкама, даручыў вырашыць пытанне на працягу месяца. А да прыняцця канкрэтнага рашэння мясцовым органам улады неабходна правесці апытанне жыхароў дома, размешчанага побач з аўтавакзалам, а таксама падаць план аб’екта з мэтай інфармавання насельніцтва ў мясцовай газеце, яшчэ раз арганізаваць сустрэчу з людзьмі, каб прыняць канчатковае рашэнне.

Жыхарка сталіцы Таццяна Іосіфаўна валодае зямельным участкам у вёсцы Пральнікі Валожынскага раёна. На дадзеным участку ў яе цяпліца і градкі, аднак жанчына жадае ўзвесці дом, каб пасля ў якасці пастаяннага жыхара вярнуцца на сваю малую радзіму. Толькі дазволу на змяненне мэтавага прызначэння зямельнага ўчастка, вылучанага пад вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі, атрымаць ніяк не можа: Валожынскі райвыканкам матывуе адмову тым, што побач праходзіць водаахоўная зона, а таксама магчымымі праблемамі з электразабеспячэннем будучага дома.

«На ўчастку плошчай 68 сотак дом можна ўзвесці ў любым куточку, не ў прыбярэжнай паласе, таму нішто не перашкаджае змяніць мэтавае прызначэнне зямельнага ўчастка. Аднак пры будаўніцтве дома ўладальнікам неабходна ўлічваць аб’ём выдзеленай магутнасці электразабеспячэння ў памеры 6 кВт», — сказаў Аляксандр Турчын.

Юлія Барысаўна і Аляксандр Барысавіч з Фаніпаля больш за 10 гадоў таму купілі ўчастак пад будаўніцтва дома ў мікрараёне Паўднёвы-2. Тады там не было ні дарог, ні транспартных зносін. Муж і жонка вырашылі, што гэта часовыя нязручнасці. Аднак і сёння ў Паўднёвым-2 — бездарожжа.

Старшыня Мінскага аблвыканкама адзначыў, што ў апошнія гады ў развіццё Фаніпаля былі ўкладзены немалыя сродкі, у горадзе ўзведзены новыя аб’екты — сад, ФАК. «Абяцаць, што цягам года ўсе дарогі ў мікрараёне будуць заасфальтаваны, мы не можам. Аднак частка асноўных дарог, каб з’явілася магчымасць пусціць грамадскі транспарт у Паўднёвы-2, будзе зроблена. Тэрмін ставім да 1 ліпеня. Але і мясцовае насельніцтва магло б прыняць удзел у агульным добраўпарадкаванні», — лічыць Аляксандр Турчын.

Мінчанін Рэзо Іванавіч некалькі гадоў таму ўзяў у арэнду будынак лазні, размешчаны ў вёсцы Камсамолец Мінскага раёна. Праз час захацеў набыць аб’ект ва ўласнасць, каб зноў адкрыць грамадскую лазню, аднак яму адмовілі. «Мне кажуць, што прадаць яго не могуць, бо будынак аварыйны. Добра, прадайце як аварыйны, я згодны. Але яго ж ацанілі ў 65 тысяч рублёў, яно столькі не каштуе! Я разумею, што за адну базавую будынак ніхто не прадасць, але і не за такія ж грошы!»

Старшыня Мінскага райвыканкама Уладзімір Юргевіч патлумачыў: кошт будынка выстаўлены з улікам рамонту, які зрабіў сам арандатар. Але зрабіў самавольна, не ўзгадніўшы з уласнікам. Аляксандр Турчын прапанаваў некалькі варыянтаў вырашэння праблемы: «Сёння вашы траты на рамонт складана ўлічыць: даказаць, што гэта менавіта вашы ўкладанні. Будзе праведзена паўторная ацэнка будынка, тады можна набыць яго шляхам прамога продажу. Альбо лазня выстаўляецца на аўкцыён, тады першапачатковая стаўка будзе ніжэйшай за ацэначную. Але майце на ўвазе: хтосьці іншы можа захацець купіць аб’ект».

***

Набыццё ва ўласнасць арандаванага аб’екта, завяршэнне будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома ў Мінскім раёне, шматгадовыя бытавыя канфлікты — звярталіся на прыём да кіраўніка вобласці і з такімі пытаннямі. Кожная праблема будзе дэталёва вывучана спецыялістамі з мэтай пошуку найбольш аптымальнага рашэння.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю