Top.Mail.Ru

З якімі пытаннямі звярталіся на прыём да Ігара Сергяенкі

Пытанні, з якімі людзі звяртаюцца ў дзяржаўныя органы ўлады, традыцыйна шматпланавыя. Адметна, што ў Палату прадстаўнікоў людзі прыходзяць не толькі з уласнай праблемай або калектыўнай скаргай, а ставяць пытанне больш шырока, уносячы прапановы па ўдасканаленні заканадаўства.


Жыллёвая праблема 

У прыватнасці, мінчанка Ганна Мікалаеўна звярнулася да Старшыні Палаты прадстаўнікоў з нестандартнай жыллёвай сітуацыяй. Жанчына — шматдзетная маці. На працягу 10 гадоў разам з мужам і трыма дзецьмі яны жывуць у арэнднай трохпакаёвай кватэры камерцыйнага выкарыстання, якую як маладая сям’я атрымалі ў 2015 годзе. Згодна з заканадаўствам, прыватызаваць арэндную кватэру сям’і не дазваляецца. Па прычыне дастатковасці жылой плошчы іх не ставяць і на чаргу тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. 

«Са студзеня плата разам з камунальнымі паслугамі складае каля 780 рублёў штомесячна, для нас гэта шмат», — паведаміла жанчына. Яна лічыць, што іх сям’я не адзіная, якая трапіла ў падобную сітуацыю, а таму агучыла прапанову аб унясенні змяненняў у жыллёвае заканадаўства. У прыватнасці, Ганна Мікалаеўна лічыць мэтазгодным даць магчымасць шматдзетным сем’ям набываць ва ўласнасць арэнднае жыллё пасля пражывання ў ім на працягу не менш за 10 гадоў. Таксама ў адносінах да такой катэгорыі грамадзян жанчына прапануе прымяняць паніжаючы каэфіцыент за карыстанне арэндным жыллём. 

Як патлумачыў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Рамашка, чалавек, які пражывае ў арэндным жыллі камерцыйнага выкарыстання, не мае права стаяць на чарзе тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Такое жыллё, па яго словах, з’яўляецца альтэрнатывай прыватнаму жыллёваму фонду. Што датычыцца паніжальнага каэфіцыента, намеснік міністра патлумачыў, што гэты каэфіцыент распаўсюджваецца на канкрэтныя катэгорыі грамадзян: шматдзетныя сем’і ў гэты пералік не трапляюць.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў праінфармаваў, што прыватызацыя арэнднага жылля на пэўных умовах дазволена толькі ваеннаслужачым. Па яго словах, пытанне, з якім звярнулася грамадзянка, імгненна вырашана быць не можа. «Але гэта тэма комплексна вывучаецца ў цяперашні момант ва ўрадзе», — заўважыў ён і паабяцаў, што да гэтага падключыцца і дэпутаты. 

Хто вінаваты? 

Мінчанін Генадзь Іванавіч паскардзіўся на неаб’ектыўнае расследаванне Дзяржынскім РАУС дарожна-транспартнага здарэння з яго ўдзелам. Мужчына падрабязна расказаў аб аварыі, якая адбылася ў чэрвені 2023 года на трасе М1. Грамадзянін не лічыць сябе вінаватым у стварэнні аварыйнай сітуацыі і настойвае на паўторным расследаванні. 

Як звярнуў увагу намеснік начальніка ўпраўлення Дзяржаўтаінспекцыі УУС Мінскага аблвыканкама Дзмітрый Шынялёў, які прысутнічаў на прыёме грамадзян, пастанова ДАІ аб прызнанні грамадзяніна вінаватым у ДТЗ, пра якое ідзе размова, пакінута без змяненняў судамі ўсіх узроўняў, куды звяртаўся заяўнік. «Праведзены чатыры аўтатэхнічныя экспертызы, тры судова-медыцынскія экспертызы, зроблена ўсё магчымае ў працэсуальным плане, — удакладніў супрацоўнік органаў унутраных спраў. — Тут вельмі мала абставін, якія Генадзь Іванавіч просіць пераправерыць». У сувязі з гэтым Дзяржаўтаінспекцыя не лічыць рацыянальным правядзенне падрабязнага разбіральніцтва.

Індывідуальны прадпрымальнік з Брэста паскардзіўся на тое, што ён не згодны з рашэннямі Дэпартамента фінансавых расследавання Камітэта дзяржаўнага кантролю і інспекцыяй па падатках і зборах Ленінскага раёна г. Брэста, прынятыя ў адносінах да яго прадпрымальніцкай дзейнасці. Мужчына ўжо абскардзіў рашэнні гэтых органаў у Эканамічным судзе Брэсцкай вобласці, у іску яму было адмоўлена. 

Аляксей Леанідавіч удакладніў, што ёсць розныя погляды дзяржаўных органаў на адну і тую ж сітуацыю. Следчы камітэт вынес рашэнне аб невіноўнасці ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства, Дэпартамент фінансавых расследавання Камітэта дзяржаўнага кантролю, па словах мужчыны, лічыць яго вінаватым у парушэнні падатковага заканадаўства. 

Старшыня Палаты прадстаўнікоў супярэчнасцяў у гэтым пытанні не бачыць. «Санкцыі эканамічныя — гэта адно, але падстаў для узбуджэння крымінальнай справы ў дадзеным выпадку няма, — удакладніў ён. — Усе вашы матэрыялы будуць разгледжаны аб’ектыўна, а мы са свайго боку бярэм на кантроль. Але на гэта патрабуецца час». 

Просьба аб капрамонце і трывога за экалогію

Мінчанка Іна Леанідаўна папрасіла садзейнічання ў правядзенні капітальнага рамонту дома па адрасе па вуліцы Кузьмы Чорнага. Яна расказала, што дом быў пабудаваны ў 1955 годзе, апошні капітальны рамонт быў праведзены ў 1979 годзе. Мінчанка ўдакладніла, што канструкцыя дома прадугледжвае драўляныя перакрыцці, у кватэрах устаноўлены газавыя калонкі. 

«Дзіцячая пляцоўка адсутнічае, падвалы — у жахлівым стане», —дапоўніла яна. Іна Леанідаўна распавяла, што мінулай вясной па прычыне няспраўнасці газавай калонкі ў яе кватэры адбылося ўзгаранне. Жанчына падкрэсліла, што дом даўно патрабуе рамонту, але штогод тэрміны пераносяцца. Заяўніца неаднаразова звярталася ў раённую адміністрацыю, але, па яе словах, атрымлівае толькі адпіскі. Перапіска з Адміністрацыяй Першамайскага раёна, дарэчы, вядзецца з 2020 года. 

У намесніка кіраўніка Адміністрацыі Першамайскага раёна г. Мінска Любові Букаткінай, якая прысутнічала на прыёме, Ігар Сергяенка ўдакладніў, якія планы па вырашэнні сітуацыі. Яна паведаміла, што па гэтым доме распрацавана праектная дакументацыя. Рэалізацыя праектнага рашэння, па яе словах, запланавана на 2026 год. 

Старшыня Палаты прадстаўнікоў звярнуў увагу на тое, што грамадзянка правільна ставіць пытанне. «Калі даяце слова — трэба трымаць, па-іншаму нельга, — падкрэсліў спікер. — Мы са свайго боку бярэм пытанне на кантроль. Падумаем, як паскорыць правядзенне капітальнага рамонту».

Больш шырока на пытанне глабальнага пацяплення і змянення клімату прапанаваў паглядзець Уладзімір Пятровіч з Мінска. Па яго словах, Парыжскае пагадненне, якое рэгулюе меры па зніжэнні ўтрымання вуглякіслага газу ў паветры, сёння не актуальнае. Грамадзянін выказаў занепакоенасць наступствамі глабальнага пацяплення, агучыў спікеру альтэрнатыўныя шляхі вырашэння праблемы змянення і пацяплення клімату. 

«Мне 83 гады, і я не хачу, каб тое, што я ведаю і думаю, сышло разам са мной», — патлумачыў сваю неабыякавасць да экалагічнай праблематыкі заяўнік, падкрэсліўшы, што прыярытэтная мэта яго звароту — адукацыйная. Ігар Сергяенка адзначыў, што раздзяляе з грамадзянінам яго трывогу аб будучыні, і даў шэраг рэкамендацый, як надаць найбольш рацыянальным прапановам галоснасць. 

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю