Пытанні, якія паступалі ў ходзе прыёму да кіраўніка вобласці, самыя разнастайныя. Жыхароў Пухавіцкага раёна хвалююць электрыфікацыя і газіфікацыя населеных пунктаў, іх добраўпарадкаванне, стан дарог, работа крам і аўталавак і нават прысваенне пасёлку статусу горада. Карэспандэнт «Звязды» папрысутнічаў на прыёме і разам з адказнымі асобамі пастараўся разабрацца ў тых пытаннях, якія сёння хвалююць мясцовых жыхароў.
Правесці блакітнае золата
Не толькі з просьбай, але і з прапановай у ліку першых на прыём да губернатара Міншчыны прыйшлі жыхары вёскі Караева Пухавіцкага раёна Сяргей Мікалаевіч і Аркадзь Генрыхавіч. Паводле слоў заяўнікаў, жыхары вёскі стварылі спажывецкі кааператыў «Караева-Газ», каб правесці блакітнае паліва ў свой населены пункт. Прадстаўнікоў кааператыва папярэдзілі адразу: цалкам за бюджэтныя сродкі газ ім не правядуць. Пры гэтым прапанавалі падзяліць выдаткі па схеме 70/30. Дзяржава бярэ на сябе 70 % выдаткаў на будаўніцтва аб’екта, астатнія 30% — уласныя сродкі членаў газавага кааператыва. Аднак да будаўніцтва газаправода, нягледзячы на ўстаноўленыя тэрміны, так і не прыступілі — бюджэтныя сродкі не былі вылучаныя ў неабходным аб’ёме.
«Перш за ўсё, мы хочам выказаць падзяку Пухавіцкаму райвыканкаму за тое, што нас падтрымалі ў стварэнні кааператыва па газазабеспячэнні, прычым зрабілі гэта вельмі хутка, паставілі нас на фінансаванне з дзяржпадтрымкай. Такім чынам, усе спадзяваліся, што ў пачатку 2025 года пачнецца будаўніцтва газаправода ў вёсцы Караева. У сакавіку мы даведаліся, што выдзеленых сродкаў для будаўніцтва нашага аб’екту аказалася недастаткова. Таму мы прыйшлі адразу і з просьбай, і з прапановай. Просьба наша заключаецца ў тым, каб па магчымасці ўсё ж такі ўключыць фінансаванне па газіфікацыі вёскі Караева, а прапанова — унесці сабраныя ад жыхароў 30 % ужо сёння ў будаўніцтва аб’екта. Мяркуючы па нашых вясковых чатах, насельніцтва вельмі чакае газ. Усе жыхары вёскі спадзяюцца, што гэта была апошняя зіма з дровамі, брыкетам і вуглём», — расказалі пра сваю праблему заяўнікі.
Тады генеральны дырэктар РУП «Мінскаблгаз» Юрый Кукліцкі заявіў, што да будаўніцтва аб’екта пачнуць сёлета. Работы пачнуцца з артэрыі газаправода высокага ціску працягласцю 900 метраў. Арыентыровачна тэрмін пачатку работ — жнівень 2025 года.
Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка даручыў кіраўніцтву «Мінскаблгаза» якасна прапрацаваць пытанне, у тым ліку вывучыць магчымасць эканоміі сродкаў з мэтай актывізацыі працэсу будаўніцтва: «Праект будаўніцтва газаправода будзе рэалізаваны. Фінансаванне ёсць, вырабім праектна-каштарысную дакументацыю. Але трэба абавязкова правесці сустрэчу прадстаўнікоў улады, „Мінскаблгаза“, членаў кааператыва. Каб людзям патлумачылі — яны павінны сабраць сваю долю сродкаў, што ў прынцыпе ўжо зроблена. Зрабіце акцэнт на тым, дзе рэальна зрабіць таннейшымі работы: іх заўсёды можна выканаць танней, чым закладзена першапачаткова. Як гэта зрабіць правільна — газафікі ведаюць. І наступнае — эканомія сродкаў па правядзенні працэдур. Такім чынам мы паэтапна гэты праект рэалізуем, у чым я не сумняваюся».
Але не толькі з гэтай бядой звярнуліся да губернатара Міншчыны заяўнікі. Жыхары вёскі паскардзіліся на агульны стан дарог, перабоі ў электрасілкаванні і адсутнасць крамы. Апошняя ў населеным пункце ёсць, але не працуе. Прадукты ў вёску двойчы на тыдзень дастаўляе аўталаўка.
«Трэба ўлічваць, што ў вас будзе праводзіцца газіфікацыя. Таму работы, у тым ліку і па рамонце дарог, трэба разглядаць у комплексе», — адзначыў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна. Ён таксама даручыў кіраўніцтву раёна прапанаваць аказанне гандлёвых паслуг мясцовым прадпрымальнікам, якія маглі б узяць краму ў арэнду.
Што датычыцца перабояў электраэнергіі, 5 і 6 красавіка ў Пухавіцкім раёне з-за непагадзі сапраўды адключаліся 16 паветраных ліній. «Але мы накіравалі 17 брыгад, ліквідавалі ўсе пашкоджанні, памянялі засцерагальнікі, — адказаў прадстаўнік „Мінскэнерга“. — Людзі працавалі, і ўсіх спажыўцоў да канца дня запіталі».
Губернатар Міншчыны даручыў звярнуць увагу на якасць электразабеспячэння ў населеным пункце: «Але я добра ведаю, што ў сістэме бываюць пазаштатныя сітуацыі, у тым ліку з-за непагадзі, калі даводзіцца выконваць вялікі аб’ём работ у самыя кароткія тэрміны».
«Мы проста хочам, каб у нашай хаце было святло»
Жыхаркі сталіцы Ірына Рамуальдаўна і Ганна Пятроўна ў свой час набылі зямельныя ўчасткі ў вёскі Гарадок Пухавіцкага раёна. Сёння суседкі не задаволеныя электразабеспячэннем іх жылых дамоў у вёсцы. Паводле слоў заяўніц, магутнасцяў не хапае нават для таго, каб запусціць мікрахвалёвую печ або электрычны чайнік, не кажучы ўжо аб якасным атапленні і гарачым водазабеспячэнні. На прыём да кіраўніка вобласці жанчыны і прыйшлі з гэтым пытаннем.
«Купіўшы дом у вёсцы, я спрабавала стварыць выгоды для сябе і сваёй сям’і. І, самае элементарнае, мы проста хочам, каб у нашай хаце было святло, — распавядае пра сваю бяду мінчанка Ірына Рамуальдаўна. — Я звярталася ў выканкам з пытаннем аб павелічэнні магутнасцяў. Мясцовыя ўлады аказаліся не супраць павялічыць магутнасці, але толькі пры ўмове, калі „Мінскэнерга“ дасць на гэта дабро. Аднак „Мінскэнерга“ забараніла — у нас няма ніякіх магутнасцяў».
Наракалі заяўніцы і на вечныя «скокі» напружання. Тады жанчынам паабяцалі, што ў 2025 годзе адбудзецца рэканструкцыя электрасетак. Аднак потым заявілі, што тэрміны будуць перанесеныя на канец 2026 года. «Тут вельмі старыя электрасеткі, а трансфарматару больш за 40 гадоў. Нам паабяцалі, што ўсе работы неабходныя выканаюць, нават план ужо ёсць — але ўсё гэта на словах», — разводзяць рукамі жанчыны.
Пры гэтым, падзяліліся заяўніцы, напярэдадні прыёму грамадзян да іх прыязджалі энергетыкі: «Яны памянялі праводку, і цяпер нарэшце сілкаванне ад сеткі дасягае 220 вольт! Цяпер можна хаця б чайнік разагрэць. Таму мы і звярнуліся да вас (да старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксея Кушнарэнкі — „Зв.“) у надзеі, што нешта зменіцца. Можа быць, атрымаецца ўсё ж такі што-небудзь зрабіць з нашай бядой».
Першы намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер УП «Мінскэнерга» Віталь Катрач расказаў, што прадстаўнікамі ведамства быў устаноўлены прыбор кантролю якасці напружання: «Таксама мы зрабілі замену трансфарматара і правадоў. Плануем 30 красавіка яшчэ раз устанавіць прыбор кантролю якасці. Рэканструкцыя паветранай лініі электраперадачы і трансфарматарнай падстанцыі запланаваныя на чацвёрты квартал 2026 года».
«Праект павінен быць рэалізаваны, як і абяцана людзям. Гэтае пытанне я вазьму на асабісты кантроль», — запэўніў Аляксей Кушнарэнка.
Ці стане пасёлак горадам?
Жыхарку пасёлка Дружны Пухавіцкага раёна Алу Уладзіміраўну хвалюе яго лёс. На яе думку, 10-тысячны населены пункт заслугоўвае таго, каб атрымаць статус горада, якому будзе надавацца больш увагі і будуць вылучацца сродкі на развіццё. Заяўніца пазначыла шэраг адрасоў у сваім пасёлку, дзе было праведзена добраўпарадкаванне і выкананы рамонт, а таксама прывяла прыклады, дзе правядзенне работ па добраўпарадкаванні яшчэ патрабуецца.
«Проста хочацца жыць па-чалавечы, і каб усё было на вышэйшым узроўні... У нашай краіне для гэтага ёсць усё», — расказала губернатару заяўніца. На яе думку, пасёлку патрэбна яшчэ і новая школа, каб знізіць нагрузку на дзеючую, а таксама спартыўныя аб’екты, у тым ліку для зімовых відаў спорту.
Наракала заяўніца і на недахоп дзіцячых пляцовак: «Горак няма, лядовага пакрыцця няма. Наогул у пасёлку для дзяцей няма нічога такога. Старшакласнікам проста няма куды дзявацца. Вось, напрыклад, у Смілавічах зрабілі добрую каробку! Я ехала па Смілавічах, гляджу — стаіць белая прыгожая каробка, дзеці катаюцца на каньках, а гэта пры тым, што там у асноўным адна сельская мясцовасць. Дык чаму б не зрабіць такое і ў нас у Дружным?»
На добраўпарадкаванне Дружнага вылучалася б значна больш сродкаў, будзь у яго статус горада. Пра гэта жанчына і сказала губернатару. «Перш за ўсё, удзячны вам за вашу актыўную жыццёвую пазіцыю і неабыякавасць, — адказаў Аляксей Кушнарэнка. — Я вас пачуў, прыняў да ведама, будзем працаваць па пазначаных пытаннях».
Як падкрэсліў старшыня Пухавіцкага райвыканкама Андрэй Атрушкевіч, у 2023 годзе ў Дружным на бягучы рамонт вулічна-дарожнай сеткі, рамонт лавак, падсыпку дарог, ямачны рамонт і іншае затрачана больш за 340 тысяч рублёў. У 2024 годзе ў добраўпарадкаванне Дружнага ўклалі 830 тысяч. Яно ўключала бягучыя рамонты тратуарных дарожак, лавак, ўстаноўку ўрнаў і іншае. Што датычыцца дзіцячых пляцовак, толькі ў мінулым годзе ў пасёлку ўстанавілі пяць новых дзіцячых гульнявых комплексаў.
Акрамя таго, абнаўляюцца ўстановы адукацыі, культуры. У 2025 годзе пачаліся работы па рэканструкцыі пачатковай школы. Па праекце, на месцы існуючага будынка басейна зробяць аднапавярховую прыбудову, дзе размесцяцца сталовая на 120 месцаў, актавая і спартыўная залы.
А з нагоды змены статусу пасёлка: аказваецца, гэтае пытанне ўздымалася яшчэ сем гадоў таму. У райвыканкам тады звярнуліся неабыякавыя грамадзяне. У выніку пяць выказаліся за тое, каб Дружны стаў горадам, 76 — супраць. «Да таго ж трэба разумець, якія наступствы пацягне за сабой змяненне статусу. Так, узрасце плата за карыстанне інтэрнатам, а сума безнаяўнай субсідыі па аплаце за паслугі ЖКГ, наадварот, паменшыцца. Акрамя таго, зменяцца ўмовы здачы і атрымання ў арэнду капітальных будынкаў, ізаляваных памяшканняў. Школьнікі не змогуць больш бясплатна харчавацца, а педагогі страцяць права на павышэнне тарыфных ставак у памеры 20 %, — растлумачыў кіраўнік раёна Андрэй Атрушкевіч. — Пасёлак мае добрае якасць жылога асяроддзя і змяненне яго статусу не плануецца».
«За гэтымі пытаннямі стаіць узровень жыцця нашых людзей»
Падводзячы прамежкавыя вынікі прыёму грамадзян, старшыня Мінскага аблвыканкама ў размове з журналістамі адзначыў: «Я мэтанакіравана выязджаю ў раёны Мінскай вобласці для таго, каб азнаёміцца на месцы з сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй у рэгіёне і непасрэдна правесці прыём грамадзян. Размаўляючы з людзьмі на месцах, лепш разумееш тыя пытанні, якія хвалююць жыхароў. Яны разнастайныя: гэта якасць энергазабеспячэння, зямельныя пытанні, якасць дарог, пытанні добраўпарадкавання. Пры гэтым мы ўсе разумеем, што за гэтымі пытаннямі стаіць узровень жыцця нашых людзей, гэта тое, што іх хвалюе. Таму ўсе намаганні органаў улады павінны быць нацэлены на тое, каб максімальна задавальняць запыты грамадзян і вырашаць тыя пытанні, якія ў іх узнікаюць. І гэта свайго роду ацэнка органаў улады на месцах».
Кіраўніком дзяржавы аб’яўлена пяцігодка якасці. І вось за гэтым паняццем як раз і стаіць якасць жыцця нашых людзей, упэўнены губернатар: «Гэта як раз тыя пытанні, з якімі яны да нас звяртаюцца: энергазабеспячэнне, газазабеспячэнне, пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, забяспечанасці гандлёвымі паслугамі, таварамі, дарогамі. І ўсё гэта будзе ў полі пастаяннай увагі работы органаў выканаўчай улады».
Кіраўнік цэнтральнага рэгіёна асобна пракаментаваў пытанне будаўніцтва газаправода, з якім да яго звярнуліся жыхары вёскі Караваева: «Створаны кааператыў па газіфікацыі дадзенага гэтага пункта, „Мінскаблгаз“ ужо заклаў у сваю праграму крыніцы фінансавання, цяпер распрацоўвае праект па будаўніцтве падводзячага газаправода. Вылучаныя бюджэтныя сродкі і непасрэдна сродкі саміх членаў кааператыва. Так ускладчыну і будзе рэалізаваны праект, людзі атрымаюць карысць пад назвай прыродны газ. І гэта зноў жа адаб’ецца на якасці жыцця ў гэтым населеным пункце».
Аляксей Кушнарэнка таксама падкрэсліў важнасць індывідуальнага падыходу да вырашэння канкрэтных праблем у канкрэтных населеных пунктах, у тым ліку з улікам эканамічнай мэтазгоднасці: «Наша задача — ствараць умовы для людзей. Яны могуць быць разнастайнымі ў залежнасці ад той ці іншай сітуацыі, таго ці іншага населенага пункта. Але калі ёсць запыт ад насельніцтва, мы павінны яго пачуць, зрабіць адпаведную прапанову і прыняць тое ці іншае рашэнне, якое б спрыяла вырашэнню сітуацыі, з якой да нас прыйшлі людзі».
Фота аўтара
г. Мар’іна Горка