Top.Mail.Ru

З якімі пытаннямі звярталіся жыхары Случчыны да губернатара Міншчыны?

Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка правёў выязны прыём грамадзян. Гэтым разам месцам дыслакацыі стаў Слуцк. І хоць рэгіён лічыцца даволі паспяховым, праблем тут усё ж хапае. Карэспандэнт «Звязды» далучыўся да прыёму і разам з адказнымі асобамі пастараўся разабрацца ў тых праблемах, якія сёння хвалююць жыхароў цэнтральнага рэгіёна. 


Згніла труба — ці дапаможа губернатар?

На прыём да губернатара, які доўжыўся амаль 7 гадзін, запісалася больш за 20 чалавек. Некаторыя прыехалі з іншых рэгіёнаў Міншчыны. Пытанні падымаліся розныя: рамонт дарог, будаўніцтва каналізацыі, паляпшэнне жыллёвых умоў, увод у эксплуатацыю самавольнай пабудовы, якасць медабслугоўвання. Аднымі з першых прыйшлі на прыём жыхары Любані. Зінаіда Мікалаеўна і яе дачка Алена Анатольеўна паскардзіліся на стан цеплавой сеткі да жылога дома. Паводле слоў заяўніц, на ёй проста не засталося жывога месца: «Труба, якая праходзіць па вуліцы Гагарына, знаходзіцца ў грамадскім карыстанні. Яе пастаянна рамантуюць, але ад гэтага няма ніякай карысці. Труба абсалютна не падлягае рамонту — яе тэрмінова трэба замяніць. Мы звярталіся ў Любанскую ЖКГ. Там адказалі, што мяняць гэтую трубу мы павінны за свой кошт, таму што з’яўляемся ўласнікамі. Аднак сума не маленькая — больш за 5 тысяч рублёў! Дзе ўзяць такія грошы? Самае цікавае, што нават пасля замены трубы ЖКГ не возьме яе на баланс!». 

1 подзг.jpg

Заяўніцы адзначылі, што камунальная гаспадарка гатова абслугоўваць сеткі толькі «да першай заглушкі»: «Але труба ж ідзе па вуліцы, да дома яна нават не даходзіць! Камунальнікі яе час ад часу „латаюць“, аднак яна ўжо не прыдатная для эксплуатацыі! Добра, што мінулая зіма была адносна цёплая, мама не моцна замярзала, але ўсё роўна 5 разоў выклікалі аварыйшчыкаў! А неяк мама два дні сядзела дома ў шубе, мерзла, таму што прарыў здарыўся ў выходны дзень, і ліквідаваць яго прыехалі толькі ў панядзелак». 

Генеральны дырэктар ЖКГ Мінскай вобласці Юрый Кукашук растлумачыў: раней балансатрымальнікам цеплавой сеткі на вуліцы Гагарына быў муж Зінаіды Мікалаеўны: «Калі яго не стала, пайшла гаворка аб перазаключэнні дамовы: і пачаліся праблемы. Сетка сапраўды знаходзіцца ў аварыйным стане, камунальнікі робяць рамонты, у тым ліку на платнай аснове. Але яны ўжо мала дапамагаюць». 

Звяртаючыся да заяўніц, старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка заявіў: «Вы з’яўляецеся ўласнікам цеплатрасы. Сістэма газазабеспячэння, водаадвядзення можа праходзіць па розных тэрыторыях: грамадскага карыстання, прыватнай зямлі, але яна належыць вам. Хоць яе могуць абслугоўваць розныя арганізацыі».

Губернатар удакладніў у заяўніц: ці не хочуць яны правесці газазабеспячэнне або электраатапленне, на што атрымаў адмоўны адказ: «У нас няма такіх сродкаў», — развяла рукамі Алена Анатольеўна.

«Але ёсць цеплатраса, якая ў вашай уласнасці. Далей яе латаць няма сэнсу, праблему трэба вырашаць. Пры гэтым вы павінны разумець — бясплатна нічога не будзе», — звярнуў увагу кіраўнік Міншчыны. Ён прапанаваў Зінаідзе Мікалаеўне і Алене Анатольеўне некалькі варыянтаў вырашэння сітуацыі: газазабеспячэнне або электраатапленне. «Ці яшчэ адзін. Мы за кошт бюджэту перакладзём цеплавую сетку, установім прыбор уліку. І ўжо па лічыльніках вы будзеце плаціць за паслугу. Я даручу адказным службам: яны разлічаць выдаткі, якія вы панесяце ў залежнасці ад абранага варыянту. Не спяшайцеся з прыняццем рашэння, вывучыце свае магчымасці. Калі вылучыце электраатапленне — пагаворым з энергетыкамі, каб вам далі растэрміноўку». 

Перавесці садовы домік у жылы

Жыхарка вёскі Васілінкі Слуцкага раёна Алена Мікалаеўна звярнулася да губернатара з зямельным пытаннем. Заяўніца хоча перавесці садовы домік у жылы, але мясцовыя ўлады не даюць дазволу. Як адзначыла жанчына, у 1992 годзе па рашэнні райвыканкама ёй індывідуальна выдзелілі ўчастак паміж жылымі дамамі. «Там можна было пабудаваць садовы домік, займацца садоўніцтвам: я так і зрабіла. А ў 2002 годзе перавезла ў Васілінкі бацькоў. Каб зарэгістраваць іх у доміку, напісала заяву ў сельсавет — маму і тату прапісалі. Ніхто не сказаў, што так рабіць нельга ці немагчыма. Я падатак плаціла ў сельсавет, нам як калгаснікам давалі пшаніцу». 

У 2021 годзе да Надзеі Мікалаеўне прыехала з Украіны сястра. «Яна хацела зрабіць від на жыхарства, з гэтым пытанняў не ўзнікла. Потым я вырашыла прапісаць сястру ў садовым доміку, але мне ўжо кажуць, што па законе нельга — трэба пераводзіць садовы домік у жылы дом. Пачала гэтым займацца. Чатыры гады хаджу па розных інстанцыях, каб вырашыць праблему: і ацэнку дома зрабіла, і тэхпашпарт, але толку ніякага. Нібыта няма такога закона, і кропка. Маёй маме ўжо 97 гадоў, калі яе не стане і ў доме ніхто не будзе прапісаны, мне давядзецца дорага плаціць за газ». 

Заяўніца здзіўляецца: многія цяпер узаконьваюць самавольныя пабудовы, пераводзяць нежылое памяшканне ў жылое. Чаму ёй нельга? «Кажуць, што да майго доміка гэта не адносіцца, таму што там праведзены газ, камунікацыі. Маўляў, трэба ўсё вярнуць у першапачатковы стан (а па факце разбурыць дабудаваную кухню, ванную, туалет), паставіць печку. Але хіба гэта адзіны выхад з сітуацыі?», — наракае жанчына. 

2 подзг.jpg

Як адзначыў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Мінскага аблвыканкама Аляксей Новікаў, уся праблема ў тым, што домік заяўніцы не ўваходзіць у садовае таварыства: «Калі б яна была ў таварыстве, магла б узяць даведку ў старшыні і пасля перавесці дом у жылое памяшканне. Але ў гэтым выпадку ў Надзеі Мікалаеўны такой магчымасці няма, бо яна атрымлівала ўчастак пад будаўніцтва індывідуальна, яе домік знаходзіцца ў межах вёскі. З іншага боку, увесці садовы домік як жылы мы таксама не можам, бо па факце гэта нямэтавае выкарыстанне ўчастка».

Ён прапанаваў прыняць у эксплуатацыю жыллё Надзеі Мікалаеўны як садовы домік: «Заяўніца возьме адпаведную даведку ў сельсавеце. Такім чынам, яна сыдзе ад факту самавольнага будаўніцтва і вырашыць пытанне аб пераводзе садовага доміка ў жылы». Аднак начальнік Слуцкага філіяла РУП «Мінскае абласное агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры» Аляксей Бандаровец засумняваўся: ці будзе дастаткова ў гэтай сітуацыі толькі даведкі ад сельсавета...

«Трэба ў любым выпадку шукаць выйсце, — катэгарычны губернатар. — Будзем ствараць прэцэдэнт на карысць Надзеі Мікалаеўны. Яна ж не вінаватая, што будавала домік не ў садовым таварыстве, а ў межах вёскі. Нам трэба быць ініцыятарамі заканадаўчых зменаў. Тым больш, калі такога роду выпадкаў нямала. Звернемся па вашай сітуацыі ў Дзяржкаммаёмасць, таксама будзем выступаць з ініцыятывай змяненняў у заканадаўстве». 

Шмат дзяцей — няшмат метраў

Случчанка Марына Аляксандраўна адна выхоўвае траіх непаўналетніх дзяцей. Разам з імі жанчына пражывае ў аднапакаёвай сацыяльнай кватэры. З 2014 года яна стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Нядаўна ёй паведамілі, што чарга на будаўніцтва жылля падышла. Аднак цана на будаўніцтва здзівіла жанчыну: «Кошт квадратнага метра атрымліваецца каля 3 тысяч рублёў. Я сама выхоўваю траіх непаўналетніх дзяцей, знаходжуся ў адпачынку па доглядзе дзіцяці. Бацькоў у мяне няма, толькі брат і сястра, дапамагчы няма каму... Нават калі скарыстаюся матчыным капіталам, усё роўна прыйдзецца браць крэдыт — у месяц буду вымушана плаціць вялікую суму. Але такіх грошай у мяне няма. Падкажыце, парайце, я не ведаю, як далей быць... Вядома, калі б бацька дзяцей не сышоў ад нас, я б не сядзела цяпер перад вамі». 

Як патлумачыла намеснік начальніка ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі, энергетыкі і паліва аблвыканкама Анастасія Сабірай: «Марыне Аляксандраўне прапанавалі будаваць двухпакаёвую кватэру з аздабленнем. Максімальная сума дзяржпадтрымкі можа скласці 108 тысяч рублёў. Але далей ужо будзе глядзець банк — ці гатовы ён даць маме такую суму». 

3 подзг.jpg

Анастасія Сабірай удакладніла: кошт усёй кватэры, прапанаванай заяўніцы, — 191 тысяча рублёў: «Суму, якая адсутнічае, яна можа „закрыць“ матчыным капіталам, але ўсё роўна не хапае яшчэ 50 тысяч». 

Случчанцы прапанавалі варыянты развязання праблемы. Адзін з іх — атрымаць арэнднае жыллё і потым перавесці яго ў сацыяльнае. «Але такая кватэра не падлягае абмену, продажы, прыватызацыі. І калі жыллё будзе больш за 60 „квадратаў“ — шматдзетную маму здымуць з уліку маючых патрэбу», — звярнула ўвагу Анастасія Сабірай. Таксама Марына Аляксандраўна можа разгледзець варыянт з купляй жылля. «Але ў гэтым выпадку будуць глядзець ацэначны кошт кватэры. А розніца паміж рынкавым і ацэначным часам бывае велізарная», — сказала Анастасія Сабірай.

«Вывучыце ўсе варыянты з улікам вашых фінансавых магчымасцяў, — прапанаваў кіраўнік вобласці. — Мы яшчэ раз пісьмова ўсё выкладзем, дамо вам неабходныя кантакты. Прымайце канчатковае рашэнне». 

«Важна знаходзіць рашэнне тых праблем, якія ўзнікаюць у людзей»

Падводзячы прамежкавыя вынікі прыёму, у размове з журналістамі старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка падкрэсліў: праводзіць уязныя прыёмы кіраўніцтва вобласці стараецца на рэгулярнай аснове: «З выездам у рэгіёны, са зносінамі з заяўнікамі, каб разумець тыя праблемы, якія хвалююць нашых людзей. Пытанні паступаюць самыя розныя. Пры гэтым вельмі важна знаходзіць рашэнне тых праблем, якія ўзнікаюць у людзей. Зразумела, што за адзін раз мы не зможам вырашыць усе тыя пытанні, якія ўзнікаюць. Напрыклад, дарогі. Мы разумеем, што сёння асфальт не пакладзем на кожнай вуліцы, але ўтрымліваць дарогі ў тэхнічна спраўным стане, каб яны не выклікалі турботы, нараканняў ад нашых людзей мы проста абавязаны». 

Паводле слоў губернатара Міншчыны, кожная сітуацыя патрабуе ўважлівага вывучэння: «Што датычыцца пытання, якое паступіла ад заяўнікаў з Любаня па цеплазабеспячэнні, сапраўды, цеплатраса знаходзіцца ў непрыдатным да эксплуатацыі стане. Пры гэтым яна знаходзіцца ва ўласнасці заяўнікаў. Таму мы прынялі рашэнне індывідуальна падысці да цеплазабеспячэння гэтага дома і прапанаваць варыянты. Гэта можа быць замена цеплатрасы і аднаўленне цэнтральнага цеплазабеспячэння, можа быць індывідуальнае электразабеспячэнне альбо ж газіфікацыя. Заяўнікам будуць прапанаваныя варыянты і тады яны вызначацца. Ну і, адпаведна, я думаю, разам мы знойдзем аптымальнае рашэнне праблемы». 

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю