Кожную сераду, з 17.00 да 20.00, у грамадскіх пунктах аховы правапарадку сталіцы ўчастковыя інспектары міліцыі вядуць прыём грамадзян. Гэта магчымасць для жыхароў раёна хутка вырашыць праблемную сітуацыю, атрымаць параду. Чарговы прыём у Партызанскім РУУС правёў участковы інспектар Ігар Барзда.
Сумленнасць супраць спакусы
Першым у кабінет увайшоў малады чалавек. Ён працягнуў афіцэру партаманэт і паведаміў, што знайшоў яго на вуліцы каля жылога дома. У кашальку знаходзілася буйная сума грошай, але не было ніводнага дакумента, па якім можна было б апазнаць уладальніка. Хлопец прызнаўся: спакуса пакінуць знаходку сабе была вялікая, але веданне закона ўзяло верх. Ён разумеў, што, пакінуўшы чужую рэч сабе, можна стаць фігурантам крымінальнай справы за крадзеж.
Ігар Барзда падзякаваў мінчаніну за грамадзянскую пазіцыю. «Вы зрабілі абсалютна правільна, — заўважыў інспектар. — Своечасовая перадача знойдзенай маёмасці ў міліцыю — гэта не толькі сумленны ўчынак, але і адзіны спосаб пазбегнуць праблем з законам».
Драпіна на дзвярах
Па дапамогу да ўчастковага інспектара міліцыі звярнулася маладая жанчына. З надыходам цяпла ў дварах сталі з’яўляцца дзеці на веласіпедах і самакатах. Вярнуўшыся да свайго прыпаркаванага аўтамабіля, гараджанка знайшла на бакавых дзвярах свежыя пашкоджанні. Знайсці віноўніка самастойна не ўдалося.
Участковы зафіксаваў даныя мінчанкі і ўдакладніў, ці абсталяваны дом сістэмай відэаназірання. Атрымаўшы сцвярджальны адказ, афіцэр запэўніў, што высветліць асобу таго, хто закрануў машыну, не будзе складана, і паабяцаў як мага раней разабрацца ў сітуацыі.
«Хаваць факт пашкоджання чужой маёмасці бессэнсоўна, — растлумачыў Ігар Барзда. — Віноўніку ўсё роўна давядзецца кампенсаваць шкоду, але наступствы могуць быць больш сур’ёзнымі».
Пажылы сусед
Наступная заяўніца выказала міліцыянеру свае перажыванні за пажылога суседа, які ўжо доўгі час не выходзіў на прагулкі. Яна баялася, што пенсіянера ніхто не наведвае і яму магла спатрэбіцца дапамога.
Даведаўшыся адрас мужчыны, участковы супакоіў пільную суседку. «З ім усё ў парадку, — запэўніў участковы інспектар. — Я наведваў яго літаральна днямі ў рамках прафілактычнага абходу, правяраў умовы яго пражывання. Пенсіянер проста прыхварэў і зараз праходзіць лячэнне дома. Раз на тыдзень да яго прыязджаюць дзеці, прывозяць прадукты і лекі».
Міліцыянер падзякаваў жанчыне за ўважлівасць да пажылых людзей, адзначыўшы, што такія грамадзяне заўсёды знаходзяцца на асаблівым кантролі ў міліцыі.
Званок з «Энергазбыту»
Апошняй на прыём прыйшла пенсіянерка. Яна была ўсхваляваная: на яе мабільны тэлефон у месенджары сталі паступаць званкі з замежных нумароў. Незнаёмцы прадстаўляліся супрацоўнікамі «Энергазбыту», казалі пра завышаныя тарыфы і неабходнасць перааформіць дагавор з-за «неадпаведнасці лічыльнікаў».
Ігар Барзда, вывучыўшы тэлефон жанчыны, пацвердзіў яе асцярогі. «Гэта тыповая схема ашуканцаў, — канстатаваў ён. — Памятайце: супрацоўнікі ЖКГ, Энергазбыту, Водаканала, а таксама прадстаўнікі банкаў і праваахоўных органаў ніколі не тэлефануюць у месенджары і не просяць прадаставіць асабістыя даныя або здзейсніць якія-небудзь аперацыі па тэлефоне. Для заключэння або прадаўжэння дагавораў неабходна асабіста наведваць дзяржаўныя ўстановы».
Участковы нагадаў: пры паступленні такіх званкоў трэба неадкладна пакласці трубку і ні ў якім разе не ўступаць у дыялог.
Вечар выдаўся напружаным, але прадуктыўным. Жыхары Сцяпянкі выходзілі з грамадскага пункта са спакойнай душой і адказамі на свае пытанні. Ігар Барзда падкрэсліў: такія прыёмы — найлепшы спосаб умацаваць давер паміж міліцыяй і насельніцтвам, своечасова прыйсці на дапамогу кожнаму.
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы Партызанскага РУУС г. Мінска