Надзённую і неадназначную тэму сродкаў персанальнай мабільнасці (СПМ) «Звязда» ўжо ўздымала неаднойчы. З аднаго боку — даступнасць і камфорт, з другога — ДТЗ і чалавечыя жыцці. І як толькі не спрабавалі ўтаймаваць электрасамакатчыкаў, але жудасная статыстыка, якая ў нармальнага чалавека павінна адбіваць любоў да такой хуткасці, усё працягвала расці... Лётаючы на электрасамакатах дзе заўгодна, людзі рызыкавалі не толькі сваім жыццём, але і іншых. Менавіта для таго, каб перадухіліць новыя трагедыі, 5 жніўня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 295, якім карэкціруюцца Правілы дарожнага руху. Пра новыя нормы, змяненні і дапаўненні, а таксама пра тое, ці атрымаецца ўсё ж такі ўтаймаваць аматараў такога экалагічна чыстага транспарту — з першых вуснаў ад ініцыятараў змяненняў у ПДР.
Самакат або механічны транспартны сродак?
«У апошнія гады мы сталі сведкамі актыўнага выкарыстання ўдзельнікамі дарожнага руху сродкаў персанальнай мабільнасці. Таксама ўзрастае цікавасць да веларуху. Пры гэтым развіццё такога віду транспарту цягне за сабой і негатыўныя моманты. У першую чаргу гэта звязана з траўміраваннем людзей, якія перамяшчаюцца на гэтых сродках, а таксама ні ў чым не вінаватых пешаходаў. Не сакрэт, што многія так званыя сродкі персанальнай мабільнасці маглі развіваць хуткасць і да 50 кіламетраў у гадзіну, а то і больш», — зазначыў начальнік галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Віктар РОТЧАНКАЎ.
Паводле яго слоў, за апошнія два гады было зафіксавана 900 ДТЗ з веласіпедыстамі альбо асобамі, якія перамяшчаліся на сродках персанальнай мабільнасці. «Асаблівы ўсплёск ДТЗ адбыўся ў 2024 годзе, калі на 80 % узрасла колькасць аварый з удзелам асоб, якія перамяшчаліся на сродку персанальнай мабільнасці. За мінулы год загінулі чатыры такія ўдзельнікі дарожнага руху. За першае паўгоддзе 2025 года яшчэ на 30 % вырасла колькасць аварый з удзелам дадзенай катэгорыі. Тры ўдзельнікі дарожнага руху, якія ехалі на сродках персанальнай мабільнасці, загінулі».
З улікам усіх абставінаў МУС краіны выступіла з ініцыятывай аб неабходнасці карэкціроўкі асобных палажэнняў ПДР. Тады сумесна з зацікаўленымі дзяржорганамі Дзяржаўтаінспекцыяй была праведзена вялікая работа. «Вынікам стала падпісанне 4 жніўня кіраўніком дзяржавы Указа № 295, які прадугледжвае карэкціроўку асобных палажэнняў ПДР, што ўступаюць у сілу з 1 верасня 2025 года. Па-першае, было скарэкціравана значэнне самога паняцця „сродак персанальнай мабільнасці“. Гэты транспартны сродак мае адно або некалькі колаў і максімальна канструктыўную хуткасць руху не большую за 25 кіламетраў у гадзіну. Ён прызначаны для руху аднаго чалавека з дапамогай выкарыстання электрарухавіка. Асобы, якія перамяшчаюцца на сродках персанальнай мабільнасці, прыраўноўваюцца да веласіпедыстаў. Гэта значыць, менавіта канструктыўная хуткасць, устаноўленая заводам-вытворцам, цяпер з’яўляецца вызначальнай. Калі ў нас няма дадзеных аб вытворцы, многае будзе ўстанаўлівацца згодна з экспертызай. Транспартныя сродкі, якія могуць развіваць хуткасць звыш 25 кіламетраў у гадзіну, будуць прызнавацца альбо мапедам, альбо матацыклам. Іх неабходна будзе зарэгістраваць», — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення ДАІ.
Ва ўказе прапрацаваны і спрошчаны парадак рэгістрацыі. «Асобы, у якіх ёсць сродак, што па сваіх характарыстыках можа развіваць хуткасць, большую за 25 кіламетраў у гадзіну, могуць у спрошчаным парадку яго зарэгістраваць. Для гэтага неабходна прадаставіць сродак у выпрабавальную лабараторыю, якая з’яўляецца рэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і ўключана ў Адзіны рэестр органаў па ацэнцы адпаведнасці ЕАЭС. Па выніках ацэнкі, калі ён адпавядае той ці іншай катэгорыі механічнага транспартнага сродку, афармляецца электронны пашпарт. Толькі з гэтым электронным пашпартам мы ажыццяўляем рэгістрацыю дадзенага сродку. Спрошчаны парадак будзе дзейнічаць да 1 верасня 2026 года, — падкрэсліў Віктар Ротчанкаў. — Асобам, якія не захочуць рэгістраваць такія сродкі, дазволена ўдзельнічаць у руху на дарогах без удасканаленага пакрыцця. Пры гэтым для кіравання дадзенымі транспартнымі сродкамі ўсё роўна спатрэбіцца вадзіцельскае пасведчанне адпаведнай катэгорыі. Некаторым уласнікам такіх сродкаў прыйдзецца дадаткова іх абсталяваць. Гэта могуць быць паказальнікі павароту, светлавыя прыборы і гэтак далей».
Рэгістрацыя СПМ будзе праводзіцца ў такія ж тэрміны, як і звычайных механічных транспартных сродкаў. «Калі ўладальнік прыбудзе да нас з неабходнымі дакументамі — электронным пашпартам, то ўсё будзе зроблена максімальна хутка і лаканічна, — заявіў кіраўнік дарожнай міліцыі. — Не да канца зразумелае пытанне з праходжаннем выпрабавальнай лабараторыі і атрыманнем электроннага пашпарта. Тут адзінага алгарытму мы назваць яшчэ не можам. У кожнага гэта зойме свой пэўны час. Бо цяжка сказаць, ці спатрэбяцца механічнаму транспартнаму сродку дадатковыя дапрацоўкі яго тэхнічнага абсталявання, ці адпавядае ён у поўнай меры тэхнічнаму рэгламенту па бяспецы, ці спатрэбяцца дапрацоўка альбо ўдакладненне нейкіх параметраў. Таму я не магу даць адназначнага адказу. Рэгістрацыі будзе падлягаць шмат мадэляў тэхнікі, у кожнай — свае асаблівасці». Праваахоўнік дадаў таксама, што ўладальнікі такіх транспартных сродкаў могуць звяртацца па рэгістрацыю ў падраздзяленні ДАІ, не чакаючы 1 верасня, — Дзяржаўтаінспекцыя ўжо прыступіла да рэгістрацыі.
Цяпер спешваемся! Але ці заўсёды?
Сярод новых нормаў пры перамяшчэнні на сродку персанальнай мабільнасці — забарона на рух у населеным пункце з хуткасцю больш за 10 кіламетраў у гадзіну, за выключэннем руху па веласіпедных дарожках або праезнай частцы дарогі. Таксама забараняецца рухацца ў пешаходнай зоне, якая пазначана адпаведнымі дарожнымі знакамі. Акрамя таго, нельга рухацца па тратуары, калі маса сродкаў персанальнай мабільнасці перавышае 35 кілаграмаў. Нельга пакідаць СПМ у месцах, дзе гэта стварае перашкоды для іншых удзельнікаў дарожнага руху.
«Акрамя таго, у адпаведнасці з новымі патрабаваннямі Правілаў дарожнага руху, перад перасячэннем праезнай часткі веласіпедысты і кіроўцы СПМ абавязаны спешвацца і пераходзіць яе з выкананнем патрабаванняў, прадугледжаных для руху пешаходаў», — падкрэсліў Віктар Ротчанкаў.
Ёсць і выключэнні. Калі на велапераездзе ёсць святлафор, які рэгулюе рух веласіпедыстаў, то ў гэтым выпадку яны маюць права не спешвацца. Калі веладарожка ідзе ўздоўж праезнай часткі і веласіпедыст перасякае скрыжаванне ці яшчэ нешта, то ён можа таксама не спешвацца, але пры гэтым павінен выконваць патрабаванні дарожных святлафораў і знакаў, якія ўстаноўлены на гэтым скрыжаванні. Ён мае права не спешвацца і пры руху па лініі тратуараў або ўзбочын, саступаючы дарогу іншым транспартным сродкам. «У асноўным у сельскай мясцовасці бывае так, што або тратуар, або ўзбочыны ідуць уздоўж жылой зоны, і праз кожныя 20-30 метраў ёсць перасячэнні, выезд з жылой зоны. Пры гэтым няма ні пешаходнага пераходу, ні велапераезду. У гэтым выпадку веласіпедыст мае права не спешвацца, але ён павінен у абавязковым парадку саступіць дарогу аўтамабілю», — тлумачыць праваахоўнік
Захаванне хуткаснага рэжыму на веладарожцы, паводле яго слоў, таксама будзе знаходзіцца на асаблівым кантролі. «Тыя тэхнічныя сродкі вымярэння хуткасці, якія сёння ёсць у супрацоўнікаў ДАІ, ужо дазваляюць рабіць вымярэнні хуткасці ўдзельнікаў дарожнага руху. Калі адбываліся ДТЗ, нам нічога не перашкаджала эксперыментальным шляхам разлічыць хуткасць. Відэааналітыка, якая прысутнічае ў гарадах, дазваляе нам гэта вызначыць, — растлумачыў кіраўнік Дзяржаўтаінспекцыі. — Тэхналогіі не стаяць на месцы, яны развіваюцца. Пастаўшчыкі абсталявання для аўтаматычнай фіксацыі правапарушэнняў, такіх як праезд на забараняльны сігнал святлафора або іншых, ужо гатовыя перадаваць тэхніку і для фіксацыі хуткасці. Мы працуем над гэтым пытаннем».
Адказнасць за парушэнне ПДР карыстальнікамі СПМ прадугледжана артыкулам 18.20 КаАП, які складаецца з чатырох частак. «У тым ліку асобна прадугледжана адказнасць за парушэнне Правілаў дарожнага руху ў стане ап’янення, — акцэнтаваў Віктар Ротчанкаў. — Фактычна тую адказнасць, якую на сённяшні дзень нясе пешаход, будзе несці па гэтым артыкуле кіроўца, які перамяшчаецца на сродку персанальнай мабільнасці, на веласіпедзе».
Рух у садаводчых таварыствах, таніроўка аўтамабіля і язда на мотаблоку
Таксама быў вызначаны тэрмін «механічны транспартны сродак», унесены карэкціроўкі яго вызначэння. Былі вызначаны і транспартныя сродкі, якія не адносяцца да механічных. «Да механічных транспартных сродкаў не адносяцца СПМ, веласіпеды, якія маюць электрарухавік намінальнай максімальнай магутнасцю ў рэжыме працяглай нагрузкі, што не перавышае 250 ват, або максімальную канструктыўную хуткасць руху, вызначаную яго тэхнічнай характарыстыкай не больш за 25 кіламетраў у гадзіну. Таксама не адносяцца да механічных транспартныя сродкі, якія прыводзяцца ў рух рухавіком, максімальная канструктыўная хуткасць якіх перавышае
25 кіламетраў у гадзіну, якія маюць масу менш за 35 кілаграмаў і на якіх адсутнічае сядзенне і рулявое кіраванне», — паведаміў Віктар Ротчанкаў.
- Таксама былі ўдакладнены палажэнні Правілаў дарожнага руху ў частцы тэрыторыі садаводчых таварыстваў. Цяпер яны аднесены да жылой зоны. «Ад насельніцтва паступалі пытанні аб тым, як таварыствы візуальна вызначаюцца. Гэта могуць быць, напрыклад, вароты, шлагбаум. Унутры вызначаны парадак паводле азначэння жылой зоны. Гэта значыць, пешаходы і веласіпедысты, СПМшчыкі маюць прыярытэт пры руху сумесна з аўтамабілем. Але пры гэтым яны не павінны наўмысна перашкаджаць руху, — падкрэсліў кіраўнік Дзяржаўтаінспекцыі. — У выпадку неабходнасці ўладальнікі садаводчых таварыстваў маюць права звярнуцца ў Дзяржаўтаінспекцыю для ўзгадненняў па ўстаноўцы знакаў жылой зоны: „Пачатак жылой зоны“, „Канец жылой зоны“. Знакі могуць ўстанаўлівацца і прыводзіцца ў адпаведнасць».
А яшчэ ў сувязі са шматлікімі зваротамі грамадзян замацавана магчымасць руху на мотаблоку з прычэпам, дадаў Віктар Ротчанкаў. Такі рух дапускаецца ў светлы час сутак, па ўзбочыне дарогі, дзе хуткасць не перавышае 90 кіламетраў у гадзіну. Пры адсутнасці ўзбочыны — не далей аднаго метра ад краю праезнай часткі. Цяпер на мотаблоках афіцыйна дазволена перамяшчацца.
Змяненні былі ўнесены і ў Дадатак 4 ПДР, дзе пазначаны няспраўнасці, пры якіх забаронены ўдзел у дарожным руху. «У прыватнасці, дазволена таніроўка, нанясенне плёначных пакрыццяў, устаноўка шторак на задніх бакавых і заднім шкле аўтамабіля. Прычым нейкая норма па святло-
прапускальнасці не ўстаноўлена. Нароўні з гэтым дазволам ДАІ будзе вельмі пільную ўвагу ўдзяляць спыненню правапарушэнняў, калі кіроўцы наносяць плёначныя пакрыцці на пярэдняе і пярэдняе бакавое шкло аўтамабіля. У дадзеным выпадку гэта парушэнне Правілаў дарожнага руху, за што прадугледжана адказнасць. Цяпер мы будзем займаць больш прынцыповую і жорсткую пазіцыю па гэтым пытанні».
Таксама прыведзена ў адпаведнасці з тэхнічным рэгламентам выкарыстанне зімовых шын. Так, зімой будзе забаронена выкарыстоўваць шыны, якія маюць абрэвіятуру «all season» — усе сезоны. Іх можна выкарыстоўваць з вясны да восені, але ў зімовы перыяд варта ўжываць толькі зімовыя шыны, якія пазначаны адпаведным чынам.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота з адкрытых крыніц