Старшыня барысаўскага БАТЭ Андрэй Капскі адрэагаваў на інфармацыю аб магчымым продажы футбольнага клуба.
— Клуб наш! Склад заснавальнікаў застаецца нязменным, — прыводзіць словы старшыні праўлення Капскага прэс-служба каманды.
Раней у інтэрнэт-прасторы з’явілася інфармацыя ад інсайдэра Ісаені, дзе гаварылася, што Андрэй Капскі прадаў футбольны клуб юрыдычным асобам з Расіі.
Капскі-малодшы ўзначаліў БАТЭ пасля смерці свайго бацькі Анатоля Капскага ў верасні 2018 года.
БАТЭ з 9 ачкамі пасля 14 праведзеных сустрэч займае перадапошняе 15-е месца ў турнірнай табліцы бягучай кампаніі чэмпіянату Беларусі. У найбліжэйшым туры Вышэйшай лігі барысаўчане 9 жніўня згуляюць на выездзе супраць «Баранавічаў».
Адзначым, што раней «жоўта-сінія» завяршылі сваё выступленне ў другім раундзе кваліфікацыі Лігі канферэнцый УЕФА сезона-2026/27, уступіўшы па суме двух матчаў швейцарскаму «Сьёну» — 1:1, 0:4.