Top.Mail.Ru

З’явіцца жаданне наведваць сталовыя. Эксперт пра навацыі ў школьным харчаванні

Дзякуючы навацыям школьнае харчаванне стане больш цікавым для дзяцей і бацькоў, у вучняў з’явіцца жаданне наведваць сталовыя. Пра гэта ў прэс-цэнтры БелТА паведаміла начальнік аддзела арганізацыі харчавання Акадэміі адукацыі Люцыя Міхальчук. 



З мэтай удасканалення і аптымізацыі харчавання навучэнцаў урадам была прынятая адпаведная пастанова. Так, з 1 верасня ў школах будуць укаранёныя некаторыя навацыі. «Пры аднаразовым харчаванні навучэнцаў уводзіцца адзіны від прыёму ежы, які будзе называцца „другі сняданак“, у другую змену — „полудзень“, у яго будзе такая ж каларыйнасць, як і ў другога сняданку. Таксама з’явіцца больш магчымасцяў у выбары рацыёнаў. Для гэтага ўдасканалены падыходы да выкарыстання натуральных нормаў і фарміравання саміх рацыёнаў, што дазволіць іх гнутка мяняць з улікам смакавых пераваг навучэнцаў», — расказала Люцыя Міхальчук.

Акрамя таго, пашыраецца пералік прадукцыі, дазволенай да выкарыстання ў школьным харчаванні, у тым ліку за кошт гатовых айчынных паўфабрыкатаў. «Гэта мясныя, рыбныя, агароднінныя, мучныя паўфабрыкаты, якія прайшлі гігіенічную ацэнку і адпавядаюць усім патрабаванням для дзіцячага харчавання. Гэта мера дазволіць разнастаіць меню нашых дзяцей», — канстатавала начальнік аддзела. 

З 1 верасня на 5% павялічваецца памер грашовых нормаў на харчаванне. Прадугледжаная штогадовая іх індэксацыя з улікам змянення цэн на прадукты харчавання.

«Бацькі, чые дзеці атрымліваюць платнае харчаванне, аплачваюць толькі ўстаноўленую грашовую норму выдаткаў на кожны канкрэтны прыём ежы. Усе астатнія выдаткі на прыгатаванне ежы (утрыманне персаналу, камунальныя і іншыя выдаткі) ажыццяўляюцца за кошт сродкаў бюджэту», — праінфармавала Люцыя Міхальчук.


Паводле слоў прадстаўніка Акадэміі адукацыі, дзякуючы навацыям школьнае харчаванне стане больш цікавым для дзяцей і іх бацькоў, таксама ў вучняў з’явіцца жаданне наведваць сталовыя.

Урач-гігіеніст (загадчык) аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Дзіяна Лаўрысюк адзначыла, што графікі прыёму ежы ў школах застануцца ранейшымі. Напрыклад, навучэнцы 1–4-х класаў так і будуць харчавацца на першай або другой змене. «Тут важна ўлічваць, што ў сельскай мясцовасці ёсць падвоз. Калі дзеці на падвозе, вядома, лепш пакарміць іх на першай змене. Калі дзеці прыходзяць у школу з дому, то лепш на другой. У цэлым для тых дзяцей, якія знаходзяцца ў школе больш за 6 гадзін, нічога не мяняецца. Яны як харчаваліся, так і працягнуць. Змены закрануць толькі тых дзяцей, якія знаходзяцца ва ўстанове да 6 гадзін. Яны будуць атрымліваць аднолькавае харчаванне каларыйнасцю 20–25%. Да гэтага дадзеная катэгорыя дзяцей харчавалася па-рознаму: малодшыя атрымлівалі сняданкі, старэйшыя — абеды. Больш змяненняў ніякіх няма», — падкрэсліла яна.

Дырэктар сталічнага камбіната школьнага харчавання Людміла Крупская ў сваю чаргу адзначыла, што абеды не толькі захоўваюцца, але і будуць абавязкова ўключаць у сябе суп. 

«Акрамя таго, калі дзіця знаходзіцца ў школе да 6 гадзін, але бацькі захочуць, каб яно атрымала паўнавартасны абед, то такая магчымасць у дзіцяці будзе за дадатковую плату», — сказала яна.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю