Магутнае землетрасенне адбылося на Камчатцы ў 00:30 (02:30 па мінскім часе) серады. Па даных камчацкага філіяла ФДЦ АГС РАН, магнітуда сейсмасабыцця склала 8,7, ачаг залягаў на глыбіні дзевяць кіламетраў.
Пасля землетрасення быў зафіксаваны таксама шэраг афтэршокаў.
Землетрасенне справакавала цунамі. Пагроза цунамі была аб’яўлена па ўсіх Курылах.
Першая хваля накрыла порт і рыбзавод у Паўночна-Курыльску на востраве Парамушыр. Ахвяр і істотных разбурэнняў жылога фонду ў населеных пунктах Курыл няма. З марскога порта эвакуіравана каля 300 чалавек.
Улады стварылі рэгіянальны штаб для каардынацыі работы службаў і ведамстваў.
У сувязі з землетрасеннем Цэнтр папярэджання аб цунамі міністэрства прыродных рэсурсаў КНР аб’явіў «жоўтае» папярэджанне. Мяркуецца, што цунамі можа мець наступствы стыхійнага характару для ўзбярэжжа Шанхая і шэрагу рэгіёнаў.
Цэнтр папярэджання аб цунамі ВМС Мексікі (CAT-SEMAR) паведаміў, што на ўсё ціхаакіянскае ўзбярэжжа краіны ў бліжэйшыя гадзіны можа абрынуцца хваля цунамі вышынёй да аднаго метра. Па разліках спецыялістаў, першыя хвалі могуць дасягнуць узбярэжжа Мексікі прыкладна ў 02:22 (11:22 па мінскім часе).
З-за пагрозы цунамі на ціхаакіянскім узбярэжжы Японіі пасля землетрасення на Камчатцы спынены рух на 41 напрамку чыгунак. Больш за 356 тысяч чалавек атрымалі ўказанне эвакуіравацца.
Спецыялісты прагназуюць вышыню хвалі ад аднаго да трох метраў. На востраве Хакайда было на гэты час зафіксавана цунамі вышынёй 30 сантыметраў.
Аб пагрозе цунамі таксама аб’явіў Акіянаграфічны інстытут ВМС Эквадора — стыхія можа закрануць Галапагоскія астравы. Папярэджанне выпусцілі і гідраграфічная і акіянаграфічная служба ВМС Чылі.
Вышыня цунамі нават у адзін метр мае дастатковую разбуральную сілу і ўяўляе пагрозу для жыцця.
Фота з адкрытых крыніц