Урачыстыя мерапрыемствы «Апошні званок» для 9-х і 11-х класаў пройдуць у Беларусі 23 мая. Пра гэта журналістам паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай, выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі — начальнік упраўлення выхаваўчай і сацыяльнай работы Міністэрства адукацыі Аляксандр Мацюшонак, паведаміла БелТА.
«Апошнія званкі для 9-х і 11-х класаў пройдуць у Беларусі 23 мая. Гэтае мерапрыемства Міністэрствам адукацыі рэкамендавана праводзіць у школе з усімі традыцыямі, якія ўстаноўлены ў гэтай установе адукацыі. Акрамя таго, для выпускнікоў 11-х класаў „Апошні званок“ рэкамендавана праводзіць на ўзроўні раёна, горада, вобласці — на меркаванне дырэктара, бацькоўскай грамадскасці і заснавальніка», — расказаў Аляксандр Мацюшонак.
Паводле яго слоў, урачыстыя мерапрыемствы заканчэння навучальнага года сёлета крыху скарэкціраваны. «Улічваючы тое, што на выпускнікоў выпадае значная нагрузка, у першую чаргу праз шчыльны графік ЦЭ і ЦТ, было прынята рашэнне сёлета не праводзіць Рэспубліканскі апошні званок», — праінфармаваў прадстаўнік Мінадукацыі.
У рэкамендацыях адукацыйнага ведамства зроблены акцэнт на мерах бяспечнай арганізацыі свята «Апошні званок». Напрыклад, яно павінна доўжыцца не больш за 45 хвілін з улікам умоў надвор’я. Мінадукацыі таксама рэкамендуе школам папярэдне правесці тлумачальную работу з бацькамі наконт бяспекі дзяцей у цёмны час сутак.