Top.Mail.Ru

За 30 гадоў сельская гаспадарка Беларусі зрабіла крок далёка наперад — Пярцоў на «Дажынках» у Карэлічах

За 30 гадоў сельская гаспадарка Беларусі зрабіла крок далёка наперад, падцягнуўшы за сабой іншыя галіны. Аб гэтым у час цырымоніі ўшаноўвання аграрыяў Гродзенскай вобласці на «Дажынках» у Карэлічах сказаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Пярцоў, перадае БелТА.


«За 30 гадоў, якія ў нашай краіне мы адзначаем „Дажынкі“, сельская гаспадарка зрабіла крок далёка наперад. Змяніліся тэхналогіі, павялічылася механізацыя вытворчых працэсаў. Самае галоўнае, што сельская гаспадарка падцягнула за сабой іншыя важныя галіны нашай краіны. І вытворчасць сельгастэхнікі, і перапрацоўчую прамысловасць — простымі словамі кажучы, вытворчасць прадуктаў харчавання, якія для ўсяго свету сталі ўжо брэндам Рэспублікі Беларусь», — сказаў Уладзімір Пярцоў.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі звярнуў увагу, што значна змяніліся гарады — сталіцы абласных і рэспубліканскіх свят хлебаробаў. «Сёння мы ў Карэлічах. За 630 гадоў у розных войнах і канфліктах Карэлічы пяць разоў знішчаліся і згаралі дашчэнту, але кожны раз адраджаліся. Гэта сведчыць аб асаблівым сакральным духу гэтага кутка Беларусі і аб тых мужных людзях, сапраўдных героях, якія жылі і жывуць на гэтай зямлі», — сказаў Уладзімір Пярцоў.


«Дзякуй богу, адзіная бітва, якую мы перажываем цяпер, гэта бітва ў палях. І на гэтым свяце мы ўшаноўваем нашых герояў, пераможцаў гэтай бітвы. За 30 гадоў мы ўзнагародзілі многія тысячы гаспадарак і перадавікоў вытворчасцей. І сёння гэты спіс папоўніўся», — дадаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю