З 22 мая зменяцца некаторыя правілы для банкаўскіх картак. Гэта прадугледжана змяненнямі, якія Нацыянальны банк унёс у Інструкцыю аб ажыццяўленні аперацый з банкаўскімі плацежнымі карткамі і плацежнымі інструментамі, якія забяспечваюць іх выкарыстанне.
Намі выбраны сем самых важных момантаў. Як расказала начальнік упраўлення электронных плацежных інструментаў Галоўнага ўпраўлення плацежнай сістэмы і лічбавых тэхналогій Нацбанка Вольга АНТАНОВіЧ, большасць змяненняў з’яўляюцца тэхнічнымі, але ёсць і тыя, якія датычацца простага жыхара краіны.
Першае, што карыстальнікі банкаўскіх картак з разраду самазанятых і рамеснікаў, а таксама тых, хто аказвае паслугі ў сферы агра- і экатурызму, цяпер будуць заключаць з банкамі-эмітэнтамі і банкамі-экваерамі дагаворы на аказанне плацежных паслуг як фізічныя асобы.
Другое, банк павінен уключыць у дагавор з кліентам інфармацыю пра спосаб і тэрміны паведамлення аб блакаванні карткі па ініцыятыве банка. Да гэтага часу гэта было неабавязкова, а цяпер банк павінен паведаміць кліенту па тэлефоне або праз СМС-паведамленне аб тым, што яго картка заблакаваная.
Трэцяе, банкі будуць абавязаны прадастаўляць кліентам пералік патрабаванняў аб захаванасці рэквізітаў карткі, ПІН-кода, ідэнтыфікацыйных дадзеных. Раней такія памяткі банкі падавалі па жаданні.
Акрамя таго, банкаўскія структуры абавязалі інфармаваць кліентаў аб актуальных зменах лімітаў па картах, а таксама аб змене пераліку краін і рэгіёнаў, дзе можна здзяйсняць аперацыі з картай. Гэта зроблена, каб не здарылася такога, што чалавек прыязджае за мяжу, а расплаціцца карткай не можа. Да гэтага часу гэтыя звесткі часцей за ўсё публікаваліся на сайтах банкаў.
Ёсць змяненне, якое апасродкавана тычыцца фінансавай бяспекі насельніцтва. Дык вось, цяпер пры атрыманні карткі кліентаў будуць інфармаваць работнікі банкаў (або іншых арганізацый) аб крымінальнай адказнасці за незаконны абарот плацежных інструментаў, сродкаў плацяжу і іх рэквізітаў.
Шостым момантам з’яўляецца абавязак банкаў атрымліваць згоду кліента на аказанне паслугі СМС-інфармавання або push-апавяшчэнняў аб аперацыях па карце (незалежна ад таго, платна гэта ці бясплатна).
І апошнім змяненнем будзе той факт, што ў карт-чэках па аперацыях па вяртанню крэдытаў цяпер будуць абавязкова ўказваць прозвішча імя і імя па бацьку плацельшчыка. Гэта спросціць збор дакументаў для выплаты маёмаснага падатковага выліку, паколькі да гэтага часу для гэтага трэба было звяртацца ў банк для атрымання выпіскі па рахунку, часам гэтая паслуга ў банках платная. Усе гэтыя правілы закранаюць як новыя карткі, так і тыя, якія ўжо выпушчаныя. Аднак гэта не значыць, што цяпер усім уладальнікам «пластыка» прыйдзецца ехаць у банк, каб, напрыклад, падпісаць згоду на атрыманне СМС-паведамленняў.
«Усё залежыць ад таго, як банк арганізуе сваю працу з кліентамі. Як правіла, фінансавая ўстанова спецыяльна для гэтага кліентаў у офіс не запрашае. Напрыклад, адным са спосабаў узаемадзеяння з’яўляецца інтэрнэт-банкінг — у ім банк можа накіраваць кліенту апавяшчэнне», — патлумачыла Вольга Антановіч.
«Сёння мы назіраем штоквартальны рост долі безнаяўнага грашовага абароту. У цяперашні час ён складае каля 63 % і штогод прырастае прыкладна на 2 %. Мы аналізуем звароты кліентаў і банкаў і звяртаем увагу на тое, што можна палепшыць. Безумоўна, галоўны акцэнт робіцца на зручнасці абслугоўвання фізічных асоб і захаванасці іх грашовых сродкаў на рахунках, — заявіла Вольга Антановіч. — Акрамя банкаўскай карткі ёсць і іншыя спосабы аплаты — мы займаемся развіццём альтэрнатыўных спосабаў здзяйснення плацяжоў фізічнымі асобамі. Гэта, напрыклад, аплата праз QR-коды, электронныя грошы. У бліжэйшы час будзе запушчаны праект імгненных плацяжоў (сумесна з АРІП), што дасць магчымасць фізічным і юрыдычным асобам атрымаць яшчэ адзін спосаб аплаты».