Мінула ўжо амаль чатыры гады, як палякі задумалі, а пасля і рэалізавалі ідэю ўстаноўкі агароджы на граніцы з Беларуссю. Рабілі гэта нібыта дзеля таго, каб паставіць заслон на шляху мігрантаў, якія ішлі да іх з боку Беларусі. Але ўжо сёння добра відаць адзіны вынік з гэтага распіяранага дзейства — вялікая шкода самаму старому лесу Еўропы, яго флоры і фаўне.
Польскі плот, даўжыня якога складае больш за 185 кіламетраў, з іх больш за 55 кіламетраў менавіта ў Белавежскай пушчы, з вышынёй каля пяці метраў ужо нанёс, не пабаюся сказаць, незаменную страту рэліктаваму лесу.
Акрамя таго, варта ўсім нагадаць, што Белавежская пушча — аб’ект сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, аднак і гэта палякаў не спыняла. Для іх закон — не закон, паколькі літаральна з пенай ля рота яны і сёння даказваюць, што нарматыўныя прававыя акты прыродаахоўнай накіраванасці не распаўсюджваліся на будаўніцтва гэтай загароды.
Затое боль нашых навукоўцаў-біёлагаў проста крычыць. Яны яшчэ падчас праектавання не проста папярэджвалі аб страшных наступствах будаўніцтва гэтага жалезабетоннага монстра-плота на граніцы Польшчы і Беларусі, а літаральна білі ў набат.
Але калі гэта спадчына ЮНЕСКА, то хто, як не яны самі, павінен даць ацэнку такім дзеянням? І далі. ЮНЕСКА ўбачыла і рэальна ўсвядоміла маштаб трагедыі, акрамя таго, прыняла рашэнне аб накіраванні маніторынгавай групы. Яшчэ летась такая група працавала. Не лішнім будзе заўважыць, што наша Мінпрыроды запрашала і польскі бок паўдзельнічаць у працы місіі на нашай тэрыторыі, і мы былі гатовыя выехаць на польскі бок Белавежскай пушчы. Аднак палякі не адгукнуліся. А навошта? Бо агароджу яны не знясуць, паколькі каманды няма і наўрад ці будзе, не для таго яе ставілі за «касмічныя» сродкі, а гэта больш чым 370 мільёнаў долараў, каб зносіць.
Але, акрамя нанесенай шкоды экалогіі, не будзем забываць аб людзях, якія гінуць побач з гэтай агароджай. Як паказваюць шматлікія відэазапісы, яна зусім не стала для іх перашкодай: мігранты за лічаныя хвіліны пераадольваюць яе з дапамогай няхітрых інструментаў, а то і без іх. Некаторым шанцуе, некаторых ловяць польскія «загранатрады», якія збіваюць, калечаць няшчасных людзей і выкідваюць іх паміраць на нашу тэрыторыю. З моманту ўзвядзення агароджы, а гэта 2021 год, знявечаныя целы амаль трох дзясяткаў мігрантаў знайшлі нашы пагранічнікі.
Калі ўзведзены за шматмільённыя сродкі плот фактычна не выконвае свае ахоўныя функцыі, узнікае простае, але слушнае пытанне: навошта? Навошта губіць прыроду? Навошта здзекавацца з людзей? А адказ просты. Страх — галоўная перашкода, а палякі ўжо не ведаюць, як з гэтага тупіка выйсці.
А для нас усё проста: якая ні была б перашкода, заўсёды знойдзецца спосаб яе пераадолець, бо Беларусь платы не ставіць, граніцы не закрывае, і душа ў нас заўсёды адкрытая. Толькі з мірам прыходзьце.
Ірына ДАЎГАЛА, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі