Ахова здароўя чалавека — гэта аснова дзяржаўнай палітыкі нашай краіны. У Асноўным Законе Рэспублікі Беларусь адлюстравана, што грамадзянам нашай краіны гарантаваная ахова здароўя. Але адказнасць ляжыць не толькі на дзяржаве, але і асабіста на кожным з нас. Спецыялісты нагадваюць: у Беларусі ўзяты курс на прэвентыўную медыцыну. Гэта значыць, лепш прадухіліць хваробу і захаваць здароўе, чым пачынаць лячэнне з узнікненнем першых сімптомаў. Дзейсным сродкам у гэтым кірунку становяцца прышчэпкі — аб іх рэальнай карысці расказвае спецыяліст.
Эфектыўны сродак прафілактыкі
Як адзначыў загадчык аддзялення імунапрафілактыкі аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кірыл ІГНАТАЎ, вакцына — адзін з самых магутных інструментаў у грамадскай ахове здароўя.
«За апошнія 50 гадоў вакцыны выратавалі больш за 150 мільёнаў жыццяў ва ўсім свеце, — удакладніў спецыяліст. — Распрацаваныя або тыя новыя вакцыны, якія яшчэ распрацоўваюцца ў бягучы момант, супраць малярыі, інфекцыі, выкліканай вірусам папіломы чалавека, халеры, ліхаманкі дэнге, менінгіту, воспы малпаў ратуюць яшчэ больш жыццяў на кожным этапе сваёй распрацоўкі, укаранення і прымянення пры лакалізацыі і ліквідацыі ачагоў дадзеных захворванняў».
Сітуацыю па інфекцыйных захворваннях насельніцтва Беларусі, якія можна папярэдзіць сродкамі спецыфічнай прафілактыкі, Кірыл Ігнатаў ацаніў як кантралюемую.
«На працягу шэрагу гадоў у нашай краіне не рэгістравалі выпадкі дыфтэрыі, краснухі, слупняку. Аднак рэгістраваліся выпадкі адру, як у мінулым-пазамінулым, так і ў пачатку гэтага года, але, што характэрна, дадзеная сітуацыя была пад кантролем як Міністэрства аховы здароўя, так і ўсіх арганізацый аховы здароўя краіны. У мінулым годзе захворванне на адзёр было ў 12 разоў ніжэй, чым у 2024-м. Летась з усіх выпадкаў захворвання каля 50 % прыпадалі на завозныя і паходзілі ў асноўным з трох дзяржаў — Расійскай Федэрацыі, Каралеўства Тайланд, Рэспублікі Куба».
Па даных за мінулы год, да захворвання было схільнае дарослае насельніцтва, адзначыў спецыяліст. Ключавая група актыўнасці эпідэміялагічнага працэсу — асобы
ва ўзросце ад 30 да 49 гадоў. Яны — палова ад усіх тых, хто захварэў. Пры гэтым важна адзначыць, што каля 50 % ад захварэлых не мелі ў медыцынскай дакументацыі звестак аб праведзеных прафілактычных прышчэпках супраць адру альбо аб наяўнасці ахоўнага тытру антыцелаў да дадзенай інфекцыі.
Летась гэта захворванне рэгістравалася ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны, а ў пачатку гэтага года — толькі ў 4 рэгіёнах: у Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях. На долю завозных выпадкаў сёлета прыйшлося каля 16 %.
Як і летась, каля паловы з тых, хто захварэў у гэтым годзе, не мелі ў медыцынскай дакументацыі звестак аб праведзеных прафілактычных прышчэпках супраць адру. Гэта яшчэ раз пацвярджае: вакцынацыя з’яўляецца адным з найбольш эфектыўных сродкаў прафілактыкі інфекцыйных захворванняў.
Сістэма аховы здароўя Беларусі гатовая да любых выклікаў
Як вядома, у любой краіне свету існуе рызыка завозу інфекцыйных захворванняў — і тых, якія ўяўляюць надзвычайную сітуацыю ў галіне грамадскай аховы здароўя, і іншых інфекцыйных захворванняў накшталт вышэйзгаданага адру.
Усе тыя вакцыны, якія ўнесеныя ў Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак Рэспублікі Беларусь, з’яўляюцца важнымі, абгрунтаванымі і спрыяюць абароне насельніцтва ад інфекцыйных захворванняў як унутры нашай краіны, так і пры выездзе за яе межы ў службовыя камандзіроўкі альбо з мэтай адпачынку.
Кірыл Ігнатаў запэўніў: «Наша сістэма аховы здароўя гатовая да любых выклікаў. Гэта пацвярджаецца і правядзеннем вучэнняў, у тым ліку міжнародных, па лакалізацыі і ліквідацыі выпадкаў выяўлення, завозу і распаўсюджвання інфекцыйных захворванняў, якія ўяўляюць надзвычайную небяспеку. Факт завозу захворванняў выключаць нельга з прычыны высокай міграцыі насельніцтва, у тым ліку з мэтай адпачынку».
Як даведацца, якія прышчэпкі трэба зрабіць перад паездкай за мяжу?
Спецыяліст нагадаў, што існуе пералік краін, пры ўездзе ў якія рэкамендуецца вакцынацыя ад той ці іншай інфекцыі. У прыватнасці, адно з асноўных такіх захворванняў — жоўтая ліхаманка. Гэты пералік рэгулярна абнаўляецца як на сайце Рэспубліканскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі грамадскага здароўя, так і на сайце Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ