Top.Mail.Ru

За апошнія 50 гадоў вакцыны ад розных захворванняў выратавалі звыш 150 мільёнаў жыццяў ва ўсім свеце

Прафілактыка — справа важная


Ахова здароўя чалавека — гэта аснова дзяржаўнай палітыкі нашай краіны. У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь адлюстравана, што грамадзянам гарантавана ахова здароўя. Аднак адказнасць за яго ляжыць не толькі на дзяржаве, але і асабіста на кожным з нас. Спецыялісты нагадваюць: у Беларусі ўзяты курс на прэвентыўную медыцыну. Гэта значыць, лепш прадухіліць хваробу і захаваць здароўе, чым пачынаць лячэнне з узнікненнем першых сімптомаў. Дзейсным сродкам у гэтым кірунку становяцца прышчэпкі — аб іх рэальнай карысці расказвае спецыяліст. 

Эфектыўны сродак прафілактыкі

Як адзначыў загадчык аддзялення імунапрафілактыкі аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кірыл ІГНАТАЎ, вакцына — адзін з самых магутных інструментаў у грамадскай ахове здароўя. 


«За апошнія 50 гадоў вакцыны выратавалі больш за 150 мільёнаў жыццяў ва ўсім свеце, — удакладніў спецыяліст. — Распрацаваныя або тыя новыя вакцыны, якія яшчэ распрацоўваюцца ў бягучы момант, супраць малярыі, інфекцыі, выкліканай вірусам папіломы чалавека, халеры, ліхаманкі дэнге, менінгіту, воспы малпаў ратуюць яшчэ больш жыццяў на кожным этапе сваёй распрацоўкі, укаранення і прымянення пры лакалізацыі і ліквідацыі ачагоў дадзеных захворванняў».

Сітуацыю па захваральнасці насельніцтва Беларусі на інфекцыі, якія можна папярэдзіць сродкамі спецыфічнай прафілактыкі, ён ацаніў як кантраляваную.


«На працягу шэрагу гадоў у краіне не рэгістраваліся выпадкі дыфтэрыі, краснухі, слупняку. Але рэгістраваліся выпадкі адру, як у мінулым-пазамінулым, так і ў пачатку бягучага года. Аднак, што характэрна, дадзеная сітуацыя была пад кантролем як Міністэрства аховы здароўя, так і ўсіх арганізацый аховы здароўя краіны. У мінулым годзе захваральнасць на адзёр была ў 12 разоў ніжэй, чым аналагічная на 2024 год. Летась з усіх выпадкаў захваральнасці каля 50 % прыпадалі на завозныя. Асноўны завоз паходзіў з трох дзяржаў — Расійская Федэрацыя, Каралеўства Тайланд, Рэспубліка Куба».

Па даным на 2025 год, да захворвання было схільнае дарослае насельніцтва, адзначыў спецыяліст. Ключавая група актыўнасці эпідэміялагічнага працэсу — група асоб ва ўзросце ад 30 да 49 гадоў. Яны — палова ад усіх тых, хто захварэў. Пры гэтым важна адзначыць, што каля 50 % ад захварэлых на мінулы год не мелі ў медыцынскай дакументацыі звестак аб праведзеных прафілактычных прышчэпках супраць адру альбо аб наяўнасці ахоўнага цітра антыцелаў да дадзенай інфекцыі. 

Летась гэта захворванне рэгістравалася ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны, а ў пачатку бягучага года — толькі ў 4 рэгіёнах: Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях. На долю завозных выпадкаў сёлета прыпала каля 16 %.

Як і ў 2025-м, каля паловы з тых, хто захварэў сёлета, не мелі медыцынскай дакументацыі звестак аб праведзеных прафілактычных прышчэпках супраць адру. Гэта яшчэ раз пацвярджае: вакцынацыя з’яўляецца адным з найбольш эфектыўных сродкаў прафілактыкі інфекцыйных захворванняў. 

Сістэма аховы здароўя Беларусі гатовая да любых выклікаў

Як вядома, у любой краіне свету існуе рызыка завозу інфекцыйных захворванняў — і тых, якія ўяўляюць надзвычайную сітуацыю ў галіне грамадскай аховы здароўя, і іншых інфекцыйных захворванняў кшталту вышэйзгаданага адру.


Усе тыя вакцыны, якія ўнесены ў Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак Рэспублікі Беларусь, з’яўляюцца важнымі, абгрунтаванымі і спрыяюць абароне насельніцтва ад інфекцыйных захворванняў як унутры краіны, так і пры выездзе за яе межы ў службовыя камандзіроўкі альбо з мэтай адпачынку.

Кірыл Ігнатаў запэўніў: «Наша сістэма аховы здароўя гатовая да любых выклікаў. Гэта пацвярджаецца і правядзеннем вучэнняў, у тым ліку міжнародных, па лакалізацыі і ліквідацыі выпадкаў выяўлення, завозу і распаўсюджвання інфекцыйных захворванняў, якія нясуць надзвычайную небяспеку. Факт завозу захворванняў выключаць нельга з прычыны высокай міграцыі насельніцтва, у тым ліку з мэтай адпачынку».

Як даведацца, якія прышчэпкі трэба зрабіць перад паездкай за мяжу?

Спецыяліст нагадаў, што існуе пералік краін, пры ўездзе ў якія рэкамендуецца вакцынацыя ад той ці іншай інфекцыі. У прыватнасці, адно з асноўных такіх захворванняў — жоўтая ліхаманка. Гэты пералік рэгулярна абнаўляецца як на сайце Рэспубліканскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі грамадскага здароўя, так і на сайце Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Яна ВАЛАСАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю