Top.Mail.Ru

За апошняе дзесяцігоддзе айчынная ўралогія зрабіла значны прарыў

Ад дыягностыкі да рэабілітацыі

У лячэнні хвароб нырак і мочавыводзячых шляхоў у Беларусі актыўна выкарыстоўваюцца сучасныя падыходы і тэхналагічныя рашэнні. Журналістам, сярод якіх былі і карэспандэнты «Звязды», выпала магчымасць пераканацца ў гэтым падчас прэс-туру ў мінскую 4-ю гарадскую клінічную бальніцу імя М. Я. Саўчанкі. За сем месяцаў гэтага года тут было выканана больш за 12,8 тысячы аперацый, у тым ліку каля 5 тысячуралагічных. Пры гэтым практычна 30 % — складаныя і высокатэхналагічныя аперацыі.

Малаінвазіўныя альтэрнатывы

У гэтай медыцынскай установе выбудавалі дакладны маршрут лячэння пацыентаў — ад дыягностыкі да рэабілітацыі. Уралагічную дапамогу тут аказваюць тры аддзяленні. Новы корпус таксама дадаткова змяшчае нефралагічныя і рэанімацыйныя месцы.

Галоўны ўрач бальніцы Уладзімір СІРЭНКА адзначыў, што яшчэ гадоў 15 таму большасць уралагічных захворванняў, уключаючы мочакаменную хваробу і хваробы прастаты, лячыліся адкрытымі метадамі:

— Гэта адкрытыя аперацыі з разрэзам, класічным швом і са знаходжаннем пацыента не менш як 12–14 дзён у стацыянары. Сёння практычна ўсе гэтыя метады заменены альтэрнатыўнымі малаінвазіўнымі. Цяпер не трэба рабіць вялікі разрэз — дастаткова трох праколаў. Гэта дазваляе нам лячыць пацыентаў у больш кароткі тэрмін. У сярэднім іх знаходжанне ў стацыянары скарачаецца да 4–7 дзён. Дзякуючы новым метадам аперыравання зніжаюцца рызыкі інфекцыйных ускладненняў з прычыны адкрытай ранавай паверхні ці класічнага шва.

Напэўна, параўноўваць адкрыты метад умяшання і лапараскапічны па працягласці не вельмі карэктна. Ёсць аперацыі складаныя, як адкрытыя, так і відэаасісціраваныя, да якіх адносіцца лапараскапічны метад. Працягласць аперацыі залежыць ад вопыту хірурга, самой сітуацыі і аператыўнай дапамогі. Значна больш важна, колькі прааперыраваны пацыент будзе знаходзіцца далей у стацыянары і наколькі ён будзе мабільны ў пасляаперацыйным перыядзе. Пасля адкрытага ўмяшання яму будзе моцна балець і адчувацца абмежаванне ў рухомасці. Пасля лапараскапіі ён на наступны дзень ужо спакойна зможа ўставаць, хадзіць, есці і праз суткі-двое знаходзіцца на амбулаторным лячэнні.

Той жа прынцып працуе пры пухлінах і гнойных працэсах: малаінвазіўныя ўмяшанні дазваляюць хутка стабілізаваць стан і вярнуць пацыента да актыўнасці.

Істотна змяніліся і рэканструкцыйныя аперацыі органаў малога таза. Калі раней пры нетрыманні мачы ў жанчын выконвалі маштабную адкрытую аперацыю Бёрча, то цяпер выкарыстоўваюць слінгавыя методыкі, сеткаватыя імпланты або лапараскапічны варыянт той жа аперацыі. Гэта не толькі зніжае траўматычнасць, але і вырашае важную сацыяльную задачу — дапамагае жанчыне хутчэй вярнуцца да нармальнага жыцця.

Паказчыкі гавораць самі за сябе

Тое, што айчынная ўралогія зрабіла значны прарыў, пацвярджае і загадчык аперацыйнага ўралагічнага аддзялення бальніцы Валерый ЛЕЛЮК:

— Калі дзесяць гадоў таму колькасць адкрытых аперацый на нырках па прычынах захворванняў, анамалій, мочакаменнай хваробы або траўм складала ад 17 да 30 % у год, то цяпер гэтая лічба ніжэй за 1,5 %.

У сувязі з тым, што 46 % пацыентаў паступаюць у бальніцу па неадкладнай дапамозе, выбудоўваць планавую работу даволі складана.

— Нядаўна паступіла пацыентка з каралападобным каменем, які займаў практычна ўсю поласцевую сістэму, — прывёў прыклад Валерый Лелюк. — Сітуацыю ўскладнялі залішняя маса цела, выражаны дыскамфорт і ўжо распачатыя ўскладненні — камень рос даўно, парушаў адток мачы і падтрымліваў запаленне.

Выканаць аперацыю адразу было немагчыма — стан пацыенткі патрабаваў падрыхтоўкі. Ёй устанавілі нефрастому, каб адвесці мачу і разгрузіць нырку, стабілізавалі паказчыкі, знялі інфекцыйны працэс. І толькі пасля гэтага стала магчымым перайсці да асноўнага этапу. Камень раздрабнілі лазерам, поласць саніравалі, аднавілі праходнасць, а для бяспечнага адтоку мачы на некалькі дзён устанавілі дрэнаж. Пры ўважлівым назіранні і выкананні рэкамендацый пацыентка мае ўсе шанцы больш не вяртацца да падобных праблем.

— У сувязі з вялікай загрузкай адразу прыняць усіх пацыентаў, якія да нас звяртаюцца, немагчыма. Аднак мы стараемся максімальна забяспечыць усіх патрэбнай уралагічнай дапамогай, — запэўніў Валерый Лелюк. — На сённяшні дзень у нашым уралагічным аддзяленні сем аперацыйных, з іх чатыры — рэнтгенаўскія, гібрыдныя.

У кожнай з гібрыдных аперацыйных праводзіцца па 6–7 аперацый у суткі. Гэта тое, да чаго сёння прыйшла айчынная ўралогія, канстатаваў загадчык аддзялення:

— Магу з гонарам адзначыць, што ў пачатку жніўня мы першымі ў краіне ўвялі ў строй новы лазерны комплекс — 80-ватны лазер Raykeen, які ўжо паказвае сябе з лепшага боку.

«Мяне тут паставіліна ногі»

Мінчаніну Уладзіміру СІДОРЧЫКУ ў 4-й гарадской клінічнай бальніцы зрабілі ўвогуле чатыры аперацыі. Мужчына паступіў у адно з уралагічных аддзяленняў з невыносным болем у жываце — такім, што нават лекі не дапамагалі.

— Можаце сабе ўявіць — у нырцы аказаўся камень памерам каля 6 сантыметраў! 

З дапамогай лазера яго раздрабілі, усё там пачысцілі, за што я вельмі ўдзячны ўсім медыцынскім работнікам. Мяне тут паставілі на ногі, — са слязамі на вачах падзяліўся 67-гадовы пацыент.

Дарэчы, аб тым, што ў яго нырках ёсць камяні, ён да прыступу наогул не ведаў:

— Нават не адчуваў іх. А калі проста папрацаваў на дачы, раптам узнік неверагодны боль. Аказалася, што ў мяне вось такая бяда. І як толькі прывезлі ў бальніцу — адразу на аперацыйны стол.

Працягваць лячэнне мужчына цяпер будзе дома. Пакідаючы бальнічныя сцены, мы ўбачылі, як шчаслівага і, што самае важнае, здаровага Уладзіміра Антонавіча сустракала і забірала дадому яго сям’я.

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю