Top.Mail.Ru
232

За час уборачнай кампаніі прафсаюзы ўзнагародзілі больш за 13,8 тысячы аграрыяў

У час уборачнай кампаніі разам з пастаянным кантролем пытанняў аховы працы, дапамогай у стварэнні бяспечных і камфортных умоў, вялікую ўвагу прафсаюзы традыцыйна ўдзяляюць ушанаванню найлепшых прадстаўнікоў сельскагаспадарчай галіны. Гэта не толькі знак павагі, падзяка работнікам за іх адказнае стаўленне да сваёй справы, але і стымул, у тым ліку для моладзі, працаваць якасна, дасягаць значных вынікаў.



Як адзначыў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько, нягледзячы на вельмі няпростыя ўмовы надвор’я, у краіне сабраны рэкордны ўраджай. Гэта стала магчымым дзякуючы каардынаванай рабоце ўсіх сфер і той дальнабачнай палітыкі, якая праводзіцца ў краіне.

— Гэта вынік не толькі сённяшняга дня, а ў цэлым 30-гадовая работа дзяржавы, нашага Прэзідэнта. Вядома, на перадавой уборачнай кампаніі — нашы аграрыі. Але ў цэлым свой уклад унеслі прадстаўнікі ўсіх сфер: навукі, якая распрацоўвае новыя сарты прадукцыі, машынабудавання, якое выпускае для сельскай гаспадаркі неабходную тэхніку, адукацыі, якая забяспечвае краіну кваліфікаванымі кадрамі і гэтак далей, — падкрэсліў Юрый Сянько.

Яшчэ напярэдадні ўборачнай кампаніі прафсаюзы на месцах сумесна з наймальнікамі правялі агульныя сходы для работнікаў па пытаннях аплаты працы, прэміравання, арганізацыі працоўных спаборніцтваў, каб кожны ўдзельнік жніва ведаў, на якіх умовах будзе працаваць і на што можа разлічваць. Непасрэдна падчас жніва ў многіх арганізацыях былі створаны спецыяльныя стэнды з інфармацыяй аб перадавіках, а ў асобных арганізацыях аграпрамысловага комплексу нават устаноўлены спецыяльныя флагштокі з размяшчэннем інфармацыі: «Сёння флаг узняты ў гонар...». Вынікі працы на такіх стэндах абнаўляліся штодня.

Пасля завяршэння ўборкі ўраджаю ў ФПБ падвялі вынікі ўдзельнікаў жніва. Так, 1000 і больш тон намалацілі 3348 экіпажаў, 2000 тон і больш — 746 экіпажаў, 3000 тон — 93 экіпажы, 4000 і больш — 13 экіпажаў, больш за 5000 тон — 7 экіпажаў, адзін з механізатараў стаў абсалютным чэмпіёнам года з вынікам звыш 8000 тон.

Кожны з перадавікоў адзначаны тымі ці іншымі ўзнагародамі ад прафсаюзаў. Усяго ж за час уборачнай кампаніі прафсаюзы ўзнагародзілі больш за 13,8 тысячы аграрыяў. Гэта не толькі камбайнеры і вадзіцелі, якія былі задзейнічаны на ўборцы ўраджаю, але і машыністы зернесушыльных комплексаў, рабочыя паляводства, повары і іншыя работнікі і спецыялісты гаспадарак. Дарэчы, летась прафсаюзамі адзначаны больш за 8,4 тысячы прадстаўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю