Top.Mail.Ru

За два дні ў Цэнтр грамадскага назірання за выбарамі паступіла 132 звароты

У Цэнтры грамадскага назірання за выбарамі расказалі аб тэматыцы заўваг, прапаноў і скаргаў, якія паступаюць ад грамадзян


— За два дні да нас паступілі 132 звароты. У абсалютнай большасці з іх людзям патрабавалася кансультацыя ці ўдакладненне той ці іншай інфармацыі. Але ў шэрагу выпадкаў паступалі таксама і заўвагі, прапановы і скаргі. Па выніках вывучэння кожнага такога выпадку толькі двойчы заўвагі выбаршчыкаў сапраўды пацвердзіліся і былі аб’ектыўнымі.

Напрыклад, адзін з выбаршчыкаў выказаў нараканне на тое, што яго няма ў спісах для галасавання на ўчастку па месцы рэгістрацыі і пражывання.

— Спецыяліст цэнтра аператыўна звязаўся з назіральнікам, які ў гэты час працаваў на ўчастку. Той пацвердзіў: сітуацыя сапраўды мела месца, але вельмі хутка вырашылася. Па прад’яўленні пашпарта мужчыну ўключылі ў спісы, і ён змог без праблем прагаласаваць. Таксама старшыня камісіі папрасіў прабачэння ў грамадзяніна за гэтую тэхнічную памылку.

Што тычыцца іншых выпадкаў, то былі асобныя звароты наконт таго, што ў кагосьці не было запрашэння на выбары.

Аб’ектыўна пацвердзіць, па якой прычыне грамадзянін не атрымаў запрашэнне, складана. Тым не менш праз назіральнікаў гэтую інфармацыю мы перадаем у камісіі для вывучэння пытання, а заяўнікам з дапамогай спецыяльнага сэрвісу на сайце ЦВК падказваем адрас для галасавання, — расказалі ў Цэнтры грамадскага назірання за выбарамі. — Іншыя звароты, у якіх грамадзяне выказвалі заўвагі ці скаргі, па факце ці не пацвердзіліся, ці былі чыста суб’ектыўнага характару. Напрыклад, адна грамадзянка выказвала незадаволенасць, што нельга прагаласаваць ан-лайн. Таксама былі выпадкі, калі заяўнікі звярталіся ў цэнтр са скаргай, маўляў, не змаглі прагаласаваць не па месцы рэгістрацыі, але па факце аказвалася, што ніякіх дакументаў, якія пацвярджаюць месца пражывання гэтых грамадзян, не было. Былі і асобныя званкі наконт размяшчэння ўчасткаў, маўляў, раней участак быў бліжэй. Але гэта таксама суб’ектыўнае меркаванне.

Праца «гарачай лініі» Цэнтра грамадскага назірання за выбарамі працягваецца. Задаць сваё пытанне аб ходзе выбарчай кампаніі, парадку галасавання, паведаміць аб спрэчнай сітуацыі можна па тэлефоне +375 17 371 07 76 (час працы ў перыяд датэрміновага галасавання — з 12.00 да 19.00, у асноўны дзень галасавання — з 8.00 да 20.00).

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю